Юраўскі карагод
Славутасць | |
Юраўскі карагод | |
---|---|
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Аб’ект Сусветнай спадчыны | |
Spring rite of Juraŭski Karahod (Вясновы абрад "Юраўскі карагод") |
|
Спасылка | № 01458 у спісе аб’ектаў Сусветнай спадчыны (en) |
Рэгіён | Еўропа і Паўночная Амерыка |
Уключэнне | 2019 (невяд. сесія) |
Юраўскі карагод — традыцыйны веснавы абрад у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў Беларусі. Ладзіцца ў дзень святкавання Юр’я, 6 мая. 11 снежня 2019 года быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як аб’ект, якому неабходная тэрміновая абарона[1][2][3].
Абрад «Юраўскі карагод» раней меў распаўсюджанне ў шэрагу вёсак Жыткавіцкага раёна, хоць геаграфічныя межы ў гэтым выпадку вельмі ўмоўныя. Традыцыя найбольш поўна захоўваецца і жыве толькі ў вёсцы Пагост, што ўваходзіць у Азяранскі сельсавет.
Складаецца абрад з дзвюх частак. Спачатку ва ўнутраным двары асобнай сялянскай гаспадаркі з хлява пасля зімы першы раз выводзяць скаціну. Другая ж частка ўключае выпечку і раздачу рытуальнага хлеба, шэсце вяскоўцаў на веснавое поле, песні ды гульні, пажаданні адно аднаму добрага здароўя і багатага ўраджаю.
У 2004 годзе веснавы «Юраўскі карагод» быў разгледжаны Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў — і праз тры гады, у 2007 годзе, паводле адпаведнай пастановы Савета Міністраў стаў першым у Беларусі нематэрыяльным элементам, які атрымаў такі статус.
Абрад знаходзіцца пад пагрозай знікнення, сярод прычын — старэнне носьбітаў, тэндэнцыя з’язджання моладзі з вёскі, не вельмі спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў рэгіёне.
Зноскі
- ↑ Intergovernmental Committee inscribes ten cultural practices on UNESCO’s Lists of Intangible Heritage(нявызн.) (11 снежня 2019).
- ↑ Абрад «Юраўскі карагод» трапіў у Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА — Еўрапейскае радыё для Беларусі, 12 снежня 2019. (бел.)
- ↑ Беларускі абрад «Юраўскі карагод» уключаны ў Спіс Юнеска — Наша ніва, 12 снежня 2019. (бел.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Што такое «Юраўскі карагод» — zviazda.by
- Фільм пра вясновы абрад "Юраўскі карагод"