Спінны мозг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

I. Шыйныя нервы.
II. Грудныя нервы.
III. Паяснічныя нервы.
IV. Крыжавыя нервы.
V. Хвастцовыя нервы.


1. Канцавы мозг.
2. Прамежкавы мозг.
3. Сярэдні мозг.
4. Мост.
5. Мазжачок.
6. Прадаўгаваты мозг.
7. Спінны мозг.
8. Шыйнае патаўшчэнне.
9. Папярочнае патаўшчэнне.
10. «Конскі хвост» Спінны мозг — аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў пазваночным канале.

Будова[правіць | правіць зыходнік]

Папярочны разрэз спіннога мозга

Спінны мозг уяўляе сабой цыліндрычны, крыху ўплошчаны ў пярэднезаднім напрамку, цяж (у чалавека даўжынёй каля 45 см). Зверху ён пераходзіць у прадаўгаваты мозг (аддзел галаўнога мозга). Спінны мозг акружаны трыма абалонкамі. Паміж унутранай і сярэдняй абалонкамі маецца прастора, запоўненая спіннамазгавой вадкасцю. Гэта вадкасць утварае ахоўную механічную «падушку» вакол мозга, удзельнічае ў выдаленні прадуктаў абмену і падтрымцы ўнутрычарапнога ціску.

Спінны мозг складаецца з шэрага і белага рэчываў.

Шэрае рэчыва прадстаўлена целамі нейронаў. На папярочным разрэзе спіннога мозга яно мае выгляд крылаў матылька. У ім адрозніваюць пярэднія і заднія рогі. У пярэдніх, рогах размешчаны целы рухальных нейронаў, у задніх — уставачных. У грудным аддзеле спіннога мозга паміж пярэднімі і заднімі рогамі маюцца бакавыя рогі.

Белае рэчыва — гэта нервовыя валокны. Яны ўтвараюць узыходныя і сыходныя праводзячыя шляхі, па якіх узбуджэнне дастаўляецца ў галаўны і спінны мозг.

Спінны мозг чалавека мае сегментарную будову (усяго 31 сегмент). Сегмент — гэта ўчастак спіннога мозга, які мае два пярэднія і два заднія карэньчыкі. Пярэднія — рухальныя карэньчыкі — утвораны аксонамі рухальных нейронаў; заднія — адчувальныя — сфарміраваны з аксонаў адчувальных нейронаў. Пярэднія і заднія карэньчыкі па-за межамі пазваночнага канала зліваюцца ў спіннамазгавы нерв. Ад спіннога мозга адыходзіць 31 пара спіннамазгавых нерваў (у адпаведнасці з колькасцю сегментаў). Гэта змешаныя нервы, яны ўтвораны рознымі валокнамі: адчувальнымі, рухальнымі і валокнамі аўтаномнай нервовай сістэмы.

Ад сегментаў шыйнай і верхняй грудной частак спіннога мозга адыходзяць нервы да мышцаў галавы і верхніх канечнасцей, да органаў грудной поласці, сэрца і лёгкіх. Астатнія сегменты грудной і паяснічнай частак кіруюць мышцамі тулава і органамі брушной поласці, ніжнія паяснічныя і крыжавыя сегменты спіннога мозга — мышцамі ніжніх канечнасцей і органамі ніжняй часткі брушной поласці.

Функцыі[правіць | правіць зыходнік]

Спінны мозг выконвае дзве асноўныя функцыі: рэфлекторную і правадніковую.

У шэрым рэчыве спіннога мозга замыкаецца мноства рэфлексаў (згібальныя, разгібальныя, сухажыльныя, падтрымання паставы і г.д.). Рэфлекторная функцыя заключаецца ў тым, што спінны мозг забяспечвае ажыццяўленне самых простых рухальных рэфлексаў (згібанне і разгібанне канечнасцей), а таксама больш складаных рухаў, якія кантралююцца, акрамя таго, і галаўным мозгам. У спінным мозгу размешчаны цэнтры ўсіх рухальных міжвольных (якія адбываюцца без удзелу свядомасці) рэфлексаў; цэнтры аўтаномнай нервовай сістэмы, што рэгулююць функцыі сэрца і бронхаў, акты мочавыдзялення, дэфекацыі і інш.

Спінны мозг перадае імпульсы па праводзячых шляхах да ніжэй- і вышэйляжачых структур нервовай сістэмы. У чалавека толькі простыя рухальныя акты кантралююцца спінным мозгам. Складаныя рухі (хадзьба, пісьмо і іншыя навыкі) патрабуюць абавязковага ўдзелу галаўнога мозга. Адсюль да нейронаў спіннога мозга прыходзяць узбуджальныя або тармозячыя сігналы.

Пры парушэнні сувязі паміж спінным і галаўным мозгам, што бывае пры пашкоджаннях пазваночніка, адбываецца спінальны шок. Пры гэтым усе рэфлексы, цэнтры якіх ляжаць ніжэй месца пашкоджання спіннога мозга, знікаюць і міжвольныя рухі робяцца немагчымымі. У такіх выпадках гавораць пра параліч.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]