Батальён КАП «Давыд-Гарадок»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Батальён Корпуса аховы памежжа «Давыд-Гарадок»
Batalion KOP «Dawidgródek»
Урачыстасці з нагоды 10-годдзя Корпуса аховы памежжа перад штабам батальёна, 1934 г.
Гады існавання сакавік 1925 — верасень 1939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Палессе»
Тып батальён
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Колькасць 728 жаўнераў
Дыслакацыя Давыд-Гарадок
Рыштунак Кулямёты, вінтоўкі
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры маёр Юліян Мамчынскі

Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Давы́д-Гарадо́к» (польск.: Batalion KOP «Dawidgródek») — сямнаццаты батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Давыд-Гарадку ў 1925—1939 гадах. Удзельнічаў у польскай абарончай вайне ў складзе 97-га пяхотнага палка, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь прымаў удзел у абароне дзяржаўных межаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На другім этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба ад 1 сакавіка 1925 года была заснавана пятая памежная брыгада, а ў яе складзе — сямнаццаты памежны батальён, адзінкай для фармавання якога стаў 83-і пяхотны полк[2].

25 лютага 1925 года маёр Юліян Мамчынскі быў пераведзены з 32-га пяхотнага палка ў Модлінскай крэпасці да Корпуса аховы памежжа на пасаду камандзіра сямнаццатага батальёна, які пачаў несці службу ў Палескім ваяводстве. Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы складала 87 км, з іх ліку на адну роту даводзілася 29 км, на стражніцу — 6 км. Адлегласць камандавання брыгады ад камандавання батальёна дасягала 30 км[3].

Дзеля павелічэння колькасці кваліфікаваных сапёраў з 1 красавіка 1928 года пры батальёне пачаў працаваць адмысловы цэнтр для іх падрыхтоўкі[4]. У ліпені 1929 года пятая брыгада аховы памежжа была пераназвана ў брыгаду «Палессе» згодна з правілам, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца паводле мясцовасцяў іх дыслакацыі, у той час як існуючы ў яе складзе сямнаццаты батальён стаў афіцыйна называцца батальёнам «Давыд-Гарадок». Некаторы час нумарацыя адзінак захоўвалася, але ў 1931 годзе была цалкам скасавана[5].

На той час рыштунак батальёна складаўся з 712 нямецкіх вінтовак «Маўзер» узора 1898 г., 51 ручных кулямётаў «Бергман» узора 1915 г. і 8 станкавых кулямётаў Максіма ўзора 1908 года[6].

У выніку рэарганізацыі батальёна, праведзенай у 1931 г. замест існуючых кулямётных узводаў была заснавана кулямётная рота. Таксама было арганізавана навучанне кадраў для рэзервовага ўзвода, пасля чаго структура падраздзялення стала складацца з камандавання, узводу сувязі, кулямётнай, рэзервовай і трох памежных ротаў. Па звестках лістапада 1936 г. у батальёне служылі 20 афіцэраў, 69 унтэр-афіцэраў, 25 звыштэрміновых і 614 жаўнераў тэрміновай службы[7].

Загадам ад 23 лютага 1937 года быў распачаты першы этап рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго батальён атрымаў новую працу. Цяпер ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для роты сапёраў «Столін» і паліцэйскага ўчастка (пастарунка) «Давыд-Гарадок». Падчас рэалізацыі праграмы «R.3» было загадана разабраць будынкі ліквідаванай стражніцы «Хутар Тэйса». Таксама былі знесены будынкі стражніцы «Дубок», з матэрыялаў якой пачалося ўзвядзенне казармаў для стражніцы «Малешава»[8].

Ад 15 мая 1939 года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра. Улетку таго ж года «Давыд-Гарадок» стаў мабілізацыйнай адзінкай у складзе 38-й рэзервовай дывізіі для 97-га пяхотнага палка. Пасля пачатку ўсеагульнай мабілізацыі ў верасні 1939 г. прымаў удзел у кампаніі разам з палком у складзе арміі «Карпаты»[9].

Пасля ад’езду асабовага склада батальёна, гарнізон у Давыд-Гарадку праз прыцягненне рэзервістаў і рэкрутаў рэканструяваў сваю частку, пасля чаго даўжыня ахоўванага ім адрэзка мяжы паменшылася і склала 78.205 км.

Напад на батальён[правіць | правіць зыходнік]

17 верасня 1939 г. на дзяржаўную мяжу, якую ахоўваў батальён, быў учынены напад з усходняга боку, здзейснены ў межах пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Памежнікі распачалі бой з падраздзяленнямі 18-га аддзела памежных войскаў НКУС, аднак на працягу дня стражніцы здолелі ўтрымаць свае пазіцыі. Увечары служачыя батальёну адступілі, за выняткам стражніцы «Малешава», якая была захоплена толькі 19 верасня ў выніку кароткачасовага бою, падчас якога загінула двое польскіх жаўнераў, адзін быў паранены, а восемь памежнікаў былі ўзяты ў палон[10].

У сувязі з наступам чырвонаармейцаў 17 верасня камандзір Корпуса аховы памежжа Вільгельм Орлік-Рукеман выдаў ліст да служачых батальёна «Давыд-Гарадок», у якім загадваў сканцэнтравацца на фартафікацыйнай лініі на рацэ Случ у раёне Любашава, Марочна і Сядлішча. Канцэнтрацыя павінна была праводзіцца пад абаронай палка «Сарны», які мусіў быў заняць фартыфікацыйныя збудаванні[11].

Аднак, пад націскам савецкіх войскаў, батальён быў вымушаны адыйсці раніцай 19 чэрвеня ў кірунку Століна і на наступны дзень фарсіраваў Стыр пад Старымі Коньмі. Нягледзячы на кепскае ўзбраенне, ён усё яшчэ быў здольнай да бою адзінкай. Урэшце батальён далучыўся да іншых польскіх вайскоўцаў, якія сабраліся разам каля вёскі Кухецкая Воля  (укр.) і працягнуў удзел у вайне ў складзе гэтак званага злучэння генерала Орлік-Рукемана, якое налічвала каля 8700 памежнікаў і 300 афіцэраў[12].

Будынак батальёна[правіць | правіць зыходнік]

Часткова захаваўся будынак колішніх казармаў батальёна «Давыд-Гарадок», які быў узведзены паводле праекта архітэктара Тадэвуша Навакоўскага ў стылі мадэрн. Гэта адзін з дзвюх захаваных на тэрыторыі Беларусі будынкаў падобнага тыпу, іншы знаходзіцца ў Клецку[13].

Рота сапёраў «Столін»[правіць | правіць зыходнік]

Дзеля павелічэння колькасці кваліфікаваных сапёраў з 1 красавіка 1928 года пры батальёне пачаў працаваць адмысловы цэнтр для іх падрыхтоўкі[4]. 6 красавіка 1928 г. на пасаду каменданта цэнтра быў назначаны паручнік Геранім Курчэўскі з 7-га сапёрнага палка. 1 сакавіка 1931 года цэнтр быў ліквідаваны, а на яго базе пры ўдзеле сапёрскіх дружынаў была ўтворана рота сапёраў «Палессе». У той час яна была размешчана ў Давыд-Гарадку, у памяшканнях 17-га памежнага батальёна. Камандзірам роты стаў папярэдні камендант цэнтра падрыхтоўкі сапёраў. З пункту гледжання службы рота падпарадкоўвалася камандзіру брыгады, а з навучальнага пункту гледжання — камандзіру Корпуса аховы памежжа. Для патрэбаў фарміравання роты 18-ы пяхотны і 30-ы стралковы палкі камандзіравалі 62 шараговых жаўнераў[14].

Ад 18 мая 1934 г. у складзе сапёрнай роты знаходзіліся наступныя вайсковыя падраздзяленні: камандаванне, гаспадарчая дружына, 1-ы сапёрны ўзвод па чатыры дружыны і 2-і і 3-і ўзводы па тры дружыны. Службу неслі 123 жаўнеры, у тым ліку 4 афіцэры, 13 унтэр-афіцэраў і 106 сапёраў[15].

У сакавіку 1939 г. рота пад камандаваннем капітана Чэслава Павульскага была мабілізавана і перадыслакавана ў раён дзеянняў арміі «Познань»  (польск.) пад Калішам. Там яна ўвайшла ў склад сфармаванага 25-га сапёрнага батальёна. Праводзіла фартыфікацыйныя працы на лініі КратошынОстраў Велькапольскі і на рацэ Просна. Ад пачатку вераснёвай кампаніі рота была перамешчана ў кірунку Варшавы. 9 верасня была прызначана да 17-й Велькапольскай пяхотнай дывізіі і ў яе складзе брала ўдзел ў бітве на Бзуры — адным з першых буйных баёў Другой сусветнай вайны. Падчас бітваў рота забяспечвала праходы лагераў праз калоны і арганізоўвала пасіўную супрацьтанкавую абарону. Пасля бітвы рота была перадыслакавана ў польскую сталіцу, дзе ўвайшла ў склад рэзерву камандавання абаронай Варшавы. Брала ўдзел у абароне ажно да капітуляцыі горада[16].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандаванне батальёнам
  • Узвод сувязі
  • Рота запаса
  • Кулямётная рота
  • 1 памежная рота «Альгомель»
    • Стражніца «Прыпяць»
    • Стражніца «Возера»
    • Стражніца «Малешава»
    • Стражніца «Талмачава»
    • Стражніца «Луткі» (вёска)
    • Стражніца «Луткі» (двор)
  • 2 памежная рота «Хутары Мярлінскія»
    • Стражніца «Хутар Тэйса»
    • Стражніца «Бяроза»
    • Стражніца «Корна»
    • Стражніца «Рубрын»
  • 3 памежная рота «Колкі»
    • Стражніца «Кружніца»
    • Стражніца «Лучына»
    • Стражніца «Храпунь»
    • Стражніца «Дубок»[17]

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіры батальёна[правіць | правіць зыходнік]

  • 25 лютага 1925 — 31 кастрычніка 1927 — маёр Юліян Мамчынскі[18]
  • 31 кастрычніка 1927 — 20 верасня 1930 — падпалкоўнік Рудольф Войнар
  • 20 верасня 1930 — 21 лістапада 1932 — маёр Францішак Угрыновіч
  • 21 лістапада 1932 — 19 верасня 1936 — падпалкоўнік Стэфан Заяц[19]
  • 19 верасня 1936 — 19 лістапада 1936 — маёр Станіслаў Навіцкі[19]
  • 11 снежня 1936 — верасень 1939 — маёр Якуб Юзаф Тжэсінскі[20]
  • верасень 1939 — маёр Яцэк Тамашэўскі[9]

Штат батальёна ў чэрвені 1939 года[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандзір — маёр Якуб Юзаф Тжэсінскі
  • Намеснік камандзіра — маёр Ян Людвік Вішнеўскі
  • Камандзір рэзервовай роты — капітан Антоні Бероўскі
  • Камандзір кулямётнай роты — капітан Уладзіслаў Вітольд Чалхоўскі
  • Ад’ютант — капітан Міхал Гарваліньскі
  • Камандзір першай памежнай роты — капітан Казімер Заборшчык
  • Камандзір другой памежнай роты — капітан Францішак Антоні Палка
  • Камандзір трэцяй памежнай роты — капітан Стэфан Беганоўскі[21]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Дамінічак 1992, с. 111.
  2. Прохвіч 1994, с. 151.
  3. Komunikaty dyslokacyjne 1928, с. 3.
  4. а б Бяроза, Шчэпаньскі 2014, с. 51.
  5. Вішнеўская, Проміньская 2013, с. 2.
  6. Канстанкевіч, Прохвіч, Руткевіч 2003, с. 101.
  7. Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 371.
  8. Прохвіч 1994, с. 157.
  9. а б Прохвіч 2003, с. 167.
  10. Прохвіч 2003, с. 200.
  11. Прохвіч 2003, с. 236.
  12. Прохвіч 2003, с. 249—250.
  13. "Давыд-Гарадок: гарнізон пяхотнага батальёна КАП (Korpusu Ochrony Pogranicza)". LiveJournal. 2013. Праверана 2019-04-25. {{cite journal}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка)
  14. Прохвіч 2003, с. 43.
  15. Кутар 2005, с. 50.
  16. Прохвіч 2003, с. 107.
  17. Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 302—303.
  18. Фалькевіч 1925, с. 34.
  19. а б Вішнеўская, Проміньская 2013, с. 9.
  20. Поляк, Прохвіч, Яблонаўскі, Янкоўскі 2001, с. 680.
  21. Рыбка, Стэпан 2010, с. 931.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Komunikaty dyslokacyjne KOP. — 1928.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Здзіслаў Юзаф Кутар. Saperzy II Rzeczypospolitej. — Варшава: Pat, 2005. — ISBN 83-921881-3-6.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Станіслаў Фалькевіч. Korpus Ochrony Pogranicza. W pierwsza rocznice objecia sluzby na wschodniej granicy Rzeczypospolitej 1924—1925. — Варшава: Druk. Ministerstwa Spraw Wojskowych, 1925.
  • Рышард Рыбка, Каміль Стэпан. Najlepsza broń. Plan mobilizacyjny „W” i jego ewolucja. — Варшава: Adiutor, 2010. — ISBN 978-83-86100-83-5.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.