Лясун

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Лясун (Дзіцячы музей міфалогіі і лесу ў Заслаўі)

Лясун, Лесавік, Лешы, Лясны дзед — міфічная істота, дух, які жыве ў лясных гушчарах.

Абсяг дзейнасці Лесуна – уся лясная плошча ад узлеску да ўзлеску, за выключэннем вадаёмаў, дзе гаспадарыць Вадзянік. У глыбіні гэтай тэрыторыі знаходзіцца дом Лесавіка, дзе жывуць яго жонкі і дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць – больш вандруе, адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэў, у дуплах, густых зарасніках, у ламаччы, бураломах, у лагчынах і прадоннях. Хаця Лясун здольны прымаць розныя воблікі, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часцей за ўсё паўстае ў вобразе старога з белым, як бяроста ці як воск, ніколі не загарэлым тварам, з вялізнымі цьмянымі вачыма свінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя і ніколі не закрываюцца. У асноўным Лесавік мае чалавечы воблік, але ён вострагаловы, як і ўсе нячысцікі, і з блакітнай крывёю, не мае ценю і не пакідае слядоў. Лясун здольны перадаваць галасы жыхароў свайго краю – ад мядзведжага рыку да піску камара.

Лясуна можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак мяркуемага шляху ці апрануць на ўзлеску адзенне навыварат. Калі гэта не зроблена – Лясун адразу падступаецца да ахвяры і зласліва цешыцца з яе пакут, збіўшы з належнага накірунку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра страціць даходзіць да адчаю, Лясун злосна рагоча, і яго рогат разносіцца па акрузе. Часам па пяпярэдняй дамоўленасці з Вадзяніком ці Балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, нягледзячы, што іншым разам Лешыя і Вадзянікі – непрымірымыя ворагі.

Лічыцца, што Лесавік не столькі шкодзіць людзям, колькі жартуе з іх, але жартуе груба і злосна. Па яго волі блукаюць у лесе, але Лесавік усё ж не завядзе чалавека на прамую пагібель як Чорт. Баіцца ён ліпавага палена, солі і агню, а таксама лаянкі. А вось свіст у лесе яму вельмі падабаецца.

Лесавік — герой многіх літаратурных твораў. Напрыклад у Янкі Купалы:

"

Барадой лясун ківае,
Шалы ветраў спавівае...

"

У Максіма Багдановіча:

"

Чуеш гул? — Гэта сумны маркотны лясун
Пачынае няголасна граць...

"

Або:

"

Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў Лясун у тым бары.
Зрубілі бор — лясун загінуў...

"

Загінуўшы, лясун пакінуў пасля сябе люстэрка-возера, якое ў народнай культуры разумелася як сімвал падваення рэальнасці і мяжа паміж зямным светам і іншасветам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданне / Укладальнік: Уладзімір Васілевіч. — Мн: БелЭн, 1994. ISBN 5-85700-162-5.
  • Шамякіна Т. I. Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна; пасляслоўе I. Чароты. — Мн.: Маст. літ., 2008. — 391 с. (Бібліятэка школьніка). ISBN 978-985-02-0925-2.

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]