Альберт Асоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Альберт Асоўскі
Дата нараджэння 24 снежня 1920(1920-12-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 жніўня 2004(2004-08-20) (83 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Партыя
Член у
Узнагароды
Жалезны крыж

Альберт Асоўскі (у эміграцыі Ордвэй, англ.: Albert Ordway; 24 снежня 192020 жніўня 2004) — беларускі грамадскі і вайсковы дзеяч. Капітан 1-га Беларускага штурмавога ўзводу ў Другую сусветную вайну.[1] Сябра Беларускай незалежніцкай партыі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 24 снежня 1920 г. у Белавежы ў Польскай Рэспубліцы. Жыў у Баранавічах, быў дзеячам беларускага руху. Вучыўся на архітэктара ў Варшаўскай політэхніцы. Сябра Рады БНР.

У Другую сусветную вайну быў афіцэрам 1-га Беларускага штурмавога ўзводу. 15 чэрвеня 1941 г. у складзе першай групы дыверсантаў штурмавога ўзводу рушыў на заданне з мэтай выканання дыверсіі на чыгунцы Баранавічы — Стаўпцы, але група была выкрытая і пасля бою частка ўдзельнікаў трапіла ў палон да НКУС. У верасні 1941 г. разам з асабовым складам 1-га штурмавога звязу быў уключаны ў склад мінскай паліцыі парадку. Падчас баёў быў цяжка паранены, на твары засталася рана. За службу атрымаў узнагароды, у тым жалезны крыж, і нашыўкі за раненні, меў ранг капітана. У жніўні 1941 г. атрымаў загад ад кіраўніка Беларускай незалежніцкай партыі Вінцэнта Гадлеўскага паехаць у камандзіроўку ў Швецыю з мэтай шукання беспасярэдніх сувязяў з заходнімі хаўруснікамі і перадачы загада на арганізацыю Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады ў Чыкага — Альберт Асоўскі быў выбраны Гадлеўскім менавіта таму, што меў шмат узнагародаў, быў паранены ў баях і выніку меў больш магчымасцяў трапіць у Швецыю.[2]

У 1944 г. выехаў у Нарвегію, дзе быў камендантам аднаго з лагераў остарбайтэраў, потым правёў больш месяца ў нямецкім карным канцлагеры на палярным кругу. У 1945 г. разам з сям’ёй пераехаў у Швецыю і прадстаўляўся грамадзянінам Літвы. У Швецыі пераздаў экзамены, каб пацвердзіць адукацыю архітэктара, пачаў працаваць архітэктарам і працягваў кантакты з беларускай дыяспарай. Праз нейкі час польская амбасада ў Стакгольме звярнулася да шведскай паліцыі з абвінавачаннем, што падчас вайны Альберт Асоўскі са зброяй у руках супрацоўнічаў з немцамі і быў камендантам лагера ў Нарвегіі. Польская старана сцвярджала, што ён беларускі нацыяналіст, указвалася пра факты жорсткага стаўлення да палякаў. Сам жа Асоўскі ў пісьме прэм’ер-міністру Рады БНР Аўгену Калубовічу (Каханоўскаму) ад 21 лютага 1950 г. адносна гэтых абвінавачванняў пісаў: «Спадар Прэзыдэнт Абрамчык ведае вельмі добра, што мы выехалі ў Нарвэгію не добраахвотна, а выяжджаючы ў Нарвэгію, мы атрымалі інструкцыі ад Спадара Прэзыдэнта, каторыя стараліся выпаўніць як толькі найлепш, што да кепскага трактаваньня ці зьдзекваньня над беднымі палякамі, дык нікому нават ніколі не прышло ў галаву, так як нашых беларусоў цэхавала заўсёды высокая этыка хрысьціянска-маральна; самі быўшы нямецкімі нявольнікамі, спачувалі другім, і так я был у Нарвэгіі больш месяца ў карным концлягеры на палярным кругу, за гэта памагал гэтымжа, бліска полсотні палякам, у перакідцы з Нарвэгіі ў нэўтральную Швэдыю. У канцы за помач палякам і нарвэжскім патрыётам немцы павесілі-б мяне, каб не ўцёк у Швэдыю.».

У выніку Альберт Асоўскі быў дэпартаваны са Швецыі. Нейкі час знаходзіўся ў Ірландыі, жыў вельмі бедна, безвынікова прасіў дапамогі ў розных беларускіх дзеячаў.

У 1952 г. пераязджае ў ЗША. Абрывае ўсе кантакты з беларускімі арганізацыямі. Працуе архітэктарам. Адаптуе свае прозвішча на Ордвэй: паводле яго сына, Джоні Ордвэя, старэйшы брат Нік знайшоў гэтае прозвішча ў тэлефоннай кнізе Нью-Ёрка. У некралогах высока ацэньваюць яго працу і пішуць, што ён прымаў удзел у безлічы розных будаўнічых праектаў.[3]

Памёр 20 жніўня 2004 г. у шпіталі св. Джозэфа г. Альфарэта (Джорджыя, ЗША) у выніку рака лёгкіх. Пахаваны 26 жніўня 2004 г. на могілках каталіцкай цэрквы св. Фамы Аквінскага ў г. Альфарэта. Засталіся жонка Багуміла, сыны Джоні, Нік, Альберт, Энтані, Крыстафер, падчарыцы Анна, Бо, Эва і Ізабэлла, а таксама 7 унукаў і адзін праўнук.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Архіўная копія(недаступная спасылка). Словы і вобразы. ARCHE. Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2019. Праверана 1 верасня 2019.