Наша Ніва (1991)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Наша ніва (1991))
Перайсці да: рух, знайсці
Наша Ніва
Tып

штомесячнік

Фармат

А3, 16 палосаў


Выдавец

ПВУП «Суродзічы»

Галоўны рэдактар

Ягор Марціновіч

Заснавана

1991

Мова

беларуская

Тыраж

8051 (№11 (800), 20 сакавіка 2013)

ISSN

1819-1614


Сайт: http://nn.by/

«Наша Ніва» — штотыднёвая, з ліпеня 2016 штомесячная беларуская газета.

Трэцяя газета з такою назвай (гл. таксама «Наша ніва (1906)», «Наша ніва (1920)»). Заснавана ў маі 1991 года ў Вільні. Першым галоўным рэдактарам быў Сяргей Дубавец. Газета з'яўляецца пераемніцай газеты «Наша ніва», якая выходзіла ў Вільні ў пач. 20 ст. Галоўны рэдактар — Ягор Марціновіч (ад 2017 года).

Адноўленае выданне заняло выключнае месца сярод іншых беларускіх перыёдыкаў. «Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», ад самаізаляцыі, уласцівых многіх беларускамоўным выданням савецкае пары. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўніверсальныя тэмы, з’явілася вялікая колькасць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносінаў народаў рэгіёна.

У Беларусі ішлі складаныя працэсы будаўніцтва нацыі. Узяла верх аўтарытарная мадэль. Час патрабаваў стварэння паўнавартых СМІ. Таму ў 1996 г. было прынятае рашэнне пра перанясенне рэдакцыі ў Мінск.

«Наша Ніва» зноў стала ўласна газетаю, якая надае вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і свеце.

У 1998 годзе газета дабіваецца сімвалічнае перамогі ў Найвышэйшым гаспадарчым судзе, адстойваючы права выдавацца класічным правапісам.

Ад 2000 году рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераймае Андрэй Дынько (галоўны рэдактар у 2000—2006), газета вяртаецца да штотыднёвае перыядычнасці. Адбываецца трансфармацыя «Нашай Нівы» з выдання літаратурна-інтэлектуальнага ў выданне грамадска-палітычна-культурнага характару. Гэты працэс быў паступовым.

Ад 2002 года аб'ём газеты павялічваецца з 12 да 16 старонак, ад 2005 года — да 24-х. На сваім піку тыраж газеты дасягае 8000 асобнікаў.

У лістападзе 2005 «Наша Ніва» была выдалена з каталогу падпіскі РУП «Белпошта». З таго часу распаўсюджваецца намаганнямі ўласнай службы дастаўкі і пераходзіць у кішэнны фармат і павялічвае колькасць старонак да 48-мі[1].

Але газета ператварае праблему ў шанец і бярэ курс на развіццё інтэрнэт-сайта nn.by. Ад 2006 году інтэрнэт-вэрсія «Наша Ніва» эвалюцыянуе ў фармат інтэрнэт-платформы, прыстасоўваючы тэхналогію выдання да эпохі электронных СМІ. У 2010 годзе сайт «Нашай Нівы» робіцца самым папулярным рэсурсам на беларускай мове і застаецца такім да сённяшняга дня. Па статыстыцы Гугл Аналітыкс у 2016—2017 гадах у сярэднім штомесяц сайт НН наведвалі каля 600 000 унікальных наведнікаў, праглядаючы каля 7 000 000 старонак. Прыкладна 84% наведнікаў — з Беларусі, 49% — з Мінска.

З 2006 года да рэдактарства газеты далучаецца Андрэй Скурко. Андрэй Дынько робіцца рэдактарам сайта nn.by. А Алесь Кудрыцкі стварае сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка робіцца Зміцер Панкавец.

У снежні 2008 года ўлады Беларусі ізноў дазволілі распаўсюджанне газеты ў дзяржаўнай сетцы «Саюздрук». Першы з такіх нумароў выйшаў у колеры і меў абвешчаны тыраж 5126 асобнікаў.

Ад заснавання і да № 595 (45) за 4 снежня 2008 года газета друкавалася «тарашкевіцай»[2]. Аднак, на сайце газеты перадрук паведамленняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў з іншых беларускамоўных выданняў на беларускай літаратурнай мове размяшчаўся і раней. Выкарыстанне газетай старога правапісу стала падставай для дыскусій як сярод аўтараў НН[3], так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газеты[4] ў сувязі з абавязковым пераводам выдання з 1 верасня 2010 года на новы правапіс паводле Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі[5]. У 2007 годзе заснавальнік газеты і першы яе рэдактар Сяргей Дубавец прызнаў ранейшую правільнасць[6], але далейшую бесперспектыўнасць выбару газеты на карысць тарашкевіцы[7].

Ад 1 ліпеня 2016 «Наша Ніва» выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надаецца развіццю інтэрнэт-партала. Навіны на сайце даступны ў двух версіях (на беларускай і рускай мовах).

З 1 сакавіка 2017 года, замест Андрэя Скурко, на пасаду галоўнага рэдактара Нашай Нівы заступае Ягор Марціновіч.[8]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Пра газету «Наша Ніва»// Наша Ніва — Дата доступу: 14 верасня 2008
  2. Каментар рэдакцыі// Наша Ніва. № 45 (595) 4 снежня 2008. Старонка 2. ISSN 1819—1614
  3. Андрэй Дынько. Некалькі заўваг да дыскусіі аб пераходзе на адзіны правапіс// Наша Ніва. № 35 (537) 27 верасня 2007. Старонкі 32-33.
  4. Віталь Тарас. Пара прыйсці да аднаго правапісу// Наша Ніва. 29 жніўня 2007
  5. Зміцер Саўка. Заканадаўчая гара супраць мякказначнай мышы// Наша Ніва. № 8 (558) 28 лютага 2008. Старонка 27.
  6. Сяргей Дубавец. Ганс вялікі і Ганс малы// Наша Ніва. № 33 (535) 6 верасня 2007. Старонкі 4-5.
  7. Іван Сай. Sorry-sorry// Наша Ніва. 25 верасня 2007
  8. У «Нашай Ніве» змяняецца рэдактар

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]