Імператар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Імпера́тар, ж.р. імператры́ца (лац.: imperator — уладар) — арыстакратычны тытул.

Спачатку — ганаровы тытул галоўнакамандуючага рымскай арміі, над якой ён меў imperium — камандаванне. З часу Другой Пунічнай вайны тытул імператара сталі даваць пасля першай вялікай перамогі, першым яго атрымаў Сцыпіён Афрыканскі.

Юлій Цэзар насіў тытул імператара, не аддзяляючы яго ад афіцыйных тытулаў. Ад праўлення Аўгуста тытул імператара набыў манархічны характар, як найменне кіраўніка дзяржавы. Пачынаючы з уладарства Дыяклетыяна, на чале Рымскай імперыі стаялі два імператары з тытуламі аўгустаў.

З падзеннем Заходняй Рымскай імперыі (476) тытул імператара захаваўся ва Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі). Усходнерымскія імператары заўсёды лічылі толькі сябе сапраўднымі спадкаемцамі імператарскага тытула.

У Заходняй Еўропе тытул імператара адноўлены Карлам Вялікім (800) у выглядзе Imperator Augustus. Кароль германскі Атон I (962) абвясціў сябе імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пазней тытул імператара атрымлівалі манархі іншых дзяржаў.

Першым у Новы час тытул імператара ўзяў маскоўскі цар Пётр І (1721) пасля Ніштацкага міру. Напалеон I узяў тытул імператара Францыі ў 1804 годзе, пазней тытул ужываў Напалеон III. У 1808 годзе з’явіўся імператар Бразіліі, у 1811 — Гаіці, у 1864 годзе аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян стаў імператарам Мексікі, у 1871 годзе, пасля аб’яднання Германіі, прускі кароль узяў тытул германскага імператара. У 1876 годзе каралева Вялікабрытаніі атрымала тытул імператрыцы Індыі. У 1877 годзе асманскі султан узяў тытул імператара Асманскай імперыі.

У еўрапейскай літаратуры імператарамі называюць манархаў шэрагу нееўрапейскіх краін — Кітая, Японіі, Эфіопіі і іншых.