Генрык Батута

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сапраўдная вуліца Батуты ў Варшаве

Ге́нрык Бату́та (польск.: Henryk Batuta) — выдуманы сацыяліст, рэвалюцыянер, польскі камуніст, які першапачаткова з’явіўся ў польскай Вікіпедыі. Вядомы як прыклад самай вялікай раскрытай фальсіфікацыі ў Вікіпедыі на сённяшні дзень (акрамя фальсіфікацыі ў англійскай Вікіпедыі з удзельнікам Essjay, які згадваўся ў Бі-Бі-Сі).

Паводле сваёй выдуманай біяграфіі, Батута нарадзіўся ў Адэсе ў 1898 годзе, прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў Расіі, разам з Эрнэстам Хэмінгуэем удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Артыкул аб ім быў створаны 8 лістапада 2004 г. і праіснаваў 15 месяцаў, пакуль не быў уключаны ў спіс артыкулаў на выдаленне.

Датуль пакуль фальсіфікацыя не была выяўлена, артыкул налічваў 10 сказаў і ўвесь гэты час заставаўся невялікім, што, магчыма, спрыяла такому доўгаму існаванню гэтай фальсіфікацыі. Артыкул атрымаў вядомасць, калі нататкі аб ім з’явіліся ў польскай газеце «Газета Выборча» і часопісе «Пшэкруй», а таксама ў брытанскім часопісе «The Observer».

У артыкуле таксама гаварылася аб тым, што «вуліца Генрыка Батуты» ў Варшаве была названа ў гонар дадзенага камуністычнага дзеяча. Ананімныя фальсіфікатары, якія стварылі гэты артыкул, называлі сябе «войскам Батуты». Паводле паведамленняў прэсы яны нібы жадалі прыцягнуць увагу да таго факта, што ў Польшчы дагэтуль ёсць месцы, названыя ў гонар камуністычных дзеячаў, якія, па іх меркаванню, не заслужылі такой павагі.

Фальсіфікацыя была выяўлена, калі артыкул занеслі ў спіс артыкулаў на выдаленне. Нават пасля таго, як зман быў выкрыты, яго аўтары спрабавалі пераканаць іншых у сапраўднасці Батуты, падаючы ілжывыя бібліяграфічныя дадзеныя і нават загрузіўшы адрэтушаваную ў графічным рэдактары фатаграфію, на якой была паказана таблічка на доме з надпісам «вуліца Генрыка Батуты». Містыфікацыя была «афіцыйна» пацверджана 9 лютага 2006 г., калі польскі штодзённік «Газета Выборча» і штотыднёвік «Пшэкруй» апублікавалі артыкулы аб фальсіфікацыі.

У рэчаіснасці ў Варшаве ёсць «вуліца Батуты»[1], аднак яе назва паходзіць ад польскага слова «batuta», якое азначае «дырыжорская палачка».

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]