Камень-кравец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Камень-кравец -- у беларускай міфалогіі -- валун, якія цудадзейна шые адзенне. Паданні часта звязваліся з сапраўднымі валунамі, многія з іх захаваліся да цяперашняга часу.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Валун пад вёскай Высокі Гарадзец Талачынскага раёна называлі Сцяпанам. Па легенде, людзі прыносілі яму на ноч тканіну і гаварылі: "Сцяпан, пашый мне жупан", а раніцай забіралі гатовыя рэчы. Аднойчы жанчына дзеля забавы загадала камню пашыць ёй "ні тое, ні сё". Раніцай яна знайшла сапсаваную вопратку, усё было прышыта не туды, куда трэба. З таго часу Камень перастаў шыць[1]. Многія легенды прыпісваюць цудадзейную здольнасць шыць адзенне нячыстаму ці цмоку, які жыве ўнутры камня (нярэдка паведамляецца, што раней ў валуне былі адтуліны, нібыта вокны).

Інтэпрэтацыя[правіць | правіць зыходнік]

Імя Сцяпан у беларускіх паданнях носіць то камень-кравец, то вялікан (волат). Святы Сцяпан быў хрысціянскім заменнікам бога Вялеса. Люцыпар (Чорт) па некаторых паданнях жыве ў Пекле, якое знаходзіцца не пад зямлёю, а ўнутры гары на краі свету[2]. Чорт выступае хрысціянскім займеннікам Вялеса ў тых сюжэтах, дзе Вялес ворагуе з іншым боствам (якое ў хрысціянізаваных паданнях атоесамліваесся з Госпадам Богам ці Спасам). Кашчэй Бессмяротны ў казцы «Каваль» таксама жыве ўнутры гары. С. Санько атоесамлівае гэтую гару з валуном, які знаходзіўся пасярод першароднага акіяну да стварэння сусвету[3]. У адным тэксце сусвет утварыўся пасля таго, як бог Пярун (Дундар) пачаў біць маланкамі па гэтаму валуну. У веснавых песнях існуе намёк на тое, што па валуну мог біць капытамі Юр'еў (Ярылін) конь. Цікава, што лукомскі цмок, які жыў унутры мясцовага камня-краўца і шыў адзенне, быў забіты маланкамі.

Такім чынам, вобраз камня-краўца можа быць інтэпрэтацыяй валуна з касмаганічных міфаў, а таксама жытла хтанічнага боства (верагодна, Вялеса).

Зноскі

  1. Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / складальнік А.І.Гурскi. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990, с 223-224
  2. БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ Ігар ВУГЛІК. ЛЕКЦЫЯ 2. БЕЛАРУСКАЯ КАСМАГОНІЯ Архівавана 15 верасня 2012.
  3. СЯРГЕЙ САНЬКО. ПЕРШАЯ ФАЗА КАСМАГЕНЭЗУ ПАВОДЛЕ ФАЛЬКЛЁРНЫХ КРЫНІЦ(недаступная спасылка)