Буйная драпежная птушка даўжынёй 55-58 см, з размахам крылаў 145—170 см. Доўгія крылы характэрна выгнутыя ў раёне запясцевага сустава. Пёры верхняга боку цела бурага колеру; цемя, патыліца і ніжні бок цела — белыя; ў раёне запясцевага сустава маюцца цёмна-карычневыя плямы, а вакол шыі крапчатыя каралі. Таксама з кожнага бакавога боку маецца бурая палоска, якая праходзіць ад дзюбы праз вочы і шыю. Васковіца і ногі свінцовага колеру, дзюба чорная. Маладыя асобіны амаль не адрозніваюцца ад дарослых птушак, але выглядаюць крыху плямістымі з-за светла-карычневых кончыкаў пёраў на вонкавым боку крылаў і хваста.
У параўнанні з самцамі, самкі скапы на 20 % цяжэйшыя, а размах іх крылаў даўжэйшы на 5-10 %. У Паўночнай Амерыцы маса самцоў вагаецца ў межах 1200—1600 г, маса самак — 1600—2000 г.
Арэал разарваны. Уключае Галарктыку (акрамя поўначы і поўдня). У Еўропе, асабліва захадзе, на вялікіх плошчах скапа вынішчана. У 1950-х гадах рэкаланізавана ў Шатландыі і ў 1984 г. у глыбіні Францыі. Акрамя таго, у арэал уваходзяць Японія, Філіпіны, Інданезія, Меланезія, узбярэжжы Аўстраліі і Аравійскага паўвострава, лакальна сустракаецца ў Афрыцы, Паўночнай Амерыцы. На Беларусі рэдкі пералётны від, вядомы на гнездаванні пераважна ў паўночнай частцы краіны.
Біятопы: рэкі і вялікія вадаёмы з чыстай вадой пасярод старых, звычайна хваёвых лясоў альбо часам нават адзіночных высокіх дрэў; марскія ўзбярэжжы, нават бязводныя пустыні.
Паўднёвыя папуляцыі аселыя, паўночныя — пералётныя. Вельмі рэдка ўзімку сустракаецца ў Паўночнай і Цэнтральнай Еўропе, больш часта — у міжземнаморскіх краінах, Паўночнай Афрыцы, Іраку і ў краінах Персідскага заліва. Галоўныя месцы зімоўкі: Афрыка на поўдзень ад Сахары і ўздоўж Ніла, Паўднёвая Азія, поўдзень Паўночнай Амерыкі і Цэнтральная Амерыка, Антыльскія астравы.
Корміцца ў асноўным рыбай (у т.л. шчупаком, ляшчом, акунём), выпадкова здабывае птушак, унікальны корм — малюскі.
Утварае пастаянныя пары. Гняздо ў паўночнай частцы арэала ладзіць на вяршаліне высокага дрэва (часцей за ўсё сасны або елкі), на вышыні 10-30 м над зямлёй; звычайна на краі групы старых дрэў, якія мяжуюць з маладымі, або высечкі. У міжземнаморскіх краінах гняздзіцца на скалах або скальных узбярэжжах, часам на кустах, зямлі або руінах пабудоў; у Германіі гнёзды вядомы на электрычных слупах у сельгасландшафце. Гняздо колападобнае і плоскае, якое кожны год дабудоўваецца, з сухіх галін і галінак, высцілка — з маленькіх галінак, моху, сухой травы (часта з рэшткамі рыб), шырыня 1-1,5 м, вышыня 50-70 см.
Яйкі звычайна 2-3 (часам 1-4), падоўжныя альбо амаль эліптычныя. Афарбоўка зменлівая; галоўныя тыпы: белавата-ружовыя, белавата-блакітныя, белавата-жаўтаватыя, светла-іржавыя. Мазкі ржавыя альбо іржава-бурыя (глыбокія больш светлыя), часам папяліста-фіялетавыя (глыбокія) і фіялетава-ржавыя (паверхневыя). Памеры: 63,5 х 45,5 мм[1].
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — ISBN 5-85700-095-5