Батальён КАП «Будслаў»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Батальён Корпуса аховы памежжа «Будслаў»
Batalion KOP «Budsław»
Гады існавання верасень 1924 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Вілейка» (1924—1929) →
Полк КАП «Вілейка» (1929—1939)
Тып воінскае фарміраванне
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 828 жаўнераў
Дыслакацыя Будслаў
Рыштунак Кулямёты, мушкетоны, вінтоўкі, карабіны, пісталеты
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры маёр Баляслаў Міргалоўскі
маёр Мечыслаў Бачкоўскі

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Бу́дслаў» (польск.: Batalion KOP «Budsław») — першы батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Будславе ў 1924—1939 гадах. Падчас польскай абарончай вайны сфармаваў батальён у складзе 207-га пяхотнага палка, у складзе якога прымаў удзел у бітве за Львоў, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь — у абароне дзяржаўных межаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На першым этапе яго арганізацыі ў 1924 г. паводле загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 г. была сфармавана трэцяя брыгада, а ў яе складзе — першы памежны батальён[2].

Першапачаткова ў яго склад увайшлі дружына камандавання батальёна, узвод сувязі і чатыры пяхотныя роты. Штат служачых складаўся з 25 афіцэраў, 200 унтэр-афіцэраў і 603 шараговых. Ва ўзбраенні знаходзіліся 2 станкавыя і 48 ручных кулямётаў, 48 мушкетонаў, 439 вінтовак, 280 карабінаў і 32 пісталеты. З ліку транспартных сродкаў існавалі 15 конных вазоў, 1 матацыкл і 7 ровараў[3].

Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы ў пачатку яго існавання складала 101 км (у 1934 г. — 113.243 км), з іх ліку на адну памежную роту даводзілася 25 км, а на стражніцу — 5 км. Аддаленасць камандавання батальёна ад камандавання брыгады ў Вілейцы складала 55 км[4].

3 кастрычніка 1924 г. маёр Баляслаў Міргалоўскі быў пераведзены з пятнаццатага пяхотнага палка «Вілкаў» у Корпус аховы памежжа на пасаду камандзіра першага батальёна, які да канца месяца прыступіў да працы на абшарах Віленскага ваяводства. У 1926 годзе на ўзроўні брыгады была арганізавана школа для падрыхтоўкі ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была адчынена ў Вілейцы, аднак праз два гады ліквідавана. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў заснаваны школьны батальён Корпуса аховы памежжа[5]. Акрамя таго, дзеля павышэння колькасці кваліфікаваных кадраў 1 красавіка 1928 года пры батальёне ўтварыўся цэнтр падрыхтоўкі сапёраў[6]. Улетку 1929 года пасля скасавання трэцяй памежнай брыгады батальён быў уключаны ў склад створанага палка «Вілейка». На той час ва ўзбраенні падраздзялення былі 953 вінтоўкі Бярц’е ўзора 1916 года, 64 ручныя кулямётамы «Шаша» узора 1915 года і 2 станкавыя кулямёты «Гочкіс» узору 1914 года[7].

У ліпені 1929 г. было прынята правіла, згодна з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назву згодна з мясцовасцю іх размяшчэння, у выніку чаго першы памежны батальён быў пераназваны ў батальён «Будслаў». Разам з тым, абавязковая нумарацыя адзінак КАП захоўвалася да 1931 г., пакуль не была цалкам скасавана. Пасля праведзенай рэарганізацыі «R.2» камандаванню батальёна сталі падпарадкоўвацца ўзвод сувязі, кулямётная, школьная, рэзервоая і чатыры памежныя роты. У штаце служачых налічвалася 22 афіцэры, 83 унтэр-афіцэраў, 29 звыштэрміновых і 736 шараговых жаўнераў[8].

Загадам ад 23 лютага 1937 года распачалася першая фаза рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.3», адным з вынікаў якой стала рэфармаванне батальёна «Будслаў» шляхам надання яму статуса адміністрацыйнай адзінкі з адначасовай рэарганізацыяй камандавання. У той жа час адміністрацыйнай адзінкай для батальёна стаў полк «Вілейка». У выніку рэалізацыі праграмы «R.3» будынак стражніцы «Скарада» роты «Альковічы» было загадана перанесці ў вёску Сачыўкі з прызначэннем кватэры для яго камандавання[9].

Згодна з распараджэннем камандзіра Корпуса аховы памежжа Яна Крушэўскага, 1 красавіка 1939 г. было ліквідавана падкватэрмайстарства батальёна з утварэннем кватэрмайстарства. Ад 15 мая таго ж года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра. Улетку 1939 года «Будслаў» стаў мабілізацыйнай адзінкай для выведвальнай роты і першага батальёна 207-га пяхотнага палка. Гэтыя падраздзяленні былі сфармаваны падчас усеагульнай мабілізацыі напачатку верасня 1939 г. і ўвайшлі ў склад 35-й рэзервовай пяхотнай дывізіі. У складзе гэтага палка батальён прымаў удзел у бітве за Львоў[10].

Па заканчэнні мабілізацыі сваіх падраздзяленняў у 207-ы пяхотны полк батальён «Будслаў» адрадзіў сваю дзейнасць з прыцягваннем рэкрутаў і рэзервістаў. Непрацяглы час ахоўваў мяжу з БССР даўжынёй 112.143 км. Ад 17 верасня прымаў удзел у абароне дзяржаўнай мяжы падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь[11].

Напад на батальён[правіць | правіць зыходнік]

Памежнікі з батальёна «Будслаў» пад кіраўніцтвам маёра Мечыслава Бачкоўскага 17 верасня 1939 г. распачалі баі з другой стралковай дывізіяй, 14-й і часткова 13-ым і 15-ым аддзеламі памежных войскаў НКУС, якія атакавалі мяжу з усходу. Стражніцы з чацвёртай памежнай роты «Докшыцы» збольшага не змаглі аказаць належнага супраціву. Выняткам стала стражніца «Парэчча», у ходзе бою з якой загінулі два савецкія салдаты з трынаццатага аддзела памежных войскаў, а адзін салдат з другой стралковай дывізіі быў паранены. Усё ж стражніца была захоплена а шостай гадзіне раніцы. Стражніца «Камайск» была атакавана 157-ым кавалерыйскім палком, у выніку чаго апынулася захопленай. Як паведамілі савецкія крыніцы наконт нападу на стражніцу «Камайск»: «Польскія жаўнеры ў ніжняй бялізне з вінтоўкамі схаваліся ў лесе. Палеглых няма»[12].

Стражніцы другой роты «Гняздзілава» былі атакаваны падраздзяленнямі 13-га аддзела памежных войскаў НКУС, якія знішчылі рэзервовую роту. На стражніцы роты «Даўгінава» пачаў наступ 14-ы аддзел памежных войскаў. Стражніца «Мільча» змагалася на працягу гадзіны і была захоплена: у палон трапіў яе камандзір, але некалькі памежнікаў здолелі ўцячы ў кірунку Даўгінава. Стражніца «Пагост» таксама ўступіла ў бой, падчас якога памерлі камандзір заставы і некалькі жаўнераў; з савецкага боку загінуў камандзір атакуючага аддзелу лейтэнант Пятроў, а яго намеснік, палітрук Канькоў, быў паранены. Стражніца «Караліна» таксама прыняла ўдзел у сутыкненнях, у выніку чаго тры служачыя былі забіты, а пяцёра апынуліся ў савецкім палоне[12].

Падраздзяленні, размешчаныя ў Даўгінаве, без бою адышлі ў кірунку Будслава, дзе далучыліся да адступаючых частак. Стражніцы першай роты «Альковічы» падвергліся нападу 14-га памежнага аддзелу НКУС і падраздзяленняў другой стралковай дывізіі. Стражніца «Пасекі» пасля непрацяглага бою была ўзята: 13 жаўнераў былі забіты і 6 узяты ў палон, паранены 5 чырвонаармейцаў. Астатнія памежныя заставы з гэтай роты не прымалі ўдзелу ў бітвах, таму што здолелі адступіць да Альковічаў. Іншыя вайсковыя часткі, размешчаныя ў гэтым мястэчку таксама рэціраваліся ў кірунку Будслава і на наступны дзень далучыліся да адыходзячых батальёнаў, сярод якіх было і кіраўніцтва рэзервоай роты[13].

Здарэнні[правіць | правіць зыходнік]

Захаваліся звесткі аб здарэннях на тэрыторыі, якую ахоўваў батальён з 20 па 27 студзеня 1925 г.:

  • 20 студзеня 1925 г. у хаце нейкага Стасяка ў Будславе выбухнула граната, параніўшы яго дваіх сыноў і дачку. Хата была асабістым жыллём Стасяка, у ёй не кватаравалі польскія жаўнеры[14].
  • 24 студзеня 1925 г. савецкія памежныя войскі на адлегласці 150 м. ад мяжы з Польшчай пры дарозе з Вардамічаў на ўсход пабудавалі назіральную вышку вышынёй каля 2 м.[15]
  • 25 студзеня 1925 г. а другой гадзіне ночы жаўнеры батальёна «Будслаў» выратавалі нейкага Генрыка Янковіча, які тануў у Сэрвачы каля Будслава. Тапелец апынуўся злодзеем, якога адшуквала паліцыя, куды ён і быў перададзены[15].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

У склад батальёна «Будслаў» уваходзілі камандаванне батальёнам, узвод сувязі, рэзервовая, кулямётная і чатыры памежных роты:[16]

  • 1 памежная рота «Альковічы»
    • Стражніца «Сачыўкі»
    • Стражніца «Скарада»
    • Стражніца «Пасекі»
    • Стражніца «Пруднікі»
    • Стражніца «Зацемень»
  • 3 памежная рота «Даўгінава»
    • Стражніца «Саланое»
    • Стражніца «Мільча»
    • Стражніца «Пагост»

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіры батальёна[правіць | правіць зыходнік]

  • 3 кастрычніка 1924 — 5 лістапада 1928 — маёр пяхоты Баляслаў Міргалоўскі
  • 19 жніўня 1929 — 18 красавіка 1935 — падпалкоўнік пяхоты Юліян Чубрыт
  • 18 красавіка 1935 — лістапад 1936 — маёр пяхоты Адам Абтуловіч
  • лістапад 1936 — красавік 1938 — маёр пяхоты Яўген Сакольскі
  • 1 мая 1938 — студзень 1939 — маёр пяхоты Адольф Галіноўскі
  • 1 сакавіка 1939 — 31 жніўня 1939 — падпалкоўнік пяхоты Яўген Юрусь
  • 1 верасня 1939 — 17 верасня 1939 — маёр пяхоты Мечыслаў Бачкоўскі[18]

Штат батальёна ў чэрвені 1939 года[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандзір — падпалкоўнік Яўген Юрусь
  • Намеснік камандзіра — маёр Вацлаў Майхроўскі
  • Ад’ютантпаручнік Эдмунд Гойскі
  • Камандзір першай памежнай роты — капітан Ян Шчэсняк
  • Камандзір другой памежнай роты — капітан Стэфан Вітольд Пшэдпелскі
  • Камандзір трэцяй памежнай роты — капітан Славамір Накельскі
  • Камандзір чацвёртай памежнай роты — капітан Зыгмунт Станіслаў Валігорскі
  • Камандзір рэзервовай роты — паручнік Уладзіслаў Зыгмунт Галька
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Уладзіслаў Ставоўскі[19]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Komunikaty dyslokacyjne KOP. — 1938.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №12/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Meldunki sytuacyjne dowództwa Korpusu Ochrony Pogranicza №15/1925. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 1925.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Рышард Рыбка, Каміль Стэпан. Najlepsza broń. Plan mobilizacyjny „W” i jego ewolucja. — Варшава: Adiutor, 2010. — ISBN 978-83-86100-83-5.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.