Ніўхі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ніўхі
(нивгу)
Nivkh People.JPG
Агульная колькасць 4652
Рэгіёны пражывання Расія
Мова Ніўхская
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы

Ніўхі (саманазва нивгу, "людзі") — народ, карэнныя насельнікі Усходняй Сібіры. Жывуць пераважна ў Хабараўскім крае і на востраве Сахалін (Расія).

Рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Тэрытарыяльна ніўхі падзяляюцца на кантынентальных (амурскіх) і астраўных. Кантынентальныя насяляюць ніжнюю частку р. Амур, землі ўздоўж Амурскага лімана, Ахоцкага мора і Татарскага праліва (Хабараўскі край). Астраўныя месцяцца на ўсёй тэрыторыі Сахаліна, але галоўным чынам на поўначы і на ўсходзе каля р. Тым. Некаторыя прадстаўнікі ніўхаў таксама жывуць у іншых месцах Расіі, асабліва ў Хабараўску і Маскве.

Колькасць[правіць | правіць зыходнік]

Згодна перапісу 1897 г., у Расіі налічвалася 4642 ніўха - 2673 кантынентальных, 1969 астраўных. У 2010 г. расійскімі перапішчыкамі было зафіксавана 4652 чал., якія вызнавалі сябе як ніўхі.

Агульная дынаміка колькасці ніўхаў у Расіі ў XX ст.:

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Ніўхі з'яўляюцца карэнным народам, які здаўна насяляў ніжнюю частку р. Амур і ўзбярэжжа Ахоцкага мора. Некаторыя даследчыкі імкнуцца звязаць паходжанне мовы і культуры ніўхаў з палеазіяцкімі народамі, асабліва ітэльменамі, і нават з абарыгенным насельніцтвам Паўночнай Амерыкі. Аднак пакуль найбольш верагоднай версіяй з'яўляецца тая, што далёкія продкі ніўхаў мелі азіяцкае паходжанне і з'явіліся ва Ўсходняй Сібіры ў палеаліце, 30 - 20 тысяч гадоў таму. Міграцыя на Сахалін адбывалася пазней некалькімі хвалямі. У 3 - 4 тысячагоддзях да н. э. сфарміравалася адзіная Вазнясенаўская археалагічная культура, якая належыла ніўхам.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лодка ніўхаў

Ніўхі здаўна мелі кантакты з іншымі тутэйшымі народамі, перш за ўсё амурскімі - нанайцамі, ульчамі, орачамі і оракамі. Першыя кантакты сахалінскіх ніўхаў з айнамі адбыліся прыкладна ў 1 тысячагоддзі да н. э.

Пісьмовыя звесткі аб насельніках Прыамур'я і Ахоцкага ўзбярэжжа з'явіліся ў сяр. 1 тысячагоддзя да н. э. Кітайскія крыніцы апавядалі, што яны нікому не падпарадкоўваліся, карысталіся лодкамі і насілі вопратку з тканіны, здабытай у моры. Відавочна, ніўхі былі ўцягнутыя ў гандлёвыя сувязі з прадстаўнікамі Ахоцкай археалагічнай культуры VII - X ст. н. э., створанай прадстаўнікамі народа махэ - мігрырантаў з поўдня. Кітайская хроніка гэтага часу ўзгадвае сярод суседзяў махэ племя цзылемі, якое, як лічаць, было ніўхамі. У XII - кан. XIII ст. н. э. землі ніўхаў сталі ахвярай экспансіі спачатку чжурчжэняў (кітаеў), а потым манголаў, якія згодна кітайскім пісьмовым крыніцам сустрэлі супраціўленне тубыльцаў ў Ніжнім Прыамур'і. Рэшткі чжурчжэньскіх земляных крэпасцяў былі знойдзены археолагамі на Сахаліне.

У XVII - перш. пал. XIX ст. Ніжняе Прыамур'е і Сахалін фармальна належылі Кітаю. З XVII ст. яны таксама ўваходзілі ў сферу каланіяльных інтарэсаў рускіх і японцаў. У 1850 г. Прыамур'е і Сахалін былі далучаны да Расіі, там з'явіліся рускія перасяленцы. Ніўхі не былі абкладзены ясаком, але выплочвалі іншыя [падатак|падаткі] і абмяжоўваліся ў лове марской рыбы. Зверабойны промысел, які вялі ў прыбярэжных водах караблі розных краін, а таксама інтэнсіўная эксплуатацыя рыбных рэсурсаў на моры і на р. Амур выклікалі голад сярод ніўхаў у 1898 г. Адначасова, расійскія ўлады намагаліся прыцягваць карэннае насельніцтва да гандлю і працы на прадпрыемствах.

Палітыка савецкага ўрада мела супярэчлівыя наступствы. У 1920 - 1950-ых гг. правы ніўхаў як тубыльцаў былі значна пашыраны, аднак адмоўнае ўздзеянне мелі калектывізацыя і палітычныя рэпрэсіі. У 1960-ыя гг. ніўхі былі пераселены ў вёскі і гарады, што спрыяла іх хуткай русіфікацыі. Ужо ў 1989 г. 50,7% ніўхаў жылі ў гарадах. З пач. 1980-ых гг. рабіліся пэўныя захады для адраджэння ніўхскай культуры і мовы, але доўгатэрміновых станоўчых змен не назіралася. Пасля 1991 г. пачалі адраджацца традыцыйныя абшчыны. Дзейнічаюць Саюз Ніўхаў Сахаліна, аддзелы Асацыяцыі карэнных малых народаў і іншыя арганізацыі.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Сям'я ніўхаў каля летняй хаціны, 1903

Асноўны гаспадарчы занятак - лоў рыбы з дапамогай сетак, невадаў, гаплікаў, астрог. Асабліва важнае значэнне меў летні промысел ласосевых, якіх вялілі і нарыхтоўвалі да наступнай пуціны. Рыбу ўжывалі таксама варанай, сырой, пячонай, замарожанай. З рыбных скур шылі вопратку, з вантробы вытаплівалі жыр. Паляванне на марскіх звяроў, у першую чаргу на ластаногіх, забяспечвала мясам і скурай, якая ішла на абутак, адзежу і рамяні. Ніўхі трымалі шмат сабак, у тым ліку на мяса. Збіралі ядомыя травы, карэнні, ракавіны і малюскаў. З XIX ст. развіваецца агародніцтва. На далёкія дыстанцыі перамяшчаліся з дапамогай лыж, сабачых запрэжак, дашчаных лодак-пласкадонак, на р. Тым - лодак, выдзеўбаных у ствале таполі.

Паселішчы ніўхаў звычайна месціліся ля вусцяў нераставых рэк ці на марскім узбярэжжы і складаліся з 2 - 3 зімовых жытлаў - чатырохвугольных паўзямлянак са сферычным дахам. Уздоўж трох сценак рабілі абаграваемыя нары. Вялікі драўляны комін знаходзіўся звонку. Улетку ля месцаў промыслу будавалі летнія хаціны, сферычныя і з двумя пахіламі, на драўляных палях або пнях.

Мужчыны і жанчыны апраналіся ў штаны і халаты накшталт кімано, вырабленыя са скур рыбы, марскіх жывёл ці сабак. У халодную пару апраналі адразу некалькі халатаў, якія сашчэплівалі рамянём. Узімку таксама насілі сабачае або ласінае футра без капелюша.

Асновай сацыяльнага ладу быў род, які аб'ядноўваў мужчын - кроўных родзічаў, меўшых адзіную родавую назву. Жанчыны пасля шлюбу пераходзілі ў род мужа, але фармальна заставаліся ў складзе свайго. Шлюб унутры аднаго роду быў забаронены. Класічная форма шлюбу - жаніцьба на дачцы брата маці. Роды складаліся з пашыраных і нуклеарных сем'яў.

Ніўхі захавалі багаты фальклор - казкі, паданні, лірычныя спевы, прыказкі і г. д. Сярод свят гадавога цыклу асобнае месца займала свята мядзведзя, калі вырашчанага ў няволі звера забівалі ў рытуальных мэтах. Свята суправаджалася песнямі, музычнымі і спартыўнымі спаборніцтвамі. Да сёй пары развітыа разьбярства па дрэве, косці, выраб скульптур і арнаментальных кампазіцый.

На Сахаліне дзейнічае некалькі фальклорных калектываў, разьбярская майстэрня, цэнтр традыцыйных культур і нацыянальны музей (г. Паранайск).

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Ніўхская мова ізаляваная, адносіцца да так званых палеазіяцкіх моў. Яна падзяляецца на 3 асноўныя дыялекты (амурскі, паўночнасахалінскі, усходнесахалінскі). У 1932 г. для амурскага дыялекта была створана пісьмовасць на аснове лацінкі. На ёй друкаваліся кнігі, выдавалася газета. У 1937 г. адбыўся пераход пісьмовасці да кірыліцы, аднак выкладанне новага правапісу і друк на ім пачаліся толькі ў 1953 г. У 1979 г. была распрацавана пісьмовасць для ўсходнесахалінскага дыялекта на аснове кірыліцы. На ім (фактычна на рускай і ніўхскай) з 1996 г. выдаецца малатыражная газета "Нивх диф". Ніўхская літаратура развіваецца пераважна на рускай мове.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У кан. XIX ст. ніўхі былі ахрышчаныя ў праваслаўе, але да сёй пары прытрымліваюцца анімістычных культаў і памятаюць святыя для іх мясціны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Grant B. M. Memory and forgetting among the Nivkhi of Sakhalin Island. - Rice University, 1993
  • Mattissen J. Dependent-Head Synthesis in Nivkh: A Contribution to a Typology of Polysynthesis. - John Benjamins, 2004
  • Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994
  • История и культура нивхов: Историко-этнографический очерки. - Спб: Наука, 2008.

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]