Батальён КАП «Валожын»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Батальён Корпуса аховы памежжа «Валожын»
Batalion KOP «Wołożyn»
Даўні млын, перабудаваны ў казармы батальёна «Валожын», 1930-я г.
Гады існавання 1927—1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Полк КАП «Валожын» →
Брыгада КАП «Вільна»
Тып батальён
Дыслакацыя Валожын
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры маёр Ежы Станіслаў Дэмбоўскі
маёр Мечыслаў Сакалоўскі

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Вало́жын» (польск.: Batalion KOP «Wołożyn») — дваццаць восьмы рэзервовы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Валожыне ў 1927—1939 гадах. Удзельнічаў у Польскай абарончай вайне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. Увосень 1927 г., падчас чацвёртага этапа арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння быў сфармаваны 28-ы рэзервовы батальён, адзінкай для ўтварэння якога стаў 77-ы пяхотны полк.

У склад батальёна ўвайшлі тры пяхотныя роты, рэзервовы і кулямётны ўзводы. Штат служачых налічваў 22 афіцэры, 164 унтэр-афіцэраў і 501 шараговых жаўнераў. Да канца 1927 года батальён, падпарадкаваны брыгадзе «Вілейка» і размешчаны ў Валожыне прыступіў да службы на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства[2].

У 1929 годзе падраздзяленне было пераназвана ў батальён «Валожын» згодна з правілам, паводле якога адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца у адпаведнасці з мясцовасцямі іх дыслакацыі і ўвайшло ў склад аднайменнага палка. На той час рыштунак гарнізона складаўся з 817 вінтовак Бярц’е ўзора 1916 г., 44 ручных кулямётаў «Бергман» узора 1915 г. і 8 станкавых кулямётаў «Гочкіс» узора 1914 года[3].

Пасля правядзення рэарганізацыі «R.2» у 1932 г., адбыліся змены ў складзе батальёна, які стаў складацца з камандавання, узвода сувязі, кулямётнай, школьнай і трох стралковых ротаў. Па звестках 1936 г., у падраздзяленні былі задзейнічаны 22 афіцэры, 64 унтэр-афіцэры, 15 жаўнераў тэрміновай і 649 надтэрміновай службы.

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго батальён атрымаў новую працу. Ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для камандавання палка «Валожын», паліцэйскага ўчастка пры ім і станцыі паштовых галубоў «Багданаў»[4].

15 мая 1939 года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватармейстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра па гаспадарчых справах, пасада цясляра — на гаспадарчага афіцэра, намесніка афіцэра па матэрыялах для ўзбраення — на збройніка, намесніка афіцэра па матэрыялах для харчовых справаў — на харчовага афіцэра[5].

Мабілізацыя і ўдзел у абарончай вайне[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1939 г. мабілізаваны батальён «Валожын» быў перамешчаны ў раён Жыўца і там уключаны ў склад 1-й горнай брыгады як 3-і батальён другога пяхотнага палка КАП, што падпарадкоўваўся арміі «Кракаў»  (англ.).

9 верасня 1939 г. частка батальёна пад камандаваннем капітана Пятра Тымкевіча і 4-ы фартыфікацыйны батальён уступілі ў бой з надыходзячымі на Кальбушова падраздзяленнямі 2-й танкавай дывізіі Вермахта. Падчас сутыкнення загінуў паручнік Уладзімір Далецкі.

Пасля адыходу часткі падраздзялення, прызначанай да 1-й горнай брыгады, яго гарнізон і штат не былі адноўлены і ўтварылі арганізацыйную падтрымку батальёну «Івянец»[6].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • 1 школьная стралковая рота
    • Гаспадарчая дружына
    • Тры школьныя стралковыя ўзводы па тры дружыны
  • 2 школьная стралковая рота
    • Гаспадарчая дружына
    • Два ўзводы па тры дружыны
  • Школьная кулямётная рота
    • Гаспадарчая дружына
    • Два школьныя кулямётныя ўзводы па тры дружыны
    • 3 школьны зброевы ўзвод[7]

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіры батальёна[правіць | правіць зыходнік]

  • жнівень 1929 — 5 снежня 1929 — маёр дыпламаваны Станіслаў Садоўскі[8]
  • 31 сакавіка 1930 — снежань 1931 — падпалкоўнік пяхоты Францішак Кубіцкі[8]
  • 10 снежня 1931 — 18 красавіка 1932 — падпалкоўнік пяхоты Казімер Зігмунт Чарнецкі[8]
  • 18 красавіка 1932 — 27 жніўня 1933 — маёр пяхоты Адам Абтуловіч[8]
  • 27 жніўня 1933 — кастрычнік 1935 — маёр пяхоты Ян Ляховіч[8]
  • кастрычнік 1935 — жнівень 1936 — маёр пяхоты Тадэвуш Жарэк[8]
  • верасень 1936 — 30 красавіка 1938 — маёр пяхоты Ежы Станіслаў Дэмбоўскі[8]
  • 30 красавіка 1938 — верасень 1939 — маёр пяхоты Мечыслаў Сакалоўскі[8]

Штат батальёна ў 1939 годзе[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандзір — маёр Мечыслаў Сакалоўскі
  • Ад’ютант — капітан Станіслаў Мічулка
  • Кватэрмайстар — капітан Вітольд Вебер
  • Лекар — капітан Здзіслаў Студзяніцкі
  • Цясляр — капітан Бранслаў Квяткоўскі
  • Афіцэр па матэрыялах — капітан Станіслаў Гжэгорчык
  • Камандзір першай стралковай роты — капітан Пётр Тымкевіч
  • Камандзір другой стралковай роты — капітан Станіслаў Шаблоўскі
  • Камандзір трэцяй стралковай роты — капітан Зыгмунт Вайдовіч
  • Камандзір чацвёртай стралковай роты — паручнік Аляксандр Рыбнік
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Караль Варт[9]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.