Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх (Быкаўшчына)
Сядзібна-паркавы ансамбль | |
Сядзіба Козел-Паклеўскіх | |
---|---|
55°26′11″ пн. ш. 28°24′19″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Быкаўшчына |
Заснавальнік | Альфонс Козел-Паклеўскі |
Будаўніцтва | сярэдзіна XIX ст. — пачатак XX ст. |
Будынкі | |
палац • флігель • гаспадарчыя пабудовы • склеп • парк | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000646 |
Стан | добры |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў вёсцы Быкаўшчыне Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Уключае палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі капліцы, фрагменты парку.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы з канца XVIII стагоддзя як спадчыннае ўладанне віцебскай галіны Козел-Паклеўскіх. У 1844 годзе значыцца як уласнасць Ганны Козел-Паклеўскай. У 1845 годзе маёнтак атрымаў у спадчыну Альфонс Козел-Паклеўскі. Да маёнтка адносіліся вёскі Глінскія, Лугавыя, Старухі і Чачэлава[1].
Сядзіба закладзена ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Уключала сядзібны дом, флігель, жылыя дамы, капліцу-пахавальню (пабудавана ў 1900 годзе), гаспадарчыя пабудовы: стайні, пякарню, амбар, кузню, карэтную, ляднік, жывёльны двор. Апошнім уладальнікам сядзібы быў Вікенцій Козел-Паклеўскі, які пакінуў маёнтак падчас польска-савецкай вайны.
У тыя часы маёнтак складаўся з 12 дамоў, кавальні, лядоўні, малочнай. Побач з ёй размяшчаўся дом з 12 пакояў. Пад каменнай прыбудовай — склеп[2].
У 1924 годзе ў сядзібе размясціўся дзіцячы дом[3], які пасля Другой сусветнай вайны быў ператвораны ў Ветрынскую школу-інтэрнат. У 2003 годзе сядзіба была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Палац
[правіць | правіць зыходнік]Драўляны двухпавярховы будынак на каменным падмурку з цаглянай прыбудовай. Мае два ўваходы. Галоўны ўваход вылучаны 4-калонным порцікам з шырокім балконам, які ў 2-й палове XX стагоддзя заменены верандай. Выкарыстоўваецца як жылы дом.
Паводле архіўнага дакумента 1926 года, у палацы было 20 пакояў, 19 дзвярэй, 50 вокнаў, 7 печаў. Падлога паркетная, дах крыты жалезам. Памер будынка — 33×25×12 аршын[2].
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Вакол палаца размяшчаўся парк. У аснове яго планіроўкі была складаная водная сістэма — некалькі сажалак, злучаных каналамі і арачнымі масткамі (захаваліся фрагменты). У адной з іх жылі лебедзі. Перад домам была разбіта клумба, на якой раслі акацыя жоўтая, шыпшына, бэз звычайны. Да палаца вяла ліпавая алея. Асобная дарога ішла да гаспадарчых пабудоў, якія знаходзіліся з усходняга боку. У садах, якіх на тэрыторыі сядзібы было тры, раслі яблыні, грушы, вішні і іншыя дрэвы[4]. Захаваліся адзінкавыя пасадкі ясеня, вяза, дуба.
Капліца-пахавальня
[правіць | правіць зыходнік]У 1893 годзе Анжэліка Козел-Паклеўская, удава Альфонса Фаміча Козел-Паклеўскага, прасіла ў віцебскага губернатара дазвол на пабудову капліцы-пахавальні, але ёй было адмоўлена. У 1894 годзе яна зноў звярнулася з гэтай просьбай да губернатара і атрымала дазвол з умовай, што набажэнствы ў капліцы адбывацца не будуць[1].
У 1900 годзе сын Альфонса Козел-Паклеўскага скончыў узвядзенне храма і падаў хадайніцтва да губернатара аб дазволе правядзення ў ёй памінальных абрадаў. Гэтаму запярэчыў полацкі епіскап Ціхан, які заявіў: «… капліца размешчана [ў краі з] суцэльным праваслаўным насельніцтвам, якое было ўз’яднана з уніі і не дастаткова яшчэ адужэла ў праваслаўі. Гэта дае падставу меркаваць, што капліца з часам будзе выкарыстоўвацца для сталага здзяйснення набажэнстваў… і можа мець шкодны ўплыў для праваслаўя… мяркую, што хадайніцтва Козел-Паклеўскіх не можа падлягаць задавальненню».
Нягледзячы на гэта, губернатар дазволіў сям’і карыстацца капліцай пры ўмове, што яе не будуць наведваць мясцовыя праваслаўныя сяляне.
Неагатычная спачывальня была разлічана на 50 месцаў (7х7 сажаняў унутры). Пад капліцай знаходзіўся склеп на 36 месцаў для памерлых. Вышыня храма дасягала 20 аршын, даўжыня — 15 аршын і 4 вяршкі, шырыня — 17 аршын.
Храм быў разабраны ў 1930-х гадах пры будаўніцтве школы. Парэшткі людзей, што знаходзіліся ў склепе, перапахавалі на мясцовых могілках. Частка склепа памерамі 15х15 м захавалася і да нядаўняга часу выкарыстоўвалася як склад гаруча-змазачных матэрыялаў[5].
Зноскі
- ↑ а б Таццяна Мацюшонак. Быкаўскія Козел-Паклеўскія Архівавана 12 красавіка 2016.. // «Культура» № 21 (787) 26 мая 2007 — 1 чэрвеня 2007 г. (бел.)
- ↑ а б Карасёў В. Р. Спадчына. Козел-Паклеўскія і Быкаўшчына. // Полацкі музейны штогоднік: (зборнік навуковых артыкулаў за 2011 г.). — Полацк: НПГКМЗ, 2012. — 468 с.: іл.
- ↑ Віталь Сямашка. Быкаўшчына: «Наша аўтаномная рэспубліка». — Радыё Свабода, 11 траўня 2007. (бел.)
- ↑ Сядзіба Козел-Паклеўскіх. — Віцебская абласная бібліятэка, 4 ліпеня 2019. (бел.)
- ↑ Карасёў В. «Мая любоў — Ветрына». — Полацк, 2004 г. Паводле кс. Віктара Місевіча, пробашча парафіі благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча ў Ветрыне.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Андилевко, А. А. Быковщинская усадьба / А. А. Андилевко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 1. — С. 114.
- Андзілеўка, Г. А. Быкаўшчынская сядзіба / Г. А. Андзілеўка // Культура Беларусі : энцыклапедыя [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. — Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Б-Г. — С. 130—131.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх (Быкаўшчына) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх (Быкаўшчына) на сайце Radzima.org
- Сядзібна-паркавы ансамбль Козел-Паклеўскіх (Быкаўшчына) на сайце «Архіварта»