Саюз пісьменнікаў Беларусі (2005)
Саюз пісьменнікаў Беларусі | |
---|---|
| |
Абрэвіятура | СПБ |
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | Мінск |
Адрас | г. Мінск, вул. Фрунзэ, д. 5 |
Юрыдычны статус | грамадскае аб’яднанне |
Тып арганізацыі | творчая |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | руская |
Кіраўнікі | |
Старшыня | Алесь Карлюкевіч |
1-я намесніца | Алена Стэльмах |
Намеснік | Анатоль Мацвіенка[1] |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 18 лістапада 2005[2] |
Бюджэт | 243,4 мільёны рублёў[3] (2010 год; 81,3 тысячы $[4]) |
Колькасць валанцёраў | ▼530 членаў (2021 год)[5] |
Колькасць членаў | 530 |
Асноўныя асобы | Мікалай Чаргінец, Алесь Карлюкевіч |
Кіроўны орган | Управа |
Даччыныя арганізацыі | часопіс «Полымя», газета «Літаратура і мастацтва» |
Член у | Міжнародная садружнасць пісьменніцкіх саюзаў (Расія) |
Папярэднік | Саюз беларускіх пісьменнікаў |
oo-spb.by (руск.) |
Саюз пісьменнікаў Беларусі (руск.: Союз писателей Беларуси) — творчая арганізацыя беларускіх празаікаў, паэтаў, журналістаў, крытыкаў і іншых дзеячаў літаратуры, якая падтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі. Аб’ядноўвае беларускамоўных і рускамоўных аўтараў. Утвораны ў 2005 годзе каб раскалоць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Адзіны Саюз пісьменнікаў, які існаваў з 1934 года, быў расколаты ў 2005 годзе пры актыўным удзеле Мікалая Чаргінца. Праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі быў створаны на ўстаноўчым сходзе 18 лістапада 2005 года, але пераважная большасць членаў старога Саюза не пайшлі за Чаргінцом[6]. Прычынай для выхаду яны назвалі «палітызацыю СБП, яго барацьбу з уладай, якая суправаджалася шалёнай спекуляцыяй на культуры, праблеме беларускай мовы і г. д., адсутнасць дэмакратычных прынцыпаў»[7].Грамадскасць лічыла адной з прычын стварэння СПБ спробу ўлады разбурыць незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП), які ўладам не ўдалося падпарадкаваць[8].
Паколькі выкарыстанне назвы краіны ў назвах палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі забароненае, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 верасня 2006 года выдаў указ, у якім дазволіў Саюзу пісьменнікаў ужываць у сваёй назве слова «Беларусь»[9]. Гэтым жа ўказам праўладны саюз вызвалены ад аплаты падаткаў на прыбытак і на дададзеную вартасць, а незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў пазбаўлены гэтага права. Таксама незалежны СБП быў пазбаўлены ранейшай дзяржпадтрымкі, і яго вымусілі пакінуць Дом літаратара. Саюзу пісьменнікаў Беларусі былі перададзеныя літаратурныя часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвая газета «Літаратура і мастацтва», заснавальнікам якіх быў СБП[10]. Пры гэтым тыражы газеты «Літаратура і мастацтва» ў 2006—2020 гадах, паводле падлікаў Міхася Скоблы, зменшыліся амаль у 10 разоў[11].
14 жніўня 2020 года, у час пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, Саюз пісьменнікаў Беларусі выдаў заяву, у якой заклікаў бакі да прымірэння[12]. Былі выказаны спадзяванні на каментарыі МУС датычна гвалту супраць пратэстоўцаў, а таксама Саюз заклікаў вызваліць мірных затрыманых[12].
Пасля пачатку палітычных рэпрэсій у саюз пачалі прымаць дзяржаўных прапагандыстаў. Так, у 2022 годзе стала вядома, што членамі саюза ёсць Андрэй Мукавозчык і Людміла Гладкая[13][14]. У гэты ж час у раздзеле афіцыйных заяў Саюза пісьменнікаў Беларусі публікуюцца заявы сяброў саюза супраць «прапаганды пасобнікаў фашыстаў», такіх як Ларыса Геніюш, Францішак Аляхновіч, Наталля Арсеннева. У гэтых жа заявах беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг параўноўваецца з фашысцкім[15]. У 2023 годзе аддзелам секцыі публіцыстыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі прызначаны кіраваць прапагандыст Андрэй Мукавозчык[16].
Старшыні
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалай Чаргінец (8 лютага 2005 — 22 сакавіка 2022);
- Алесь Карлюкевіч (з 22 сакавіка 2022)[17].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]На 2016 год колькасць членаў Саюза складала больш за 600 чалавек[18], аб’яднаных у 6 абласных і Мінскую гарадскую арганізацыі. На 2021 г. колькасць членаў, паводле СПБ, перавысіла 700[19]. Пры СПБ створаныя секцыі прозы, паэзіі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, сатыры і гумару, крытыкі і літаратуразнаўства, драматургіі, перакладу і славянскіх літаратур, краязнаўства, прыгод і фантастыкі[20]. Таксама заяўлялася пра творчыя клубы СПБ, секцыі пры бібліятэках, школах, ВНУ, літаратурную студыю[21]. Сярод членаў СПБ лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных прэмій, у тым ліку Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнікі ордэнаў і медалёў, дактары і кандыдаты навук[18].
Аддзяленні
[правіць | правіць зыходнік]На 2021 год Саюз пісьменнікаў Беларусі налічваў каля 530 членаў у 7 аддзяленнях. На 6 абласных аддзяленняў прыпадала менш за палову членаў (46 %).
- Брэсцкае абласное аддзяленне. Створана 15 снежня 2005 года 13-ю пісьменнікамі. Першым старшынёй быў Анатоль Крэйдзіч. У снежні 2006 года адчынілі сядзібу ў Брэсце па праспекце Машэрава, д. 75, корп. 1. 19 снежня 2016 года старшынёй стала Таццяна Дземідовіч. З 2006 года ладзіць рэспубліканскі фэст рускай паэзіі, у рамках якога праходзіць конкурс маладых паэтаў. На 24 лютага 2021 года налічвала 51 пісьменніка[22].
- Віцебскае абласное аддзяленне. Заснавана 2 снежня 2005 года. Мае сядзібу ў Віцебску па вул. Праўды, д. 18. Уручае літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі штогод і прэмію імя Уладзіміра Караткевіча аднойчы на 5 гадоў (2020 год). Старшынёй з’яўляецца Тамара Гусачэнка. На 2021 год налічвала 46 пісьменніц і пісьменнікаў[23].
- Гродзенскае абласное аддзяленне. Утворана ў снежні 2005 года. Мае сядзібу ў Гродна па Савецкай вул., д. 31. Пасаду старшыні займае Людміла Кебіч. На 13 красавіка 2021 года налічвала 41 члена[24].
- Гомельскае абласное аддзяленне. Створана ў лістападзе 2005 года 13-ю пісьменнікамі. У снежні 2006 года адчынілі сядзібу ў Жыткавічах па вул. К. Маркса, д. 8. У маі 2007 года стварылі сядзібу ў Гомелі па Савецкай вул., д. 126. З 2010 года сталі ладзіць міжнароднае штогадовае свята «Славянскія літаратурныя дажынкі». З 2013 года ладзяць літаратурны конкурс з уручэннем прэміі імя Кірылы Тураўскага. З 4 снежня 2016 года старшынёй з’яўляецца Уладзімір Гаўрыловіч. На 2021 год налічвала 65 пісьменніц і пісьменнікаў, з якіх большасць у Гомелі, а рэшта ў 9 з 21 раёнаў Гомельскай вобласці[25].
- Магілёўскае абласное аддзяленне. Заснавана 14 снежня 2005 года. Першым старшынёй быў Уладзімір Дуктаў. З 2009 года выдае літаратурны альманах «Прыдняпроўе. Магілёўшчына літаратурная». Мае сядзібу ў Магілёве па Першамайскай вул., д. 89. З 2016 года старшынёй з’яўляецца Аляксандр Казека. На 23 кастрычніка 2020 года налічвала 39 пісьменніц і пісьменнікаў[26].
- Мінскае абласное аддзяленне. Створана ў 2006 годзе. Першым старшынёй быў Рыгор Сакалоўскі. У 2011—2016 гадах яго ўзначальваў Алесь Карлюкевіч. У 2017—2022 гадах аддзяленне ўзначальвала Святлана Быкава. З 2022 года старшыня — празаік Леанід Крыванос. На 10 чэрвеня 2021 года налічвала 87 членаў[27]. Сядзіба размяшчаецца ў Мінску па адрасе Плошча Свабоды, д. 13, пак. 1.
- Мінскае гарадское аддзяленне. Утворана 16 снежня 2005 года. Старшынёй стаў Міхась Пазнякоў. Штогод уручае маладым творцам да 30 гадоў прэмію «Адкрыццё года». У 2011 годзе распачалі выпуск кніжных серый «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення СПБ» і «Мінскія маладыя галасы». У 2016 годзе ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы заснавалі Мінскі гарадскі тэатр паэзіі. У 2017 годзе заснавалі літаратурныя прэміі ў намінацыях «Проза», «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура». Месціцца ў Мінску па вул. Фрунзэ, д. 5. На 26 красавіка 2021 года налічвала 288 пісьменніц і пісьменнікаў, што складала звыш паловы ад усіх членаў СПБ (54 %)[28].
У канцы 2023 года ў складзе Саюза пісьменнікаў Беларусі налічвалася болей чым 700 літаратараў[29].
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]Каля 70 % членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі рускамоўныя, частка з іх адмоўна ставіцца да беларускай літаратуры, аддаючы перавагу рускай. Мікалай Чаргінец, які больш за 15 гадоў узначальваў СПБ, прынцыпова не гаварыў па-беларуску[30].
Шэраг вядомых беларускіх творцаў з цягам часу пакінулі прарэжымны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх празаікі Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Валер Гапееў, Анатоль Казлоў, Леанід Левановіч, паэтка Раіса Баравікова і дзіцячая пісьменніца Алена Масла[8][30]. Большасць з іх працавалі ў дзяржаўных літаратурных выданнях і выдавецтвах, і ўдзел у СПБ быў умовай захавання працоўнага месца. Па меры зыходу з працы ў дзяржаўных выданнях і холдынгах яны пакінулі і саюз. Пісьменнікі, якія выйшлі з СПБ, называлі далейшае членства ў Саюзе Чаргінца несумяшчальным са сваімі маральнымі прынцыпамі[8].
Палітолаг Вольф Рубінчык крытыкаваў СПБ за тэндэнцыйна праведзенае даследаванне запатрабаванасці кніг у беларускіх бібліятэках (2019—2021)[31], а таксама за маніпуляванне з нумарацыяй з’езда 22 сакавіка 2022 года (з’езд названы 25-м, нягледзячы на тое, што папярэдні, у 2016 годзе, лічыўся 3-м). Непаслядоўнасць у нумарацыі звязваецца з тым, што ўвосень 2021 года быў фармальна ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў, і ў СПБ вырашылі забраць тое, што «кепска ляжала» — амаль 90-гадовую гісторыю пісьменніцкай арганізацыі. Паводле Вольфа Рубінчыка, паводзіны арганізатараў з’езда ў сакавіку 2022 года можна трактаваць як марадзёрства[32].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ "Кіраўніцтва"(руск.). ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ а б http://unicat.nlb.by/opac/pls/dict.prn_ref?tu=r&tq=v0&name_view=va_all&a001=BY-NLB-ar2870144&strq=l_siz=20
- ↑ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (12 снежня 2011).(недаступная спасылка)
- ↑ Звесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год . Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (12 снежня 2011).
- ↑ Ларыса Цімошык Нашчадкі ды сутворцы. Летапіс пісьменніцкай арганізацыі: удакладніць і працягваць. // Літаратура і мастацтва : газета. — 2 снежня 2016. — № 48. — С. 1, 4.
- ↑ Іна Студзінская. Навошта ствараецца Саюз пісьменьнікаў Саюзнай дзяржавы? . Радыё Свабода (4 снежня 2009). Праверана 27 лютага 2019.
- ↑ Баценкова Н. «Мы опоздали на десять лет» // Рэспубліка. — № 226 (3916). — 2 декабря 2005 Архівавана 26 верасня 2007.
- ↑ а б в Мікола Бугай. Баравікова і Масла выходзяць з лукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў . Наша Ніва (27 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2019. Праверана 27 лютага 2019.
- ↑ Указ Президента Республики Беларусь от 7 сентября 2006 г. №564 «О некоторых вопросах деятельности общественного объединения „Союз писателей Беларуси“ и о внесении изменений и дополнения в отдельные указы Президента Республики Беларусь» (руск.). Валерый Станіслававіч Леванеўскі (27 мая 2010).
- ↑ Саюз беларускіх пісьменнікаў патрабуе спыніць масавы пераслед літаратараў(недаступная спасылка). TUT.BY (4 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2020. Праверана 27 лютага 2019.
- ↑ Скобла М.. Не глядзі, Чаргінец, у чужы гаманец(недаступная спасылка). Народная Воля (16 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2020. Праверана 21 кастрычніка 2020.
- ↑ а б З А Я В Л Е Н И Е Союза писателей Беларуси (руск.). www.oo-spb.by. Праверана 6 лістапада 2023.
- ↑ «Мукавозчык і Гладкая сталі сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі». Таццяна Нядбай — пра пафас і пустэчу афіцыёзу . Наша Ніва. Праверана 8 кастрычніка 2023.
- ↑ Дискуссионный клуб Андрея Муковозчика начал работу (руск.). www.oo-spb.by. Праверана 6 лістапада 2023.
- ↑ Отклики на Заявление Союза писателей Беларуси против реабилитации фашизма и фальсификации истории (руск.). www.oo-spb.by. Праверана 6 лістапада 2023.
- ↑ Пра што распавёў Алесь Карлюкевіч на пашыраным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі? . zviazda.by (25 снежня 2023). Праверана 2 студзеня 2024.
- ↑ Старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі выбраны Аляксандр Карлюкевіч . blr.belta.by (22 сакавіка 2022).
- ↑ а б Яна Явіч Сустрэнемся, пагаворым... напішам! // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 6 студзеня 2016. — В. 4852. — № 1. — С. 3.
- ↑ Гісторыя СПБ
- ↑ Структура СПБ Архівавана 28 верасня 2013.
- ↑ Союз писателей Беларуси в 2006 году познакомил читателей с творчеством 43 новых поэтов
- ↑ "Брэсцкае абласное аддзяленне". ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ "Віцебскае абласное аддзяленне"(руск.). ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ "Гродзенскае абласное аддзяленне". ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ "Гомельскае абласное аддзяленне". ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ "Магілёўскае абласное аддзяленне"(руск.). ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ "Мінскае абласное аддзяленне". ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ "Мінскае гарадское аддзяленне". ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». 24 лютага 2021. Праверана 7 ліпеня 2021.
- ↑ Пра што распавёў Алесь Карлюкевіч на пашыраным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі? (27.12. 2023)
- ↑ а б Міхась Скобла. Раіса Баравікова: Зь мяне зрабілі «ворага народу» . Радыё Свабода (9 жніўня 2013). Праверана 27 лютага 2019.
- ↑ https://belisrael.info/?p=28973
- ↑ https://belisrael.info/?p=30254