Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі
Дата нараджэння 24 снежня 1990(1990-12-24) (33 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Бацька Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі[d]
Род дзейнасці гісторык, краязнавец, палітычны вязень
Месца працы
Альма-матар

Аляксандр Аляксандравіч Галкоўскі (нар. 24 снежня 1990) — малодшы навуковы супрацоўнік, загадчык чарнобыльскага сектару аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН РБ. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся Аляксандр (Алесь) Галкоўскі ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзяцінства правёў у вёсцы Судзілы гэтага раёна. Бацька Алеся, Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі — майстар дэкаратыўна прыкладнога мастацтва, краязнаўца, даследчык беларускай казкі і стараста вёскі Судзілы[1][2]. Праз захапленні бацькі фальклорам і народнымі спевамі Алесь таксама з дзяцінства стаў цікавіцца краязнаўствам і беларускай культурай[3].

У 2013 годзе Алесь скончыў кафедру гісторыі Беларусі і музейнай справы ў Інстытуце культуры і мастацтваў ў Мінску, атрымаў спецыяльнасць гісторык-музейшчык, на практыцы працаваў у розных музеях Мінска і ў Магілёве. Па размеркаванні трапіў у родны Клімавіцкі раён, дзе працаваў у мясцовым краязнаўчым музеі, быў адказным за ахову гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Як экскурсавод пачаў і пасля стала удзельнічаў у Фэсце экскурсаводаў[4].

У ліпені 2015-га пабраўся шлюбам са сваёй жонкай Настай, хутка ў іх нарадзіўся сын Альгерд. Сям’я пераехала у Мінск, дзе Алесь перавёўся на працу малодшым навуковым супрацоўнікам ў музей старажытнабеларускай культуры НАН РБ. Там меліся сабранныя па ініцыатыве загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры Віктара Шматава матэрыялы, прысвечаныя культурнай спадчыне вёсак і мястэчак, якія былі адселены ў выніку аварыі на ЧАЭС, Алесю было прапанавана упарадкаваць гэтыя матэрыялы і зрабіць спецыяльную экспазіцыю. Праца ў гэтым кірунку пачалася яшчэ ў пачатку 1990-ых і працягвалася да пачатку 2000-ых, за гэты час навукоўцы правялі шэраг экспедыцый, дзе абследавалі адселеныя пасля аварыі на ЧАЭС вёскі, і, нягледзячы на адсутнасць свайго транспарту, спецадзення і амаль не абсталяваныя тэхнічна, супрацоўнікі выратавалі сотні унікальных помнікаў традыцыйнай народнай культуры і мастацтва, уласнаруч адмылі (правялі «дэзактывацыю») сабраных рэчаў. Алесь актыўна далучыўся да гэтай працы, за кароткі час з дапамогай валанцёраў стварыў і пасля падтрымліваў новую экспазіцыю, прысвечаную «Чарнобыльскай калекцыі», якая з 26 красавіка 2016 пачала працаваць у Мінску. Таксама 26 красавіка 2016 Галкоўскі прэзентаваў складзеную ім кнігу-каталог экспанатаў аддзела пад назвай «Захаваная памяць страчанай зямлі»[4][5].

На сваім прыватным участку ў аграгарадку Гарадок у Маладзечанскім раёне Алесь самастойна за два гады пабудаваў дом: праект, устаноўка, уся мэбля былі ўласнаруч зроблены Алесем[4].

Пасля падзей 9-11 жніўня 2020, звязанных з пратэстамі супраць вынікаў выбараў прэзідэнта Беларусі, Галкоўскі далучыўся да «Зварота прадстаўнікоў навуковай грамадскасці Рэспублікі Беларусь»[6].

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Затрыманне Аляксандра Галкоўскага адбылося 27 лютага 2021 на яго прыватным участку ў аграгарадку Гарадок у Маладзечанскім раёне. Агулам АМАП затрымаў 25 чалавек, якія святкавалі Масленіцу на прыватным катэджным участку. На фотаздымке і відэа, якое апублікаваў на наступны дзень адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, «Жёлтые сливы», відаць чырвона-зялёнае пудзіла, пазней некалькі мужчын яго спальваюць, што і стала фармальнай падставай для затрымання. Усіх затрыманных прывезлі ў Маладзечанскі РАУС, дзе склалі адміністратыўныя пратаколы, адну дзяўчыну з РАУС забрала хуткая дапамога[7]. Па адміністрацыйнай справе Галкоўскі адбыў 15 сутак арышту. Таксама на падставе гэтага выпадку была распачата крымінальная справа за абразу прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса РБ)(бо пудзіла нібыта мела знешнія прыкметы, сходныя са знешнімі прыкметамі Аляксандра Лукашэнкі) супраць траіх удзельнікаў святкавання: Аляксандра Галкоўскага, Багдана Шымановіча, 48-гадовага былога доктара анэстэзіёлага-рэаніматолага, а на момант затрымання самазанятага рамесніка, і Андрэя Хадкевіча, 56-гадовага шліфоўшчыка. Усе яны не прызналі сябе вінаватымі, ніхто з іх раней не быў судзімы і не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці — за выключэннем 15 сутак арышту па гэтай справе.

Суд распачаўся ў верасні 2021, на ім Галкоўскі, у тым ліку, засведчыў пра працэсуальныя парушэнні і пагрозы: «У першую ноч у мяне было тры дадатковыя допыты, якія нідзе не фігуруюць. Людзі пэўнага целаскладу, якія не прадстаўляліся, патрабавалі ад мяне „паролі-яўкі“, пагражалі тэрмінам да пяці гадоў. Верагодна, гэта былі прадстаўнікі КДБ і ГУБАЗіК. Я разумеў, што калі нешта не падпішу, магу адтуль не выйсці. Следчы сказаў так. Я прыняў рашэнне, каб выйсці з сутак, сказаць так. Тыя паказанні я не падтрымліваю, гэта было на эмоцыях. Прамога прымусу не было, але я ўспрыняў гэта як пагрозу, што я не выйду. Калі табе пагражаюць, што твая жонка будзе шыць рукавіцы ў гомельскай калоніі, а твой сын будзе па дзетдамах цягацца — як я павінен быў паступіць? Для мяне, як для законапаслухмянага грамадзяніна, які нават за безбілетны праезд не меў штрафаў, гэта быў шок і стрэсавы стан»[8].

14 верасня 2021 суд Маладзечанскага раёна ў асобе суддзі Алега Лагачова па запыце пракурора Алены Балоцінай вынес прысуды тром абвінавачаным, Аляксандр Галкоўскі атрымаў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»), нягледзячы на тое, што на яго ўтрыманні знаходзіцца пяцігадовае дзіця, а сям’я пражывала ў жытле, выдзеленым Галкоўскаму па месцы яго працы[8].

З 16 кастрычніка 2021 Галкоўскі пачаў адбываць прызначаны судом тэрмін ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску, дзе працуе на пілараме, робіць паддоны.

25 кастрычніка 2021 года дзевяць беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, прызналі Аляксандра Галкоўскага палітычным зняволеным, яго справа стала яшчэ адной у шэрагу крымінальных пераследаў па дыфамацыйных артыкулах, за дэкрыміналізацыю якіх выступае праваабарончая супольнасць Беларусі[9].

Публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

  • Музей музея? : [пра Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей] / Аляксандр Галкоўскі // Краязнаўчая газета. — 2013. — № 35 (верасень). — С. 3.
  • Спроба разбору Клімавіцкай легенды / Аляксандр Галкоўскі // Краязнаўчая газета. — 2013. — № 47 (снежань). — С. 5.
  • Фэст у Клімавічах : [супрацоўнікі краязнаўчага музея і спецыялісты раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму правялі экскурсіі] / Аляксандр Галкоўскі // Краязнаўчая газета. — 2015. — № 17 (май). — С. 3.
  • Захаваная памяць страчанай зямлі = Сохраненная память утраченной земли = Preserved memory of the lost land : [альбом / укладальнікі: Б. А. Лазука, А. А. Галкоўскі; аўтар тэксту А. А. Галкоўскі; фота: М. П. Мельнікаў і інш.]. ― Мінск : Беларусь, 2016. — 206, [1] с. : каляр. іл. ; 29 см.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]