Гучнагаварыцель

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Танны электрадынамічны гучнагаварыцель

Гучнагаварыцель, таксама пашырана назва дынамік — электраакустычная прылада, прызначаная для ўзнаўлення гукаў маўлення, музыкі і інш., перададзеных у выглядзе электрычнага сігналу. Існуюць механічныя гучнагаварыцелі, але яны нашмат менш распаўсюджаныя.

Электраакустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя электрычныя ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай механічнай сістэмы. У найбольш пашыраным выпадку — электрадынамічны гучнагаварыцель — рухомая сістэма складаецца з папяровага конуса (дыфузара) з прымацаванай да яго гукавой абмоткай, змешчанай у зазоры пастаяннага магніта. Акрамя электрадынамічных, сустракаюцца электрамагнітныя, п'езаэлектрычныя, кандэнсатарныя, пнеўматычныя і іншыя гучнагаварыцелі.

Мініяцюрныя гучнагаварыцелі знаходзяцца ў такіх прыладах, як радыё- і тэлевізійныя прыёмнікі, музычныя плэеры, тэлефоны і інш. Большыя акустычныя сістэмы выкарыстоўваюць для праслухоўвання музыкі, гукаўзмацнення ў тэатрах і на канцэртах, а таксама ў сістэмах апавяшчэння. Калі імкнуцца дасягнуць дакладнага ўзнаўлення гуку, звычайна выкарыстоўваюць некалькі гучнагаварыцеляў, кожны з якіх узнаўляе пэўную частку гукавога дыяпазону частот. Накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак.

Асноўныя параметры гучнагаварыцеля: намінальная магутнасць, паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск. Па электраакустычных параметрах адрозніваюць шырокапалосныя і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адна- і двухдыфузарныя, кааксіальныя, круглыя і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ткачэнка А. П. Гучнагаварыцель // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]