Полк КАП «Глыбокае»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Полк Корпуса аховы памежжа «Глыбокае»
Pułk KOP «Głębokie»
Штаб палка ў будынках колішняга кляштара
Гады існавання 19271939
Краіна  Польшча
Падпарадкаванне Корпус аховы памежжа
Уваходзіць у Брыгада КАП «Вілейка» (1927—1929) → Брыгада КАП «Вільна» (1929—1939)
Тып полк
Дыслакацыя Падсвілле
Беразвечча (цяпер — у межах Глыбокага)
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Удзел у
Камандзіры
Вядомыя камандзіры падпалкоўнік Уладзіслаў Калінскі
падпалкоўнік Ян Святкоўскі

Полк Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Глыбо́кае» (польск.: Pułk KOP «Głębokie») — пяхотнае падраздзяленне Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якое размяшчалася ў Падсвіллі і Глыбокім у 1927—1939 гадах. Полк удзельнічаў у абароне дзяржаўных межаў падчас паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Восенню 1927 года ў складзе трэцяй памежнай брыгады была ўтворана 3-я паўбрыгада аховы памежжа, камандаванню якой сталі падпарадкоўвацца два памежныя батальёны і два кавалерыйскія эскадроны. Кіраўніцтва паўбрыгады знаходзілася спачатку ў мястэчку Падсвілле, але 15 студзеня наступнага года было перанесена ў Глыбокае, у прадмесце Беразвечча, дзе размясцілася ў будынках былога базыльянскага кляштара[1].

Улетку 1929 г., у выніку дзеяння правіла, паводле якога адзінкі Корпуса аховы памежжа атрымлівалі назвы згодна з мясцовасцямі іх размяшчэння, трэцяя паўбрыгада была пераназвана ў полк «Глыбокае», які стаў падпарадкоўвацца камандаванню брыгады «Вільна», але склад палка пры гэтым застаўся нязменным. Адміністрацыйна-гаспадарчым аддзелам для падраздзялення стаў сёмы памежны батальён[2].

З-за падзела 1 сакавіка 1934 г. адзінай кулямётнай роты пры цэнтральнай унтэр-афіцэрскай школе ў складзе палка «Глыбокае» адчынілася падобная ўстанова. Рота складалася з камандавання, гаспадарчай дружыны і двух узводаў для 70 навучэнцаў. Падпарадкоўвалася непасрэдна камандаванню палка, пры гэтым утварала асобную адміністратыўную адзінку, штаб якой дыслакаваўся ў Беразвеччы.

Загадам камандавання ад 23 лютага 1937 года была распачата першая фаза рэканструкцыі Корпуса аховы памежжа «R.3», адным з вынікаў якой стала рэарганізацыя палка «Глыбокае» шляхам уваходжання ў яго склад батальёна «Слабодка» і нядаўна ўтворанага батальёна «Беразвечча», а таксама рэфармаванне кіраўніцтва падраздзялення. Пасля скасавання брыгады «Вільна» полк стаў падпарадкоўвацца непасрэдна камандаванню Корпуса аховы памежжа, а яго склад пашырыўся за кошт уключэння кавалерыйскага эскадрона «Друя» і станцыі паштовых галубоў «Паставы»[3].

У трэцяй дэкадзе сакавіка 1939 г. была праведзена мабілізацыя рэзервовага батальёна «Беразвечча» і трох кавалерыйскіх эскадронаў. 26 жніўня, па сканчэнні мабілізацыі, эскадроны былі ператранспартаваны да чыгуначнай станцыі Русец, на паўночны ўсход ад Велюня, дзе ўвайшлі ў склад кавалерыйскага згуртавання «Фелікс». Батальён «Беразвечча» быў перадыслакаваны ў раён Жыўца і далучыўся да 2-га пяхотнага палка Корпуса аховы памежжа. У красавіку быў мабілізаваны, а пазней — перамешчаны ў раён Аўгустава батальён «Слабодка»[4].

24 жніўня 1939 г., падчас тэрміновай мабілізацыі, памежнае падраздзяленне «Глыбокае» стала асновай для ўтварэння 3-га пяхотнага палка Корпуса аховы памежжа, які быў уключаны ў склад самадзейнай аператыўнай групы «Нараў»  (польск.).

Пасля завяршэння ўсеагульнай мабілізацыі полк аднавіў сваю дзейнасць пры дапамозе адноўленых батальёнаў «Лужкі» і «Падсвілле», але адзін з батальёнаў — «Слабодка» — так і не быў рэканструяваны[4]. Па ўзнаўленні полк працягнуў ахову дзяржаўнай мяжы з БССР даўжынёй 164.450 км[5].

Напад на полк[правіць | правіць зыходнік]

17 верасня каля 4.00 пачаўся бой паміж палком «Глыбокае» і атакуючай яго групай «Полацк» камдыва Аляксеева, а таксама з падпарадкаванымі ёй аддзеламі памежных войскаў НКУС[6]. На яго левым флангу батальён «Лужкі» маёра Францішка Бенрата падвергся нападу 12-га савецкага аддзела аховы памежжа палкоўніка Бусарава пры падтрымцы танкаў і дыверсантаў[7]. Усе падпарадкаваныя гэтаму батальёну адзінкі абараняліся, але хутка былі знішчаны: 3-я памежная рота гэтага падраздзялення згубіла камандзіраў усіх сваіх стражніцаў, а 1-я і 2-я роты страцілі больш за палову жаўнераў. Камандзір палка аддаў загад рэшткам 1-й і 2-й памежных ротаў, а таксама рэзерву і кіраўніцтву батальёна «Лужкі» апоўдні 17 верасня пакінуць Лужкі і адысці ў бок Вільна[6]. Тое ж самае зрабіў і штаб батальёна «Падсвілле», які панёс меншыя страты асабовага складу, чым «Лужкі»[8].

Батальёны палка ў выніку страты заставаў пачалі адступаць у кірунку Глыбокага[9]. Камандаванне падраздзялення яшчэ раніцай пакінула Беразвечча і адышло ў напрамку Мосара і Відзаў[10]. Каля 19.00 кіраўніцтва палка і батальён «Падсвілле» аб’ядналіся з рэшткамі батальёна «Лужкі», пасля чаго працягнулі рух. Уначы памежнікі напаткалі савецкія танкі, і пасля непрацяглага бою афіцэры палка трапілі ў палон[11]. На наступны дзень ацалелыя часткі «Глыбокага» сабраліся ў Мосары і працягнулі адступленне да мяжы з Латвіяй, аднак на падыходзе да Глыбокага ў выніку раптоўнага сутыкнення з падраздзяленнямі 5-й стралковай дывізіі палкоўніка Кузьмы Галіцкага 30 польскіх жаўнераў былі ўзяты ў палон, а астатняя частка палка апынулася разрозненай[10].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандаванне палка
  • Кавалерыйскі эскадрон «Друя»
  • Кавалерыйскі эскадрон «Лужкі»
  • Кавалерыйскі эскадрон «Падсвілле»
  • Рэзервовы батальён «Беразвечча»
  • Станцыя паштовых галубоў «Паставы»
  • Метэаралагічны пост
  • Дзісненская паўбрыгада народнай абароны
  • 5-ы памежны батальён «Лужкі»
    • Камандаванне батальёна
    • Рэзервовая рота
    • Кулямётная рота
    • Узвод сувязі
    • 1 памежная рота «Малашкі»
    • 2 памежная рота «Цвеціна»
    • 3 памежная рота «Лявонпаль»
  • 7-ы памежны батальён «Падсвілле»
    • Камандаванне батальёнам
    • Рэзервовая рота
    • Кулямётная рота
    • Узвод сувязі
    • 1 памежная рота «Крыжоўка»
    • 2 памежная рота «Празарокі»
    • 3 памежная рота «Дзіўнікі»
  • 19-ы памежны батальён «Слабодка»
    • Камандаванне батальёнам
    • Рэзервовая рота
    • Кулямётная рота
    • Узвод сувязі
    • 1 памежная рота «Друя»
    • 2 памежная рота «Дундзеры»
    • 3 памежная рота «Мяжаны»[12]

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіры палка[правіць | правіць зыходнік]

  • 1927 — верасень 1931 — падпалкоўнік дыпламаваны Уладзіслаў Зубаш-Каліньскі[13]
  • кастрычнік 1931 — студзень 1934 — палкоўнік дыпламаваны Зыгмунт Богуш-Шышко
  • студзень 1934 — 23 лістапада 1938 — палкоўнік дыпаламаваны Люцыян Янішэўскі
  • 13 лютага 1939 — жнівень 1939 — палкоўнік Здзіслаў Аляксандр Заячкоўскі[13]
  • жнівень 1939 — верасень 1939 — падпалкоўнік Ян Святкоўскі[5]

Штат палка ў чэрвені 1939 года[правіць | правіць зыходнік]

  • Камандзір — палкоўнік Здзіслаў Аляксандр Заячкоўскі
  • Намеснік камандзіра — падпалкоўнік Ян Святкоўскі
  • Ад’ютант — капітан Стэфан Казлоўскі
  • Камандзір сувязі — капітан Зыгмунт Аўгуст Тамашэўскі
  • Камандзір эскадрона «Лужкі» — ротмістр Геліадор Рамашкевіч
  • Камандзір эскадрона «Падсвілле» — ротмістр Здзіслаў Антоні Бараноўскі
  • Камандзір эскадрона «Друя» — ротмістр Гвідон Саломан[14]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Zarządzenie organizacyjne dowódcy Korpusu Ochrony Pogranicza w sprawie reorganizacji brygad KOP nr L.dz. KOP 1025/tjn./og.org./29 z 6 lipca 1929 roku. — 1929.
  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 978-83-900217-9-9.
  • Багуслаў Поляк, Ежы Прохвіч, Марэк Яблонаўскі, Уладзімір Янкоўскі. O niepodległą i granice. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. Wybór dokumentów. — ВаршаваПултуск: Wyższa Szkoła Humanistyczna w Pułtusku. Wydział Dziennikarstwa i Nauk Politycznych Uniwersytetu Warszawskiego, 2001. — ISBN 83-88067-48-8.
  • Віктар Крыштаф Цыган. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. — Варшава: Espadon Publishing, 2006. — ISBN 978-83-60786-00-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №3 (149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część II. Przemiany organizacyjne i przygotowania wojenne KOP w 1939 roku. — «Wojskowy Przegląd Historyczny», №4 (150)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — ISBN 0043-7182.
  • Ежы Прохвіч. Formacje Korpusu Ochrony Pogranicza w 1939 roku. — Варшава: Wydawnictwo Neriton, 2003. — ISBN 83-88973-58-4.
  • Ежы Прохвіч. Walki oddziałów KOP na obszarach północno-wschodniej Polski. — Беласток: Беларускі Гістарычны Зборнік, 2000. — ISBN 1232-7468. Архівавана 5 сакавіка 2016.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Ян Ляховіч. Bitwa 3-go Pułku Piechoty Korpusu Ochrony Pogranicza (3 P.P. K.O.P.) z wojskami sowieckimi we wrześniu 1939 roku. — Лондан: Instytut Polski i Muzeum im. gen. Sikorskiego w Londynie, 1967.