Давід Сарноў

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Давід Сарноў (1922)

Даві́д Сарно́ў (па-англійску: David Sarnoff, па-руску: Дави́д Сарно́в, Дэ́вид Сарно́фф; 27 лютага 1891, в. Вузляны, Ігуменскі павет, Мінская губерня (цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць) — 12 снежня 1971) — амерыканскі сувязіст і бізнесмен беларускага яўрэйскага пахождання, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў мястэчку Вузляны Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Вузляны Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці) у яўрэйскай сям'і Абрама і Ліі Сарновых. У 1900 годзе Давід Сарноў эмігрыраваў у ЗША.

З 1906 года працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі» (Нью-Ёрк). 14 красавіка 1912 года прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

З 1919 года працаваў у Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (RCA), з 1922 года — віцэпрэзідэнтам, з 1930 года — прэзідэнтам, у 1947-1970 гадах — старшынёй савета дырэктараў. У 1926 годзе заснаваў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію (NBC). 3 пачатку 20-ых гадоў з'яўляўся саветнікам 10 прэзідэнтаў ЗША.

Давід Сарноў арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939 года). Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай (1949), зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі фільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп'ютарызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Давід Сарноў з'яўляўся ганаровым доктарам Калумбійскага, Нью-Ёркскага і іншых універсітэтаў, брыгадным генералам (1944).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]