Ерухім Абрамавіч Крэйновіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ерухім Абрамавіч Крэйновіч
Дата нараджэння 12 красавіка 1906(1906-04-12)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 сакавіка 1985(1985-03-20) (78 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці этнограф, мовазнавец
Навуковая сфера мовазнаўства і этнаграфія
Навуковая ступень доктар філалагічных навук
Альма-матар

Ерухім (Брухім; Юрый) Абрамавіч Крэйновіч (12 красавіка 1906, г. Невель, Віцебская губерня, Расійская імперыя20 сакавіка 1985, Ленінград, РСФСР, СССР) — мовазнавец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў шматдзетнай яўрэйскай сям’і гандляра пушнінай, брат якога меў краму ў Санкт-Пецярбургу. У гады Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі сям’я Крэйновічаў жыла ў Віцебску, дзе арандавала прыватны дом. Да 12 гадоў Ерухім вучыўся ў хедары асновам іўдаізму. У 1918 г. пачаў наведваць Віцебскі літаратурны гурток імя У. Г. Караленкі, потым падаўся ў гарадскую драматычную студыю. У 1922 г. пераехаў да сёстраў у Петраград, дзе ўладкаваўся працаваць у Ленгубфінаддзел ды адначасова паступіў у вячэрнюю школу працоўнай моладзі імя М. Г. Чарнышэўскага. У 1923 г. паступіў на грамадска-педагагічнае аддзяленне факультэта грамадскіх навук Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праз год перавёўся на этнаграфічнае аддзяленне геаграфічнага факультэта. Падчас вучобы ў яго была кароткая камандзіроўка ва Украіну ў в. Чулакоўка ды с. Рудакова Пскоўскага раёна, дзе ён збіраў новы рэвалюцыйны фальклор. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1926) паехаў на востраў Сахалін вывучаць гілякаў (ніўхаў).

На Сахаліне ён на працягу двух гадоў працаваў настаўнікам у ніўскіх школах, упаўнаважаным па тубыльскіх справах пры прэзідыуме Сахалінскага рэўкама, выхавацелям тубыльскай школы-інтэрната ў п. Хандуза. Сустракаўся са старымі, якія яшчэ памяталі выгнанца Браніслава Пілсудскага (Пачурлянда, або «Прыгожага тварам»). Пасля заканчэння практыкі ў ліпені 1928 г. выехаў у Ленінград. З 1928 па 1931 г. вучыўся ў аспірантуры ЛДУ па ніўхскай мове. У 1932 г. выдаў першы ніўхскі буквар «Новае слова». З 1932 па 1937 г. старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута народаў Поўначы. Ездзіў у этнаграфічна-мовазнаўчую экспедыцыю на Амур, пераклаў некалькі падручнікаў для школ з ніўхскай мовай навучання.

У ноч на 21 мая 1937 г. Крэйновіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў сувязях з японскай разведкай. Суд асудзіў яго да 10 гадоў ППЛ па арт. 58-10-11 з паразай у правах на 5 гадоў. У лагеры Крэйновіч падаў прашэнне, каб яму дазволілі займацца мовамі народаў Поўначы. Дазвол быў атрыманы і Крэйновіча перавялі ў Магадан. Днём ён працаваў у лагерным медпункце, а па начах да яго пускалі зняволеных, тубыльцаў Поўначы. Пасля вызвалення ў 1947 г. Крэйновічу дазволілі пасяліцца ў м. Луга Ленінградскай вобласці, а ў 1948 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Юкагірская мова», якую ён вывучыў у зняволенні.

У 1949 г. Крэйновіч быў ізноў арыштаваны. Ён ускрыў сабе жылы, але яму не далі пайсці з жыцця і саслалі на Енісей. Там ён працаваў фельчарам-акушэрам пры лесакамбінаце і вывучаў кецкую мову. У 1955 г. яго вызвалілі і прынялі на працу ў Сектар палеаазіяцкіх моў Ленінградскага аддзялення Інстытута мовазнаўства АН СССР, дзе ён абараніў дысертацыю па кецкай мове. Ён валодаў ітэльменскай, эвенкскай, чукоцкай, юкагірскай, ніўхскай, ненецкай, кецкай мовамі, пачаў вывучаць кітайскую, займаўся праблемамі карацкай мовы. Пасля смерці Крэйновіча яго цела крэміравалі паводле ніўхскага звычаю, а архіў вучонага ўдава Галіна Аляксандраўна Разумнікава перадала ў Сахалінскі абласны краязнаўчы музей.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Сug dif (Новое слово). Начальная учебная книга на нивхском языке. Ленинград. 1932.
  • Фонетика нивхского (гиляцкого) языка. // Труды по лингвистике ИНС. 1937. № 5.
  • Гиляцко-тунгусско-маньчжурские языковые параллели. // Доклады и сообщения Института языкознания АН СССР. № 8. 1955. С. 135-167.
  • Юкагирский язык. Ленинград. 1968.
  • Глагол кетского языка. Ленинград. 1968.
  • Нивхгу. Загадочные обитатели Сахалина и Амура. Москва. 1973; Южно-Сахалинск. 2001.
  • Медвежий праздник у нивхов. // Бронзовый и железный век Сибири. Новосибирск. 1974;
  • La fète de l'ours chez les Nivkh. // Ethnographіе. № 74-75. 1977. Р. 195-208.
  • The Tundra Yukagir at the Turn of the Century. // Arctic Antropology. Vоl. 16. № 1. 1979. P. 178-217.
  • Из истории заселения Охотского побережья (По данным языка и фольклора эвенских селений Армань и Ола). // Страны и народы Востока. Москва. Вып. XX. Кн. 4. 1979. С. 186-201.
  • Исследования и материалы по юкагирскому языку. Ленинград. 1982.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Солженицын А. И. Малое собрание сочинений. Москва. Т. 7. Архипелаг ГУЛАГ. Гл. 6. Ч. 6. 1991. С. 313.
  • Роон Т. П. Личный архив Ю. А. Крейновича. // Вестник Сахалинского музея. Южно-Сахалинск. Вып. 4. 1994. С. 44-51.
  • Крейнович Юрий (Брухим) Абрамович. // Энциклопедия Якутии. Т. 1. Москва. 2000. С. 494.
  • Огрызко В. Крейнович Ерухим (Юрий) Абрамович. // Огрызко В. Североведы России. Материалы к биографическому словарю. Москва. 2000. С. 218-221.
  • Ронн Т. П., Сирина А. А. Е. А. Крейнович: жизнь и судьба ученого. // Репрессированные этнографы. М., 2003. С. 47–77.