Эльханан-Бунім Васерман
Эльханан-Бунім Васерман | |
---|---|
Род дзейнасці | рабін |
Дата нараджэння | 1875[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 ліпеня 1941[3] |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Веравызнанне | іўдаізм |
Дзеці | Simcha Wasserman[d] |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эльханан-Бунім Васерман (1875, Біржай — 1941, Каўнас) — рэлігійны дзеяч, педагог, кіраўнік заснаванай ім ешывы ў Баранавічах.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў 1875 годзе ў гарадку Біржай (Літва). Яго бацькі рав Нафталі-Бейніш і Рохле-Шэйна займаліся гандлем.
Вучыўся ў ешыве ў горадзе Цельшы ў Эліэзера Гардона і Шымона Шкопа, у Валожыне, Брэсце.
У 1899 годзе ажаніўся з дачкой гаона рабі М. Атласа, кіраўніка суда Торы горада Шаўлі (цяпер Літва)[4].
У 1903 годзе разам з Ёэлем Баранчыкам кіраваў ешывай у Мсціславе, у якой і выкладаў на працягу чатырох гадоў.
З 1910 года ў Брэсце выкладаў у ешыве і выконваў абавязкі суддзі. З пачаткам Першай сусветнай вайны жыў у Смалявічах, Магілёве.
У 1918 годзе заснаваў ешыву «Оэль Тора» («Шацёр Торы») у Баранавічах (зараз тут, па вул. Царука, размяшчаецца спартыўная школа).
Пасля 1933 года Васерман стаў духоўным пераемнікам Хафеца Хаіма, духоўнага лідара яўрэйскага руху ў Польшы і Расіі і аднаго з лідараў Сусветнай канфедэрацыі харэдымных грамадстваў «Агудат Ісраэль» («Адзінства Ізраіля»).
Застаючыся на антысіянісцкіх пазіцыях, у 1937 годзе Васерман напісаў артыкул «Перад прыходам Машыяха», у якой прааналізаваў стан яўрэйскага народу. «У наш час, — канстатаваў ён, — яўрэі абралі для сябе два галоўныя ідалы, якім яны прыносяць свае ахвяры: размова ідзе пра сацыялізм і нацыяналізм (сіянізм)… І адбыўся цуд: на Нябёсах гэтыя два ідаласлужэнні аб’ядналіся ў адно — нацыянал-сацыялізм — і зрабілі з яго жазло страшэннага гневу».
Гэтая кніга была напісана на ідыш і выдадзена ў самым пачатку 1939 года, пазней перакладзена на іўрыт, а таксама на многія еўрапейскія мовы.[5]
Першапачаткова Васерман быў перакананы, што яўрэі могуць пазбегнуць катастрофы. Для гэтага яны павінны былі раскаяцца і пазбавіцца ад тых, хто не выконваў запаведзі. Але ў 1938—1939 гг. ён пераканаўся, што ўжо занадта позна: яўрэі, лічыў ён, павінны пакорліва прыняць катастрофу, у якой непазбежна загіне частка нацыі, але пагроза знікнення нацыі прывядзе да боскай літасці і прыходу Месіі.
У 1930-ыя гады ешыва Васермана ў Баранавічах набыла сусветную славу і колькасць студэнтаў тут узрасла да 400. Павялічыліся і ахвяраванні на дзейнасць ешывы ад яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў ЗША, Англіі і Германіі.
З пачаткам Другой сусветнай вайны, нягледзячы на магчымасць выезду ў ЗША або Ізраіль, Васерман разам са студэнтамі ешывы пераязджае ў Каўнас. У 1941 годзе быў перамешчаны ў гета, якое размяшчалася ў ваколіцах Каўнаса, у Слабодцы.
9 ліпеня 1941 года быў расстраляны ў IX форце каўнаскай крэпасці.[6]
Перад самай смерцю ён выступіў перад сваімі вучнямі: «Відавочна, што на Нябёсах разглядаюць нас як праведнікаў, вартых загладзіць сваім жыццём жыццё народа ізраільскага. Мы павінны, такім чынам, неадкладна пакаяцца — тут і зараз, бо часу мала і Дзявяты форт ужо блізка. Нам трэба памятаць, што мы сапраўды будзем тымі, хто асвеціць імя Божае. Дык давайце ж будзем ісці з высока ўзнятымі галовамі! … Не будзем мець, Божа ўратуй, нявартых думак — пры прынясенні ахвяры гэта недапушчальна. Мы на парозе здзяйснення найвялікшай запаведзі — запаведзі аб асвячэнні Імя. Агонь, які знішчыць нас, — гэта тое самае полымя, з якога адродзіцца яўрэйскі народ».
У пасляваенныя гады яго выступленні былі сабраны ў кнігу «Ковец ашыурым» («Збор ўрокаў»). Гэтая кніга вывучаецца ў ешывах па ўсім свеце.[7]
Артыкулы Васермана па складаных пытаннях яўрэйскага светапогляду былі аб’яднаны ў зборнік «Ковец маамарым».
Меў сыноў Нафталі і Давіда, якія загінулі падчас вайны, і Сімха (1899—1992), які заснаваў ешывы «Ор Эльханан» у Дэтройце і Іерусаліме.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Elhanan Bunim Wasserman // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Elhanan Bunim Wasserman // MAK
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 31 снежня 2019.
- ↑ toldot.com
- ↑ beerot.ru
- ↑ jhist.org
- ↑ evreimir.com evreimir.com