Перайсці да зместу

Эквілібрыум

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
ЭквілібрыумM:
англ.: Equilibrium
Жанр баявік, навукова-фантастычны фільм[d], постапакаліптычны фільм[d], псіхалагічны трылер[d] і антыўтапічны фільм[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Dimension Films[d]
Працягласць 107 хв.
Бюджэт 20 000 000 $[3]
Зборы 5 368 217 $[4][5] і 1 203 794 $[6]
Краіна
Мова англійская
Год 2002, 6 снежня 2002[1], 14 сакавіка 2003[1] і 25 красавіка 2003[1]
IMDb ID 0238380
Афіцыйны сайт

«Эквілі́брыум» (англ.: Equilibrium) — амерыканскі антыўтапічны фільм 2002 года, зняты рэжысёрам Куртам Уімерам[en] па ўласным сцэнарыі[7]. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Крысціян Бейл, Эмілі Уотсан, Тэй Дыгз, Ангус Макфадзьен[en], Шон Бін і Уільям Фіхтнер[en].

Фільм апавядае пра свет будучыні, у якім дзеля захавання міру і спакою цалкам забаронены любыя праяўленні пачуццяў, а грамадзяне штодня прымаюць адмысловы прэпарат для іх падаўлення. Джон Прэстан, урадавы агент з бездакорнай рэпутацыяй, які строга адсочвае ўсялякае парушэнне закона аб пачуццёвым злачынстве, аднойчы прапускае дозу прэпарата і сам пачынае зазнаваць пачуцці. Гэтае здарэнне прыводзіць яго да мноства супярэчнасцяў — як з навакольным светам, так і з самім собой.

Прэм’ера фільма адбылася 6 снежня 2002 года ў ЗША[8]. Фільм праваліўся ў пракаце, сабраўшы 5,36 млн долараў пры бюджэце ў 20 млн.[9][10], аднак пасля выхаду на DVD фільм набыў высокую папулярнасць.

Карціна выклікала палярную рэакцыю ў крытыкаў і гледачоў. У той час, як большасць прафесійных аглядальнікаў раскрытыкавалі кінастужку, сярод звычайных гледачоў «Эквілібрыум» атрымаў пераважна высокія ацэнкі і з часам набыў статус культавага фільма[11].

Падзеі фільма адбываюцца ў недалёкай будучыні ў футурыстычным горадзе-дзяржаве Лібрыі. Практычна ўвесь свет ляжыць у руінах пасля Трэцяй сусветнай вайны. Здагадваючыся, што чалавецтва не перажыве Чацвёртую, сусветныя лідары прымаюць рашэнне стварыць бесканфліктнае грамадства. Прычынай усіх канфліктаў улады аб’яўляюць людскія пачуцці, і цяпер любыя матэрыялы, здольныя стымуляваць эмоцыі, — ад твораў мастацтва да незвычайных прадметаў інтэр’еру — пад забаронай. Пры выяўленні, такія матэрыялы павінны неадкладна знішчацца шляхам спалення. Апрача таго, усе грамадзяне Лібрыі павінны рэгулярна рабіць ін’екцыі прэпарата прозіум, які падаўляе эмоцыі.

У Лібрыі пануе таталітарны рэжым, улада ў горадзе належыць Савету Тэтраграматона на чале з лідарам, больш вядомым, як «Правадыр» або «Айцец» (Шон Пертві[en]). Ён жыве затворнікам і не ўзаемадзейнічае ні з кім апрача Савета, але яго выявы трансліруюцца паўсюль у горадзе, ствараючы культ яго асобы. Савет Тэтраграматона імкнецца навязаць аднолькавае жыццё для ўсіх лібрыянцаў і выкарыстоўвае паліцыю дзяржаўнага апарата для забеспячэння адзінства і адпаведнасці. На вяршыні праваахоўчай сістэмы Лібрыі знаходзяцца клерыкі Граматона. Арганізаваныя на падабенства рэлігійнага ордэна, яны вывучаюць смяротнае баявое мастацтва Ган-ката, якое вучыць атакаваць і абараняцца на аснове статыстычна найбольш верагодных пазіцый ворагаў падчас бою. У задачы клерыкаў уваходзіць выяўленне і знішчэнне забароненых матэрыялаў, а таксама затрыманне «пачуццёвых злачынцаў» — людзей, якія адмовіліся ад прыёму прозіума. Гэтыя нязгодныя хаваюцца ў незаселеных пустках за межамі Лібрыі і захоўваюць ад знішчэння ацалелыя творы мастацтва.

Галоўны герой фільма па імені Джон Прэстан (Крысціян Бейл) займае пост клерыка Граматона першага класа. Пасля знішчэння чарговага прыстанішча супраціўленцаў Прэстан заўважае, што яго напарнік Эрал Партрыдж (Шон Бін) узяў сабе кнігу вершаў Ейтса. Ён пачынае падазраваць Партрыджа ў пачуццёвым злачынстве і ў хуткім часе выкрывае яго. Пры спробе затрымання Партрыдж дэманструе сваю гатоўнасць аказаць супраціўленне, і Прэстану прыходзіцца застрэліць яго. Перад смерцю Партрыдж чытае напарніку верш Ейтса, і гэта выводзіць Прэстана з душэўнай раўнавагі. Неўзабаве пасля гэтага Прэстан выпадкова разбівае ампулу з ранішняй дозай прозіума. Ён адпраўляецца за заменай, але ўжо на месцы адмаўляецца ад сваёй задумы.

Прэстану прызначаюць новага напарніка па прозвішчы Брант (Тэй Дыгз). Разам з ім яны адпраўляюцца на затрыманне пачуццёвай злачынкі Мэры О’Браен (Эмілі Уотсан), якая перастала прымаць прэпарат. У яе доме клерык знаходзіць патаемнае памяшканне поўнае забароненых матэрыялаў, і жанчыну арыштоўваюць. Падчас допыту яна выкрывае перад Прэстанам бессэнсоўнасць жыцця, пазбаўленага пачуццяў, і клерык не знаходзіць пераканаўчых довадаў, каб супрацьпаставіць ёй. Перад сном Прэстан ужо свядома вырашае адмовіцца ад дозы, ранкам ён прабуджаецца ў моцным хваляванні і назірае ўзыход сонца праз завесу дажджу. Гэтае відовішча моцна ўражвае Прэстана, і ён вырашае і надалей адмаўляцца ад прэпарата.

Падчас чарговага рэйду ў пустках клерыка пачынае бянтэжыць праліваемая кроў, ён з разгубленасцю глядзіць у вочы паміраючаму побач з ім чалавеку. Гэтым разам, знайшоўшы схованку забароненых матэрыялаў, ён не спяшаецца адразу абвяшчаць пра гэта. Ён з цікавасцю аглядае ўсе сабраныя тут прадметы, спрабуе іх навобмацак. Выпадкова ён уключае музычны праігравальнік, на якім стаіць пласцінка з Дзявятай сімфоніяй Бетховена. Уражаны прыгажосцю музыкі ён раптам пачынае плакаць. Як раней Партрыдж, цяпер Прэстан прысвойвае сабе адну са знойдзеных кніг. Тым часам на заднім двары выяўляюць агароджаны ўчастак з сабакамі. Клерык Брант загадвае застрэліць усіх, але Прэстан ратуе аднаго сабаку, прыкрываючыся патрэбай зрабіць аналіз на інфекцыю. Ноччу ён выязджае на пусткі, каб адпусціць сабаку, але натрапляе на патруль і, абараняючыся, забівае ўсіх.

Прэстан ужо некаторы час не прымае прозіум, хаваючы нявыкарыстаныя ампулы за люстэркам, і яму ўсё цяжэй не выклікаць падазрэнняў. Да таго ж яго пачынаюць адольваць пяшчотныя пачуцці да «пачуццёвай злачынкі» Мэры О’Браен. Даследуючы ўлікі па яе справе, ён выкрадае чырвоную стужку з яе водарам.

Пасля масавага забойства паліцэйскіх на пустках ціск на паўстанцаў узмацняецца. Цяпер іх дазваляецца зніштажаць без суда і следства. Падчас новага рэйду Прэстан сутыкаецца з групай паўстанцаў і спрабуе іх уратаваць. Дзеля гэтага яму зноў прыходзіцца ўчыніць масавае забойства паліцэйскіх. Аднак у рэшце рэшт група паўстанцаў усё адно трапляе ў пастку, і іх расстрэльваюць на месцы.

Прэстан просіць у віцэ-консула дазволу заняцца пошукам Падполля, каб раз і назаўжды зніштожыць яго. Ён даследуе ўлікі па справе свайго былога напарніка і знаходзіць здымак, дзе ён выяўлены разам з Мэры О’Браен. На абароце напісана слова «Свабода». Ён зноў дапытвае О’Браен, але не даведваецца нічога новага. Жанчына робіць замах на яго жыццё, і на імгненне яны аказваюцца ў непасрэднай блізкасці адзін да аднаго. Прэстан абдумвае надпіс на фотаздымку і здагадваецца, што гэта назва бібліятэкі. Ён наведваецца туды і, націснуўшы на ўпраўляючага гэтай установы, выяўляе ўваход у падполле, якое знаходзіцца літаральна пад вуліцамі і дамамі Лібрыі.

Там ён знаёміцца з Юргенам (Уільям Фіхтнер[en]) і іншымі падпольшчыкамі. Аказваецца, што яны ўжо даўно назіраюць за Прэстанам, ведаюць пра яго адмову ад прозіума і пра яго пачуцці да Мэры. Падпольшчыкі просяць Прэстана, каб ён знайшоў спосаб забіць Правадыра. Калі паўстанцы даведаюцца, што кансулат пазбаўлены кіраўніцтва, то адразу ўзарвуць бомбы, закладзеныя пад заводамі па вытворчасці прозіума, а без штодзённай дозы прэпарата чалавечая натура неўзабаве возьме сваё. Клерык згаджаецца дапамагчы. На развітанне Юрген дае параду Прэстану: яму нельга бачыць Мэры перад крэмацыяй. Аднак, Прэстан, не здольны стрымаць свае пачуцці, спрабуе спыніць працэдуру, але не паспявае і становіцца сведкам яе спалення.

Прэстан не вытрымлівае наплыву гора, ён падае на калені і пачынае рыдаць. У гэты момант побач з’яўляецца клерык Брант і арыштоўвае яго. Брант прыводзіць Прэстана да віцэ-консула Дзюпонта, каб абвінаваціць у эмацыянальным злачынстве, аднак Прэстану ўдаецца павярнуць справу так, што вінаватым аказваецца сам Брант. Таго адразу ж арыштоўваюць і адпраўляюць на спаленне. Прэстана адпускаюць, і ён імчыць дадому, каб не даць знайсці ў сябе нявыкарыстаны прозіум, аднак схованка аказваецца ўжо пустой. Да Прэстана падыходзіць яго сын, працягвае яму ягоныя ампулы са сховішча і раскрывае, што ён і яго сястра не прымаюць прэпарат ужо даўно, яшчэ са смерці маці.

Падпольшчыкі разам з Прэстанам прыводзяць у дзеянне план па знішчэнні дыктатарскага рэжыму. Клерык паведамляе, што знайшоў падполле, і перадае яго ўдзельнікаў у рукі правасуддзя. Цяпер, стаўшы героем, што перамог паўстанцаў, ён просіць аб аўдыенцыі ў Айца. Перад аўдыенцыяй у Прэстана забіраюць зброю, а потым абвяшчаюць, што яму прыйдзецца прайсці праверку на паліграфе. Падчас праверкі да Прэстана падыходзіць клерык Брант, а на экране перад ім з’яўляецца сам Айцец і расказвае збянтэжанаму клерыку, што ўсё гэта было часткай яго вялікага плана па ўкараненні свайго чалавека ў падполле. Айцец ведаў пра эмацыянальнае злачынства Прэстана, дапусціў арышт Бранта, каб усыпіць пільнасць Прэстана, дазволіў яму ўвайсці ў падполле і стаць для іх сваім, а потым здаць іх. Потым твар на экране змяняецца, на яго месцы з’яўляецца віцэ-консул Дзюпонт, які тлумачыць, што Айцец даўно памёр, і зараз дзяржавай кіруе ён.

Прэстан пераадольвае сваю збянтэжанасць, у рукаве ў яго аказваецца прыхаваная зброя, і ён распраўляецца са шматлікай аховай. Уварваўшыся ў пакоі Дзюпонта, ён знішчае яго асабістых ахоўнікаў, потым адольвае клерыка Бранта. Урэшце Прэстан уступае ў цяжкі бой са спрактыкаваным байцом Дзюпонтам, адным са стваральнікаў баявога мастацтва «ган-ката». Перамогшы і ў гэтым баі, Прэстан намерваецца забіць тырана. Аднак, Дзюпонт пачынае маліць аб літасці. Ён прызнаецца, што і сам з’яўляецца пачуццёвым злачынцам, спрабуючы сыграць на эмоцыях Прэстана і абудзіць у ім жаль, але той успамінае пра смерць Мэры і забівае Дзюпонта. Затым ён урываецца ў тэлецэнтр і знішчае перадатчыкі тэлеэкранаў, якія кругласуткава вяшчаюць прапаганду.

У Лібрыі пачынаецца рэвалюцыя. У той час, як лідараў супраціўлення вядуць на смяротнае пакаранне, паўстанцы ўзрываюць фабрыкі прозіума, тым самым спыняючы яго вытворчасць, і расстрэльваюць салдатаў Тэтраграматона. У фінальнай сцэне Джон Прэстан стаіць у промнях сонца, трымаючы ў руцэ чырвоную стужку — усё, што засталося ад Мэры. На яго твары блукае ледзь прыкметная ўсмешка…

Акцёрскі склад

[правіць | правіць зыходнік]


   Крысціян Бейл   –   клерык Джон Прэстан
   Эмілі Уотсан   –   Мэры О’Браен
   Тэй Дыгз   –   клерык Эндру Брант
   Ангус Макфадзьен[en]   –   віцэ-консул Дзюпонт
   Шон Бін   –   клерык Эрал Партрыдж
   Шон Пертві[en]   –   Айцец
   Мэцью Харбар   –   Робі Прэстан
   Уільям Фіхтнер[en]   –   Юрген
Алімпійскі стадыён у Берліне, які выяўляе ў фільме ўрадавыя ўстановы Лібрыі.

Здымкі фільма праходзілі з 19 кастрычніка па 10 снежня 2000 года пераважна ў Берліне[12]. Сярод месцаў здымак былі наступныя лакацыі[12]:

Музычнае суправаджэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Музычнае суправаджэнне да фільма напісаў нямецкі кампазітар Клаус Бадэльт[en][13][14].

Назва Працягласць
1. «Logo» 0:15
2. «Prologue» 1:17
3. «Raid On Seamus' Gang» 1:47
4. «Grammaton Clerics Take Over» 0:43
5. «After The Killings / The Paintings Are Detected» 2:08
6. «Father's Message To Libria / Emotional Content» 2:46
7. «Dupont's Admonition / Partridge Is Found Out» 5:05
8. «Partridge Is Shot» 0:27
9. «John Comes Home» 0:20
10. «Preston Remembers His Wife» 0:55
11. «The Last Kiss» 0:57
12. «Morning Interval Dropped» 0:44
13. «The Equilibrium Center» 2:25
14. «Mary Is Busted» 2:02
15. «Mary's Interrogation» 1:02
16. «The Gun Katas» 0:46
17. «Dose Denial» 0:52
18. «Awakening Emotions / Prozium Propaganda» 3:28
19. «Preston Rearranges His Desk» 1:11
20. «Sense Offenders Shootout» 2:09
21. «Listening To The Gramophone» 1:46
22. «Dog Shooting / Signs Of Remorse» 1:48
23. «Doubting Father» 1:01
24. «Mary's Ribbon» 1:30
25. «Preston Observed» 0:28
26. «Preston Fights The Sweeper Squad» 3:02
27. «The Mirror» 1:07
28. «Stick Fight With Cleric Brandt» 2:31
29. «The Crackdown Begins» 0:29
30. «On The Run / The Trap» 2:26
31. «Brandt's Gun» 0:40
32. «Execution / Dupont's Approval» 1:35
33. «Errol And Mary's Secret Revealed» 2:08
34. «Freedom Reading Room» 2:31
35. «The Underground» 1:38
36. «Cleric Preston Summoned» 2:31
37. «Preston Prays» 0:38
38. «Mary And John» 1:04
39. «Viviana / O'Brien Combustion / John Cries» 5:10
40. «Vice-Council Reproach» 1:14
41. «Brandt Convicted» 0:45
42. «Dad's Little Helper» 1:39
43. «Resistance Set-Up / Taking A Test» 2:09
44. «Conspiracy Revelation» 1:47
45. «Preston Strikes Back» 1:37
46. «Fencing Dupont's Bodyguards» 0:46
47. «Brandt's Turn» 0:22
48. «Preston Versus Dupont / Paying The Price» 1:52
49. «Revolution Is Rolling» 2:08
50. «End Credits» 6:30

Выхад і прызнанне

[правіць | правіць зыходнік]

Пракат і зборы

[правіць | правіць зыходнік]

Вытворчы бюджэт фільма склаў 20 мільёнаў долараў. Паколькі студыя «Miramax[en]» не разлічвала на поспех у пракаце, то распрадала правы рэгіянальным пракатчыкам па ўсім свеце і ўжо на гэтым этапе пакрыла бюджэт фільма. Каб пазбегнуць рызыкі страты грошай, студыя значна скараціла выдаткі на рэкламную кампанію фільма, у сувязі з чым карціна была выпушчана толькі ў абмежаваны пракат. Прэм’ера фільма ў ЗША адбылася 6 снежня 2002 года[8], карціна прабыла ў амерыканскім пракаце ўсяго тры тыдні і прынесла 1,19 млн долараў. Міжнародны пракат прынёс карціне яшчэ 4,16 млн долараў[9][10].

Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 33 балы са 100 на аснове 22 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8.4/10[15]. Паводле дадзеных іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 91 рэцэнзента станоўчую ацэнку фільму далі ўсяго 37, што складае 41 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі аднак склаў 81 % на аснове больш чым 250 тысяч галасоў[16]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:

" «Эквілібрыум» — гэта разагрэтая мешаніна з іншых навукова-фантастычных фільмаў.[16] "

Глядацкія ацэнкі на іншых папулярных сайтах, прысвечаных кіно: 3.5/5 на сайце «AllMovie»[17], 3.5/5 на сайце «AlloCiné»[18], 6.5/10 на сайце «FilmAffinity»[19], 7.4/10 на сайце «IMDb»[7], 7.9/10 на сайце «КиноПоиск»[20].

Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 2 намінацыямі на кінапрэміі[21].

  1. а б в Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 30 верасня 2023.
  2. а б в г д е ё ж з і Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  3. https://www.the-numbers.com/movie/Equilibrium#tab=summary
  4. http://www.boxofficemojo.com/movies/?id=Equilibrium.htm
  5. Box Office Mojo — 1999. Праверана 30 верасня 2023.
  6. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 30 верасня 2023.
  7. а б Equilibrium (2002) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  8. а б Equilibrium — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  9. а б Equilibrium (2002) (англ.). Сайт «Box Office Mojo». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  10. а б Equilibrium (2002) (англ.). Сайт «The Numbers[en]». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  11. Tasha Robinson.. Equilibrium (2002) (англ.). Сайт газеты «The A.V. Club» (18 кастрычніка 2010). Праверана 30 чэрвеня 2021.
  12. а б Equilibrium — Filming & Production (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  13. Equilibrium (Original Music From the Motion Picture) – Klaus Badelt (англ.). Сайт «AllMusic». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  14. Klaus Badelt – Equilibrium (Original Music From The Motion Picture) (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  15. Equilibrium (англ.). Сайт «Metacritic». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  16. а б Equilibrium (2002) — Rotten Tomatoes (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  17. Equilibrium (2002) (англ.). Сайт «AllMovie». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  18. Equilibrium - film 2002 - AlloCiné (фр.). Сайт «AlloCiné». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  19. Equilibrium (англ.). Сайт «FilmAffinity». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  20. Эквилибриум (2002) (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 30 чэрвеня 2021.
  21. Equilibrium — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 30 чэрвеня 2021.