Цмок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Цмок на памятнай манеце «Пакацігарошак» Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Цмок, таксама Змей — шырокае паняцце, якое аб’ядноўвае шэраг міфічных істот, галоўным чынам пачвар. Часцей за ўсё надзяляецца рысамі рэптыліі, гіганцкімі памерамі. Паводле паданняў мае вялікія памеры, сілкуецца людзьмі, можа мець некалькі галоў, можа лётаць і выдыхаць полымя з сваёй пашчы, а таксама валодае чароўнымі здольнасьцямі. З’яўляецца папулярным персанажам казак, міфаў, павер'яў амаль усіх народаў свету, а таксама сучаснай літаратуры фэнтэзі.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Скульптура Марыа Цудоўнага, цмока-талісмана Дрэксельскага ўніверсітэта, ЗША

Паданні і міфы пра цмокаў ёсць практычна ва ўсіх народаў сусвету, аднак у ўсходняй культуры Далёкага Усходу цмок асацыіруецца з добрай істотай, якая нават заступаецца за людзей; у той час як у заходняй культуры цмок - злая істота, якая барэ ў палон прынцэсс, і з якім змагаюцца высокародныя рыцары.

Паводле Бібліі, цмок з’яўляецца вобразам д'ябла, у кнізе Адкрыцця цмок спрабуе праглынуць Немаўляці, якое сімвалізуе Ісуса Хрыста, у канцы кнігі магутны Анёл зняволіць цмока, пасля чаго сканчваецца зямная гісторыя.

У працэсе гістарычнай эвалюцыі ў міфах, заклінаннях і казках ператварыўся ў варожы народу вобраз крылатай пачвары, якая выкрадае жанчын, бярэ паборы людзьмі і робіць зло. Цмок - галоўны вораг героя-волата (напр. Кацігарошак), які змагаецца з ім, перамагае і вызваляе царскую дачку (сястру). Для ўсходне-славянскіх казак, у тым ліку і беларускіх, характэрна маляўнічасць і гратэскавая сацыяльная завостранасць вобраза цмока.

Цмок у беларускай міфалогіі[правіць | правіць зыходнік]

У беларускіх павер’ях цмок — зборнае паняцце. Пад ім разумеецца і пачварны змей, і нячысты дух, часам нават з чалавечымі рысамі.

Цмок як гіганцкі змей[правіць | правіць зыходнік]

Балотны цмок, карціна сучаснага беларускага мастака

У некаторых казках і баладах цмок — рэптылія-пачвара, у якой 3, 7, 9, 12 ці нават 24 галавы. У казцы «Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі» героі пачаргова перамагаюць трох шматгаловых цмокаў. Паводле некаторых паданняў, раней рэкі былі вялічэзныя, ніхто па іх не хадзіў, і жыло у вадзе безліч змеяў, у іншых па 11 галоў. Яны душылі людзей. Цмок у гэтым сюжэце — імя ўласнае, адзін са змеяў. Жыў ён адзін, меў рогі і вялізную пашчу, якой мог адразу праглынуць чалавека. Людзі былі язычнікамі і маліліся яму. Забіў пачвару Юр’я (Георгій Перамоганосец)[1]. У народнай традыцыі наогул пашыраная такая схема: цмок жыве ў балоце ці рацэ і штодня (ці штогод) патрабуе сабе ў ахвяру маладых дзяўчат. З’яўляецца герой і забівае пачвару. Мяркуецца, што гэты матыў мае дахрысціянскае паходжанне. У першапачатковай версіі цмока мог замяняць Яшчар — боства ніжэйшага свету, якому, верагодна, таксама прыносілі маладых дзяўчат у ахвяру.

У іншых крыніцах цмок — злы змей, які шкодзіць людзям, паліць хаты[2], пушчае з пашчы полымя. Яшчэ адна крыніца дадае: ростам Цмок з вялікі дом, але вельмі гультаяваты — калі нехта з людзей патурбуе яго, то ён не абавязкова будзе нападаць, а спачатку ўзважыць, ці вартая ахвяра парушанага спакою. Паводле фалькларыста М. Федароўскага, цмок — пачвара з кіпцюрамі, як сярпы, і з такімі вострымі крыламі, што можа што заўгодна перасекчы імі, як мячом. Цмок — найстарэйшы звер у свеце. Можа жыць як у возеры ці балоце (што адпавядае яго хтанічнай прыродзе) так і ў небе[3].

У некаторых павер’ях цмок мае рысы стыхійнага боства, апякуна і ахоўніка. У вёсцы Валова Гара яшчэ ў пачатку ХХ ст. верылі, што ў час вяселля кагосьці з вяскоўцаў па рэках Эсэ і Бярэшчы, па возеры Бярэшча і Бярэзінскім канале праплывае змеепадобная пачвара з імем Цмок. Трэба выліць у ваду шклянку самагону і кінуць пачастунак, і за гэта маладая сям’я атрымае блаславенне ад цмока[4].

Цмок Вяль жыве ля валуна і шкодзіць людзям: завальвае дарогу, крадзе скаціну. Аднойчы кемлівы селянін знішчае яго, скарміўшы пачвары скуру барана, у якую заліў смалу. Імя «Вяль» можа быць празрыстай адсылкай да бога Вялеса. Аднак постаць цмока замяняе Вялеса, хутчэй за ўсё, толькі частцы паданняў, дзе сам цмок не надзяляецца змяінымі рысамі. «Змяіным» жа цмокам ў болей архаічнай, язычніцкай версіі паданняў адпавядаў нейкі старажытны хтанічны змей, звестак аб якім на сёння не захавалася.

У казках, замовах, легендах таксама фігурыруюць змеі-пачвары ці магічныя змеі не пад імем «цмок»: змеі Шкурапея, Хама-Хаміца, Сохва, Рабея[5] з народных замоў, Цуда-Юда з казкі «Удовін сын» і інш. У замовах змяя Шкурапея часцей за ўсё сядзіць на дрэве ў гняздзе ці на валуне. Ад яе патрабавалі забраць яд у чалавека, якога нядаўна ўкусіла змяя. Калі Шкурапея не возьме яд, то Бог нашле на яе сваі маланкі[6]. Відаць, у старажытным, язычніцкім варыянце замовы замест хрысціянскага Бога быў Пярун — постаць, варожая змеям, як і багі-грамабоі большасці міфалогій.

Цмок як нячысты дух[правіць | правіць зыходнік]

Часам цмока надзяляюць рысамі не пачвары, а дэмана, нячысціка. У некаторых мясцінах верылі, што цмок — гэта «змій страшэнны», які выпівае душу ў чалавека і жывёлы (высмоктвае). Чалавек слабее і памірае. Гэта цмок душу выпіў[7]. У Рэчыцкім раёне апавядалі, што цмок — гэта такі «вужака», які прабіраецца ноччу ў хлеў да скаціны і выпівае яе малако, цмокаючы пры гэтым (адсюль і назва). Жыве ля ямін, на сметніках, у гушчары ліхатраўя. Каб пазбавіцца ад цмока, трэба злавіць яго ноччу і пасекчы лапатай. Цікава, што гэтае павер’е фактычна апісвае цмока ў выгядзе звычайнай змяі. Лічылася, што, калі знайсці яйка, знесенае чорным пеўнем, можна вынасіць яго пад пахай, і з яго вылупіцца цмок, які будзе адшукваць клады і прыносіць свайму гаспадару багацце. У некаторых падобных паданнях цмока называюць «вуж» (гл. Вужаў камень).

М. Я. Нікіфароўскі паведамляе, што цмок болей дагледжаны за іншых нячысцікаў, часта мыецца ў лазні. З-за асцярожнасці і прадбачлівасці жыве долей астатніх дэманаў. Часта чапляецца да простых вясковых людзей, але людзей сямейных не кранае. Іх расправа чакае тых, хто парушае грамадскія абавязкі[8].

У лукомскім паданні цмок выглядае «быццам чалавек», жыве ўнутры вялікага валуна (у валуна ёсць рэальны прататып, які існуе і сёння) і шые людзям адзенне. Часам ён ператвараецца ў вясёлку, размяшчаецца над лукомскім возерам і п’е адтуль ваду, якую перапампоўвае на неба, каб ішлі дажджы. Яму спадабалася дзяўчына, але тая не папярэдзіла цмока, калі пачалася навальніца. Мой спужаўся і паляцей над возерам. Але маланкі яго забілі. Адразу ж пачаліся бясконцыя дажджы, якія маглі затапіць усю зямлю. Толькі калі цела цмока было пахавана, дажджы скончыліся. Верагодна, тут прысутнічае рэшта старажытнага язычніцкага міфа аб змаганні Пяруна (бога-грамабоя) з нейкім зямным богам (верагодна, Вялесам), аб смерці апошняга і аб выкліканым смерцю парушэнні прыроднага балансу (патопе).

Народная традыцыя часам атоесамлівае цмока з самім Сатаной (Люцыпарам), галоўным дэманам, якога Бог скінуў з неба. Паводле фалькларыста А. Я. Багдановіча, анёлы пасадзілі Цмока-Дэмана ўнутр каменнай гары і прыкавалі мноствам цэпаў. Але чалавечыя грахі аднойчы раз’ядуць гэтыя цэпы, і Цмок-Сатана вырвецца на волю[9], каб разбурыць усе боскія стварэнні.

Цмокі ў сучаснай культуры фэнтэзі[правіць | правіць зыходнік]

Зялёны цмок

Цмокі з’яўляюцца ўжо ў першых класічных творах фэнтэзі ("Конан з Кімерыі" Р. Говарда, "Хобіт" Дж. Р.Р. Толкіна, "Хронікі Нарніі" К. Льюіса). Вобраз цмока вар'іруецца ад добрай, мудрай істоты ("Хронікі мяшанкі" Андрэ Нортан і Мерсэдэс Лэкі, "Сага пра Элрыка" Майкла Муркока) да жорсткіх пачвар, часам нізкаінтэлектуальных ці зусім па-жывёльнаму неразумных (сусвет Забытых Каралеўстваў, сусвет The Elder Scrolls, сусвет Dragon Age, Міжзем’е Толкіна). Часцей за ўсё цмокі класіфіцыруюцца ў фэнтэзі паводле іх колераў: зялёныя, чорныя, чырвоныя, белыя і г.д., кожнаму тыпу адпавядае той ці іншы лад жыцця, характар, здольнасці. У "Сазе пра ведзьмака Геральта" Анджэя Сапкоўскага цмокі - разумныя істоты і чараўнікі, могуць прымаць нават аблічча чалавека. Яны амаль не прыносяць людзям шкоды, але нярэдка самі робяцца іх ахвярамі з-за сваёй каштоўнай скуры. У цыкле пра Земнамор'е Урсулы Ле Гуін цмокі - магутныя, па-злому мудрыя пачвары, якіх, аднак, можна падпарадкаваць сабе, ведаючы іх імя. У сусвеце гульняў Heroes of Might and Magic цмокі дзеляцца на лясных (зялёнага і залатога), на злосных падземных (чырвонага і чорнага), а таксама на звышмагутных лазурнага, чароўнага, крыштальнага і трохгаловага.

Навуковае тлумачэнне[правіць | правіць зыходнік]

Сёння няма агульна прынятай тэорыі наконт паходжання веры ў цмокаў (драконаў). Не знойдзена ніякіх пераканаўчых слядоў рэальнага існавання падобных істот у мінулым. Дыназаўры вымерлі за дзясяткі мільёнаў гадоў да ўзнікнення першых людзей і таму не маглі стаць правобразамі цмокаў. Мяркуецца, аднак, што ў якасці прататыпаў міфічнага цмока маглі выступаць каметы, стыхійныя катастрофы[10], а таксама рэальныя жывёлы. Таксама верагодна, што амаль інстынктыўны страх чалавека перад рэптыліямі, у прыватнасці перад змеямі, шмат тысяч гадоў таму нарадзіў веру ў гіганцкіх рэптылій-пачвар. Вера ў здольнасць цмока дыхаць агнём нарадзілася, відаць, ад назірання чалавека за падвоеным языком змяі.

Цмок звязаны з вадой (жыве ў балоце, у некаторых апавяданнях — у моры), але яго нутраная прырода — вогненная (як і іншыя легендарныя Змеі, ён зяхае агнём). Фактычна ён сумяшчае ў сабе несумесныя стыхіі — ваду, агонь, паветра (паводле некаторых версій, нават жыве на небе, сярод хмар). Адсюль, магчыма, увасабляе першасны, неструктураваны сусвет, дэміургічнае (творчае) раскладанне якога вядзе да ўзнікнення ўсяго існага.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Цмок у беларускай міфалогіі

Зноскі

  1. Запісана ў в. Новы Мір Веткаўскага р-на ад Хадуньковай Ганны Трафімаўны, 1914 г.н. (раней пражывала ў в. Малінаўка Бранскай вобл.), студэнткай Хадуньковай Н. (2002 г.)
  2. Запісана ў в. Пірэвічы Жлобінскага р-на ад Калядзенка Сафіі Васільеўны, 1935 г.н., студэнткай Шышовай К. (2006 г.)
  3. Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.
  4. Аповяд запісаў у 1969 годзе Уладзімір Шушкевіч, ад жыхаркі вёскі Верабкі Анэты Міхайлаўны Шушкевіч (1899—1975), у 1969 г.
  5. Магічны… вуж
  6. Хрэстаматыя. Вучэбны дапаможнік па раздзеле «Замовы» для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01 «Беларуская філалогія». Гомель, 2011
  7. Запісана ў в. Сякерычы Петрыкаўскага р-на ад Мышкавец Ганны Кузьмінічны, 1926 г.н., студэнткай Белька С. (2006 г.)
  8. Слоўнік. Цмок
  9. Міфалогія славян. Цмок Архівавана 15 жніўня 2016.
  10. Драконы (русск)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • БЭ ў 18 тамах. Т.17, Мн., 2003, С.132

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]