Алег Канстанцінавіч Волчак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алег Канстанцінавіч Волчак
Род дзейнасці праваабаронец
Дата нараджэння 2 жніўня 1967(1967-08-02) (56 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Партыя

Алег Канстанцінавіч Волчак (нар. 2 жніўня 1967 Мінск, Беларусь) — беларускі правабаронца, кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», у 1995 г.быў абраны дэпутатам Мінгарсавета, сябра Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Андрэя Саннікава кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у 2010 г., акцёр кіно, палітвязень Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Мінску 2 жніўня 1967 года. Скончыў сярэднюю школу і прафесійна-тэхнічнае вучылішча чыгуначнага транспарту.

З 1985 по 1988 гг. служыў у памежных войсках на афгана-таджыкскай мяжы, а таксама непасрэдна ў Афганістане. Восем месяцаў пасля службы ў войску працаваў слесарам у метрапалітэне. Хацеў вучыцца ў школе КДБ, але туды не бралі без юрыдычнай адукацыі. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ і працаваў у пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска старшым следчым (1994—1998 гг.).

У 1995 г. быў абраны дэпутатам Мінскага гарсавета, узначальваў камісію па законнасці і правапарадку.

З 1998 года — сябра Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

У маі 1998 г. Алег Волчак звольніўся з пракуратуры, паколькі быў нязгодны з выкарыстаннем праваахоўных органаў у пераследзе апазіцыі. Праз некалькі месяцаў ён стварыў грамадскую арганізацыю «Прававая дапамога насельніцтву», якая бясплатна кансультавала людзей і прадстаўляла іх інтарэсы ў судах.

Праваабарончая дзейнасць

У 1999 г. Алег Волчак узначаліў грамадскую камісію па высвятленні абставін знікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. Вынікі расследавання камісія перадала ў пракуратуру. З таго часу А. Волчак з’яўляецца афіцыйнай асобай, якая прадстаўляе інтарэсы сям’і Захаранкі ў Беларусі.

У верасні 2003 г. «Прававая дапамога насельніцтву» была зачынена ўладамі. Неўзабаве Алег Волчак разам з іншымі юрыстамі арганізавалі дабрачынны фонд «Дабраслаў», які стаў аказваць бясплатна прававую дапамогу малазабяспечаным людзям. У 2007 г. фонд быў ліквідаваны па рашэнню суда. Праз два гады, у 2009 годзе, юрыстам удалося адрадзіць «Прававую дапамогу насельніцтву», зарэгістраваўшы яе як праваабарончы цэнтр ва Украіне, у Кіеве.

З 2005 г. Алег Волчак з’яўляецца адным з заснавальнікаў Руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы Айчыны», які аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных, судовых, мытных і іншых дзяржаўных органаў — прыхільнікаў дэмакратыі.

З 2008 г. А. Волчак ўваходзіць у аргкамітэт па стварэнню незалежнага грамадскага аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў — арганізацыі, якая абараняе правы ўдзельнікаў войнаў часоў СССР.

«Прававая дапамога насельніцтву» ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах. На прэзідэнцкіх выбарах у 2001 г. падтрымлівала Уладзіміра Ганчарыка. У 2006 г. А. Волчак — кіраўнік юрыдычнай службы кандыдата ў Прэзідэнты РБ Аляксандра Казуліна.[1] На прэзідэнцкіх выбарах у 2010 г. Алег Волчак быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава.

Першая крымінальная справа супраць Алега Волчака была ўзбуджана ў 1999 годзе, пасля мітынга «Апошні дзень прэзідэнта Лукашэнкі», калі выступіў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску разам з Віктарам Ганчаром. Пасля сканчэння мітынга было затрымана з прымяненнем сілы каля 15 чалавек, у тым ліку дэпутат Знавец і былы прэм’ер-міністр Чыгір. Пасля таго, як пры затрыманні сілавыя структуры прымянілі газ, Алега Волчака разам з іншымі затрыманымі адвезлі ў Маскоўскі РУУС Мінска. Затым яго моцна, да страты прытомнасці, збілі. Пасля збіцця доўга не выклікалі «хуткую дапамогу», і Алегу Волчаку давялося ў паўпрытомным стане праляжаць на падлозе 3 гадзіны пад здзеклівыя каментары супрацоўнікаў сілаў правапарадку. Потым пад канвоем затрыманага звазілі ў бальніцу і назад. На наступны дзень аказалася заведзенай крымінальная справа, у якой Волчак фігураваў як падазраваны ў збіцці супрацоўніка міліцыі. Прад’явіць абвінавачванне яму не паспелі, дзякуючы тагачаснаму кіраўніку ўрада Сямёну Шарэцкаму, які абвесціў пра пераслед А. Волчака як аднаго з сяброў Цэнтрвыбаркаму В. Ганчара. Тым не менш, некалькі допытаў і вочных ставак усё ж адбылося. Справа была спынена за адсутнасцю доказаў віны. На памяць пра гэтыя падзеі Алегу Волчаку засталася на ўсё жыццё траўма спіны. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць тых, хто яго збіваў, А. Волчаку адмовілі.

У 2004 г. Алег Волчак вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ. Ягоныя ўлёткі былі падроблены невядомымі, у выніку чаго А. Волчака абвінавацілі ў паклёпе на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнку. 1 лютага 2005 г. супраць кандыдата ўзбудзілі крымінальную справу па адпаведным артыкуле. Справу хутка спынілі, але права абрацца ў дзяржаўны орган А. Волчак быў такім чынам пазбаўлены.

У 2006 г. Алега Волчака, разам з кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Казуліным, абвінавацілі ў збіцці супрацоўніка міліцыі ў цывільным Якімовіча пры ўваходзе ў Нацыянальны прэс-цэнтр у Мінску, куды ахова не пускала прайсці А. Казуліна. (А. Волчак быў падчас выбараў яго даверанай асобай і кіраўніком юрыдычнай службы.) Насамрэч мела месца выкарыстанне слезацечнага газу супраць каманды А. Казуліна. Удалося затрымаць некалькі людзей у цывільным, якія адмаўляліся назваць сябе і хавалі ў кішэнях балончыкі з газам. А. Волчак атрымаў апёк вока, але да адказнасці ізноў нікога не прыцягнулі. Справу супраць апазіцыянераў распачаў пракурор Стук, які працаваў тады ў Ленінскім раёне Мінска.

У 2007 г. пасля акцый супраць адмены льгот «афганцам» атрымліваў электронныя лісты з пагрозамі фізічнай расправы на Востраве Слёз у Мінску, а пасля прыезда туды 15 лютага быў ачэплены і адсечаны ад астатніх воінаў-інтэрнацыяналістаў супрацоўнікамі спецслужбаў у чорным. Крымінальная справа па заяве Алега Волчака на гэты раз была ўзбуджаная, але злачынцаў не знайшлі.

У 2012 г. адбыў два адміністрацыйныя арышты. Праваабарончыя арганізацыі выказалі занепакоенасць арыштам праваабаронцы Алега Волчака, нагадалі беларускім уладам аб іх міжнародных абавязацельствах па абароне права на свабоду выказвання меркавання і заклікалі неадкладна вызваліць Алега Волчака і цалкам рэабілітаваць яго.[2]

У студзені 2013 г. Алег Волчак звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН са скаргай, у якой выкладае факты сістэматычнага парушэння ў Беларусі правоў грамадзян на свабоду і асабістую недатыкальнасць, а таксама на прымяненне да апанентаў улады дыскрымінацыі па палітычных матывах.[3] У красавіку 2014 года яго скарга была прынятая да разгляду.[4] Другую скаргу на ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна зарэгістравалі ў Камітэце па правах чалавека ААН.[5] Таксама ў 2014 годзе камітэт ААН па па правах чалавека прыняў да разгляду яшчэ адну скаргу А. Волчака па ліквідацыі ў судовым парадку грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву».[6]

21 сакавіка 2017 года ў Мінску быў завочна асуджаны і пакараны 13 суткамі арышту кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, які назіраў за дэманстрацыяй 17 сакавіка. Ён не адбываў пакаранне, паколькі адсутнічаў на працэсе і падаў скаргу на рашэнне суда.[7] 4 ліпеня 2017 г. у судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска адбыўся чарговы судовы працэс над кіраўніком праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алегам Воўчакам. На судзе прысутнічаў спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці. Суддзя адхіліў сведак абароны: старшыню Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і Галіну Лагацкую, якія павінны былі засведчыць ў судзе, што Волчак падчас «інкрымінаванага» правапарушэння знаходзіўся ў іншым месцы, чым названае ў пратаколе. Прама з паседжання суда А. Волчака з гіпертанічным крызам забрала «хуткая дапамога». Нягледзячы на гэта, праваабаронцу аштрафавалі на 585 рублёў за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які праходзіў 17 сакавіка 2017 г.[8]

Творчая дзейнасць

Алег Волчак здымаецца ў кіно — мастацкім і дакументальным. Ёсць фільмы, дзе здымаўся ў масоўцы, ёсць здымкі ў групоўках, ёсць у эпізодах. Акцёр другога плана, але ў дакументальных фільмах здымаўся ў галоўных ролях. Калі лічыць усё, то набярэцца больш за 50 фільмаў. Выконваў ролю маёра КДБ у фільме «Неподкупный», лекара ў фільме «Возвращение Мухтара-10.»[9]

У 2009 г сыграў эпізадычныя ролі ў фільмах «Дастиш фантастиш» и «Волки».

У 2010 г. зняўся ў працягу фільма «Псевдоним „Албанец-3“». Сыграў супрацоўніка следчай групы па раскрыцці цяжкіх злачынстваў.[10] Таксама ў 2010 г. прыняў удзел у здымках дакументальных фільмаў «Любовники Большой медведицы» і «Западная Беларусь. Противостояние и утраченные иллюзии».

Разам з дачкой Алінай здымаўся ў міліцэйскім серыяле «Капитан Гордеев», «Псковская миссия», «Самая счастливая».

У 2011 годзе выканаў ролю ксяндза Станіслава Шаплевіча ў дакументальным фільме «Дзеці ксяндза Шаплевіча». У 2012 г зняўся ў фільмах «Одинокий остров», «Оборотная сторона луны», «Не уходи».

У 2013 г. зняўся ў ролі маёра паліцыі ў фільме «Весомое чувство» і ў фільме «Клянемся защищать».

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Алег Волчак мае ўзнагароды. Сярод іх — грамата Вярхоўнага Савета СССР «За мужнасць і доблесць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане» (1988 г.), прэмія «Дзень Абаронцы» Міжнароднай Лігі правоў чалавека за абарону правоў чалавека (1999 г.), прэмія «Кошт храбрасці» грамадскага аб’яднання «Кураж-прайс» з Германіі (2004 г.). Ганаровы грамадзянін гарадоў Пенсакола (ЗША) и Радэбойль (Германія) — за юрыдычную дапамогу грамадзянам, нягледзячы на ціск з боку ўладаў.

Зноскі

  1. http://spring96.org/ru/news/9801 Олег Волчек, руководитель юридической службы Александра Козулина, комментирует предъявленное бывшему кандидату в Президенты РБ обвинение
  2. http://spring96.org/ru/news/52903 Срочный призыв к немедленному и безусловному освобождению и отмены необоснованного запрета на передвижение правозащитника Олега Волчека
  3. http://spring96.org/ru/news/60548 Олег Волчек обратился в Комитет по правам человека ООН по фактам своих арестов
  4. http://naviny.by/rubrics/society/2015/07/19/ic_news_116_460557 Олег Волчек считает необоснованными доводы властей Беларуси по его жалобе в КПЧ ООН
  5. http://www.bsdp.org/naviny/palityka/01-04-2015/oleg-volchek-ya-byl-zelenym-chelovechkom Архівавана 23 верасня 2020. Олег Волчек: «Я был „зеленым человечком“»
  6. http://nashaniva.by/?c=ar&i=134419&lang=ru Комитет ООН по правам человека принял пять новых решений по жалобам белорусских граждан
  7. https://www.fidh.org/ru/tematicheskie-napravleniya/pravozaschitniki/belarus-prodolzhayutsya-repressii-i-zaderzhaniya-pravozaschitnikov
  8. http://www.belaruspartisan.org/politic/386658/?sphrase_id=1059(недаступная спасылка) http://spring96.org/ru/news/87329 Олег Волчек: Такого беспредела в суде я раньше не видел
  9. http://www.kino-teatr.ru/kino/acter/bitpart/m/post/283910/works/
  10. http://www.nv-online.info/by/89/300/17180/ Архівавана 12 верасня 2010. Олег Волчек снялся в продолжении известного сериала «Псевдоним „Албанец-3“»

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]