Перайсці да зместу

Таццяна Аляксандраўна Атрошанка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Таццяна Аляксандраўна Атрошанка
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 17 ліпеня 1976(1976-07-17) (48 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэтка, празаік, кампазітарка, спявачка
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды

Таццяна Аляксандраўна Атрошанка (сцэнічны псеўданім Кіра Трыш; нар. 17 ліпеня 1976, п. Вялікі Мох, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі паэт, празаік, кампазітар, спявачка.

Скончыла сярэднюю школу № 1 г. Буда-Кашалёва. У 1993—1998 гадах вучылася на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Менавіта там быў напісаны першы верш «Маладосць мая», які апублікавала газета «Гомельскі ўніверсітэт». Пасля атрымання дыплома апынулася на Маладзечаншчыне. Працавала ў гімназіі № 10 г. Маладзечна, Маладзечанскім медыцынскім каледжы і Палацы культуры г. Маладзечна.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Купалінка» «Маладзечанскай газеты».

На Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі разам з іншымі беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі (другая ўверсе, 2023 г.)

Вядомая як аўтар-выканаўца Кіра Трыш, яна стала ўладальніцай першай прэміі музычнага тэлеканала RU.TV Беларусь у намінацыі «Лепшае жаночае відэа». Па выніках галасавання яе кліп «Глупая зима» стаў лідарам глядацкіх сімпатый.

Аўтар кнігі паэзіі «Не я…», цыкла песень «Внутри огромного города». Друкавалася ў зборніках: «Тут я бачу свой край: Маладзечаншчына літаратурная», «Міншчына літаратурная», «Будакашалёўшчына літаратурная», «Разам з Радзімай : песні беларускіх кампазітараў і паэтаў», зборніку апавяданняў маладых пісьменнікаў «Кахаць і верыць», вучэбна-метадычным дапаможніку «Музыка в первом классе». З паэзіяй і прозай на старонках газет «Літаратура і мастацтва», «Маладзечанская газета», «Авангард», «Беларуская ніва», «Мінская праўда» і інш., у часопісах «Маладосць» і «Рюкзачок».

У 2023 годзе ў межах III Міжнароднага форума даследчыкаў беларускай казкі, які праводзіўся Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прымала ўдзел у круглым стале «Сучасная літаратурная казка: суадносіны фальклорнай і літаратурнай традыцыі»[1].

Лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» у намінацыі «Песенны жанр» (2013). З’яўляецца лаўрэатам «Песні года Беларусі-2011» (аўтар песні).

  1. Таццяна Барысюк Казка: набыткі і планы // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: РВУ «Звязда», 2023-06-23. — В. 5234. — № 25. — С. 14. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2023.