Перайсці да зместу

Эмерык Адамовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эмерык Адамовіч
Дата нараджэння 1819
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Месца смерці
Дзеці Багуслаў Адамовіч
Род дзейнасці мастак, фатограф
Месца працы
Вучоба
Уплыў Ян Дамель

Эмерык Адамовіч (польск.: Emeryk Adamowicz; 1819, Мінск, Расійская імперыя — (?), Мінск) — мінскі мастак і фатограф.

Сын Леапольда.

Вучыўся ў Мінскай губернскай гімназіі. Вучыўся мастацтву ў Яна Дамеля[1].

Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ён атрымаў пасведчанне выкладчыка малявання і чыстапісання. Працаваў у Бабруйскім 5-класным дваранскім павятовым вучылішчы (з 1840 года), з 1844-га — у Дынабургскай гімназіі (сучасны Даўгаўпілс, Латвія), а потым, у 1851 г., вярнуўся ў родны Мінск і стаў выкладаць маляванне ў Мінскай губернскай гімназіі[2].

27 жніўня 1860 г. мінскі карэспандэнт газеты «Kurier Wileński» апісаў дзейнасць Эмерыка Адамовіча:

Настаўнік каліграфіі і малюнку ў Мінскай гімназіі п. Эмерык Адамовіч тры гады таму адкрыў літаграфічную майстэрню, а праз год — і друкарню. Першапачаткова літаграфічная майстэрня вырабляла толькі этыкеткі для вінакурняў, цыгарных фабрык і аптэк, сёння, пад старанным кіраўніцтвам заснавальніка, яна карпатліва і дакладна вырабляе глобусы розных памераў на польскай і рускай мове; прыгожыя гравюры да Бібліі, якую неўзабаве надрукуе п. Адамовіч для народу і дзяцей, і ўвогуле, кожны дзень адкрытая і падтрымліваецца ў парадку. Друкарня ўжо пачынае выдаваць Біблію, першы друкарскі выраб у творчасці п. Адамовіча[3].

У 1864-м ён афіцыйна пакінуў сваю службу ў гімназіі, каб цалкам прысвяціць сябе фатаграфаванню.

Стварыў майстэрню ва ўласным доме, што на вуліцы Шырокай (сучасная вуліца Куйбышава). Працаваў у ёй сам Эмерык Адамовіч з памочнікам. У майстэрні меўся адзін апарат. Усё неабходнае для вырабу «фатаграфічных картак, партрэтаў і груп рознай велічыні» закупляў у Санкт-Пецярбургу і Мінску.

Адзін з першых, хто засвоіў у Мінску стэрэафатаграфію. Здымкі рабіліся пры дапамозе спецыяльнай камеры з двума аб’ектывамі. Стерэапары наклейваліся на кардон і для атрымання эфекту аб’ёму змяшчаліся ў спецыяльны апарат. Асноўную масу сюжэтаў для стэрэафотаздымкаў складалі віды Мінска.

У 1879-м (і да закрыцця студыі ў 1894 годзе) правы ўласнасці пераходзяць да жонкі фатографа Жазэфіны (у дзявоцтве Шрэтэр). У гэтым жа самым доме па Шырокай вуліцы працаваў друкарскі завод Адамовічаў, які спецыялізаваўся на вырабе этыкетак для тытунёвай фабрыкі, бланкаў атэстатаў для Мінскай гімназіі, геаграфічных карт, нот і іншай друкарскай прадукцыі, а таксама жывапісная майстэрня Ягора Зотава, што вырабляла абразы[2].

Адзін з сыноў Эмерыка Адамовіча — Багуслаў (1870—1944) — стаў знакамітым польскім паэтам, пісьменнікам, мастаком.

Зноскі

  1. Bogusław Adamowicz. Powrót // Tygodnik Wileński", 1911, nr 13.
  2. а б Адкрыццё Эмерыка. Культура. № 41 (1271) 08.10.2016 — 14.10.2016 г.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2022. Праверана 2 ліпеня 2022.
  3. Kurier Wileński, 1860, nr. 71.