Берлінская наступальная аперацыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Берлінская наступальная аперацыя — адна з апошніх стратэгічных аперацый савецкіх войскаў на Еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў, у ходзе якой Чырвоная Армія заняла сталіцу Германіі і пераможна завяршыла Вялікую Айчынную вайну і Другую сусветную вайну ў Еўропе. Аперацыя працягвалася 23 дні - з 16 красавіка па 8 мая 1945 года, на працягу якіх савецкія войскі прасунуліся на захад на адлегласць ад 100 да 220 км. Шырыня фронту баявых дзеянняў - 300 км. У рамках аперацыі праведзены: Штэцінска-Ростакская, Зелаўска-Берлінская, Котбус-Патсдамская, Штрэмберг-Таргаўская і Брандэнбургска-Ратэнаўская франтавыя наступальныя аперацыі.

Ваенна-палітычнае становішча ў Еўропе вясной 1945 года[правіць | правіць зыходнік]

У студзені-сакавіку 1945 года войскі 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў падчас Вісла-Одэрскай, Усходне-Памеранскай, Верхне-Сілезскай і Ніжне-Сілезскай аперацый выйшлі на рубеж рэк Одэр і Нейсэ. Па карацейшай адлегласці ад кюстрынскага плацдарма да Берліна заставалася 60 км. Англа-амерыканскія войскі завяршылі ліквідацыю Рурскай групоўкі нямецкіх войскаў і да сярэдзіны красавіка перадавымі часткамі выйшлі да Эльбы. Страта важнейшых сыравінных раёнаў абумовіла спад прамысловай вытворчасці Германіі. Павялічыліся цяжкасці з папаўненнем людскіх страт, панесеных зімой 1944/45 г. Тым не менш ўзброеныя сілы Германіі яшчэ ўяўлялі сабой вялікую сілу. Паводле інфармацыі разведкі Генштаба Чырвонай Арміі, да сярэдзіны красавіка ў іх складзе налічвалася 223 дывізіі і брыгады.

Згодна з дамоўленасцямі, дасягнутымі кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі восенню 1944 года, мяжа савецкай зоны акупацыі павінна была праходзіць у 150 км на захад ад Берліна. Нягледзячы на гэта, Чэрчыль высунуў ідэю апярэдзіць Чырвоную Армію і захапіць Берлін.

Мэты бакоў[правіць | правіць зыходнік]

Германія[правіць | правіць зыходнік]

Нацысцкае кіраўніцтва імкнулася зацягнуць вайну з мэтай дасягнення сепаратнага міру з Англіяй і ЗША і расколу антыгітлераўскай кааліцыі. Пры гэтым вырашальнае значэнне набывала ўтрыманне фронту супраць Савецкага Саюза.

СССР[правіць | правіць зыходнік]

Ваенна-палітычная абстаноўка, якая склалася да красавіка 1945 года, патрабавала ад савецкага камандавання ў самыя кароткія тэрміны падрыхтаваць і правесці аперацыю па разгрому групоўкі нямецкіх войскаў на берлінскім кірунку, захопу Берліна і выхаду да ракі Эльба на злучэнне з войскамі саюзнікаў. Паспяховае выкананне гэтай стратэгічнай задачы дазваляла сарваць планы гітлераўскага кіраўніцтва па зацягванні вайны.

Для правядзення аперацыі прыцягваліся сілы трох франтоў: 1-га Беларускага, 2-га Беларускага і 1-га Украінскага, а таксама 18-я паветраная армія авіяцыі далёкага дзеяння, Дняпроўская ваенная флатылія і частка сіл Балтыйскага флоту.

Задачы савецкіх франтоў[правіць | правіць зыходнік]

1-ы Беларускі фронт

  • Авалодаць сталіцай Германіі горадам Берлін
  • Праз 12-15 дзён аперацыі выйсці на раку Эльба

1-ы Украінскі фронт

  • Нанесці рассякальны ўдар на поўдзень ад Берліна, ізаляваць галоўныя сілы групы армій «Цэнтр» ад берлінскай групоўкі і гэтым забяспечыць з поўдня галоўны ўдар 1-га Беларускага фронту
  • Разграміць групоўку праціўніка на поўдзень ад Берліна і аператыўныя рэзервы ў раёне Котбус
  • За 10-12 дзён, не пазней, выйсці на рубеж Беліц - Вітэнберг і далей па рацэ Эльбе да Дрэздэна

2-і Беларускі фронт

  • Нанесці рассякальны ўдар на поўнач ад Берліна, забяспечваючы правы фланг 1-га Беларускага фронту ад магчымых контрудараў суперніка з поўначы
  • Прыціснуць да мора і знішчыць нямецкія войскі на поўнач ад Берліна

Дняпроўская ваенная флатылія

  • Дзвюма брыгадамі рачных караблёў садзейнічаць войскам 5-й ўдарнай і 8-й гвардзейскай армій у пераправе праз Одэр і прарыве варожай абароны на кюстрынскім плацдарме
  • Трэцяй брыгадай садзейнічаць войскам 33-й арміі ў раёне Фюрстэнберг
  • Забяспечыць супрацьмінную абарону водных транспартных шляхоў.

Чырванасцяжны Балтыйскі флот

  • Падтрымаць прыморскі фланг 2-га Беларускага фронту, працягваючы блакаду прыціснутай да мора групы армій "Курляндыя" ў Латвіі (Курляндскі кацёл)

План аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

План аперацыі прадугледжваў адначасовы пераход у наступ войскаў 1-га Беларускага і 1-га Украінскага франтоў раніцай 16 красавіка 1945 года. 2-і Беларускі фронт, у сувязі з буйной перагрупоўка сваіх сіл, павінен быў пачаць наступ 20 красавіка, гэта значыць на 4 дні пазней.

1-ы Беларускі фронт павінен быў нанесці галоўны ўдар сіламі пяці агульнавайсковых (47-й, 3-й ударнай, 5-й ударнай, 8-й гвардзейскай і 3-й арміі) і двух танкавых армій з кюстрынскага плацдарма ў кірунку на Берлін. Танкавыя арміі планавалася ўвесці ў бітву пасля прарыву агульнавайсковымі арміямі другой паласы абароны на Зэелаўскіх вышынях. На ўчастку галоўнага ўдару стваралася артылерыйская шчыльнасць да 270 гармат (калібрам ад 76 мм і вышэй) на адзін кіламетр фронту прарыву. Акрамя таго, камандуючы фронтам Г. К. Жукаў вырашыў нанесці два дапаможныя ўдары: справа - сіламі 61-й савецкай і 1-й арміі Войска Польскага ў абыход Берліна з поўначы ў кірунку на Эберсвальд, Зандаў; і злева - сіламі 69-й і 33-й армій на Бонсдорф з галоўнай задачай не дапусціць адыходу ў Берлін 9-й арміі праціўніка.

1-ы Украінскі фронт павінен быў нанесці галоўны ўдар сіламі пяці армій: трох агульнавайсковых (13-я, 5-я гвардзейская і 3-я гвардзейская) і двух танкавых з раёна горада Трымбель у напрамку на Шпрэмберг. Дапаможны ўдар павінен быў быць нанесены ў агульным кірунку на Дрэздэн сіламі 2-й арміі Войска Польскага і часткай сіл 52-й арміі.

Размежавальная лінія паміж 1-м Украінскім і 1-м Беларускім франтамі абрывалася ў 50 км паўднёвы ўсход ад Берліна ў раёне горада Любен, што дазваляла, у выпадку неабходнасці, войскам 1-га Украінскага фронту нанесці ўдар на Берлін з поўдня.

Камандуючы 2-м Беларускім фронтам К. К. Ракасоўскі вырашыў нанесці галоўны ўдар сіламі 65, 70 і 49 армій у кірунку на Нейстрэліц. Развіваць поспех пасля прарыву нямецкай абароны павінны былі асобныя танкавыя, механізаваны і кавалерыйскі корпусы франтавога падпарадкавання.