Юзаф Качэрга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юзаф Качэрга
Род дзейнасці удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэння 27 верасня 1930(1930-09-27) (93 гады)
Месца нараджэння

Юзаф Качэрга (нар. 27 верасня 1930) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да мядзельскай групы арганізацыі.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 27 верасня 1930 г. у в. Качаргі Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы ў шматдзетнай сям’і паважанага ў вёсцы земляроба і рыбака. Дзядзька па бацьку быў замардаваны ў Сібіры. Бацька быў намеснікам мядзельскага войта і судовым выканаўцам. Маці была з Кундзель-Пяткевічаў, а бабка з Богушаў.

Перад Другой сусветнай вайной скончыў у Мядзеле 2 класа польскай школы. У восені 1939 г. падчас пачатку савецкай акупаціі нехта спаліў вёску, таму сям’я пераехала ў Старое Мядзіла, а ў школу Юзаф Качэрга не хадзіў, бо не было ў чым. Увесну 1940 г. пайшоў у беларускую школу. Бацька быў вымушаны перахоўвацца па розных вёсках, бо яго б вывезлі ў Сібір. У сваіх успамінах Юзаф Качэрга казаў, што на змаганне супраць камунізму ішоў свядома, бо з ранніх гадоў, у Другую сусветную вайну, быў ужо звязаны з польскай партызанкай, з аддзелам Кміціца[pl]. Улетку 1941 г. пасля падчас прыходу немцаў жыў у засценку Падкачэргі. Пры немцах бацька быў выбраны солтысам, але ў 1942 г. адмовіўся з прычыны пагроз ад расійскіх партызанаў.

Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, дзе вылучаўся спакойным характарам і працавітасцю, многа чытаў. Спяваў у школьным хоры, дзе праз Факунду Несцяровіча пазнаёміўся з Расціславам Лапіцкім, які кіраваў хорам. Пад ягоным уплывам актыўна ўключыўся ў антыкамуністычны падпольны вучнёўскі рух: удзельнічаў у сходах падпольшчыкаў, у друкаванні і распаўсюджванні ўлётак з заклікамі аказваць супраціў прымусовай калектывізацыі, змагацца супраць камуністычнага рэжыму. Арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў. Першы раз улёткі друкаваліся вясной 1948 г. на друкавальнай машынцы з лацінскім шрыфтам, якую выйграла ў латарэю цётка Юзафа Качэргі падчас працы ў Францыі.

Юзаф Качэрга быў арыштаваны ў школе на ўроку 10 лютага 1950. Праз некалькі дзён утрымання ў вязніцы мядзельскай міліцыі перавезены ў турму ў Маладзечне. Пры ператрусе ў бацькоўскай хаце знойдзена пішучая машынка, запас выбуховых рэчываў, вялікая тапаграфічная мапа Мядзельшчыны і суседніх раёнаў. У часе допыту жорстка збіваўся следчым Пахомавым, было выбіта некалькі зубоў і зламаныя рэбры, катаваўся халоднай кропельніцай. 20 ліпеня 1950 г., разам з іншымі ўдзельнікамі мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага руху, асуджаны судам ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі на 25 гадоў зняволення ў канцлагерах. Пасля суду над Юзафам была звольнена з працы ягоная сястра, а ў 1953 г. і бацька быў асуджаны да 5 гадоў зняволеньня. Разам з Чаславам Цыбоўскім і Анатолем Карнеем быў завезены бад Караганду. Там пасля выбуховых работ вязні павінны былі нагружаць каменны друз на ваганеткі. Першыя чатыры з паловай гады знаходзіўся ў Карлагу каля г. Тэміртау ў Казахстане, потым два гады адбыў на будаўнічых работах.

Пасля смерці Сталіна бацька Юзафа быў вызвалены. У 1956 г. сям’і было прапанавана выехаць у камуністычную Польшчу і ў сувязі з гэтым абяцалася вызваліць са зняволення сына. Юзаф Качэрга вярнуўся летам 1956 г. на Мядзельшчыну, а восенню таго ж году разам з бацькамі і сёстрамі выехаў у Польшчу.

Жыве ў Шчэціне, Польшча. Удзельнічаў у напісанні ўспамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154820.html Біяграфія Юзафа Качэргі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.