Насельніцтва Бангладэш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мовы Бангладэш

Бангладэш уваходзіць у першую дзясятку краін па колькасці насельніцтва. Самая густанаселеная (больш за 1100 чал/кв.км.) краіна свету, без уліку "карлікаў". Такая вялікая маса пераважна сельскага насельніцва з'яўляецца для Бангладэш адначасова і вялікай праблемай і вялікім патэнцыялам. Супольнасць бангладэшцы ўключае ў сябе шмат народаў, пры гэтым 98 % жыхароў краіны — бенгальцы, а адзіная дзяржаўная мова — бенгальская. Большасць бангладэшцаў вызнаюць іслам, які з'яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй. Па колькасці мусульман Бангладэш саступае толькі Пакістану і Інданезіі.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Насельніцтва Бангладэш у другой палове ХХ ст. расло вельмі хутка: у 1951 яго колькасць складала 44 млн, да канца ж стагоддзя яна наблізілася да 150 млн. Па колькасці насельніцтва (больш за 160 млн. чал.) сённяшняя Бангладэш займае восьмае месца ў свеце, адпусціўшы далёка наперад Нігерыю, і пакінуўшы ззаду Расію. У ХХІ ст сярэднегадавыя тэмпы росту насельніцтва істотна запаволіліся (гэта стала вынікам у тым ліку і дэмаграфічнай палітыкі, распачатай у 1980-х) і ў 2017 складаюць каля 1 % (натуральны прырост — 1,3%, міграцыйны — -0,3%), ды ў абсалютных лічбах гэта ўсё адно + 1,5 млн чалавек штогод. На адну жанчыну цяпер прыходзіцца 2,17 дзіцяці, што акурат адпавядае простаму ўзнаўленню насельніцтва.

Размяшчэнне і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Палічыць бангладэшскі народ — справа няпростая. Паводле афіцыйных дадзеных перапісу 2011 г. у Бангладэш жылі 142 319 000 чалавек, паводле незалежных ацэнак — больш за 150 млн. На 2017 год можна сустрэць лічбы ад 158 да 167 млн, але і меншая з іх азначае неверагодную перанаселенасць краіны. На 1 кв.км. прыпадае каля 1100 бангладэшцаў, што з'яўляецца сусветным рэкордам шчыльнасці насельніцтва, калі адкінуць дзяржавы плошчай меней за 1000 кв км. Насельніцтва размеркавана па тэрыторыі краіны даволі раўнамерна, па сутнасці Бангладэш — вялікая вёска, з раскіданымі там-сям гарадамі, буйнейшыя з якіх — Дака (14 млн чал, у агламерацыі — 20), Чытагонг (4,8 млн), Кхулна (975 тыс.чал.), Нараянганж. Узровень урбанізацыі складае 36 % — адзін з самых нізкіх у Азіі[1].

Этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

На сталічным базары падчас рамадану

Насельніцтва монаэтнічнае: 98 % — бенгальцы, якія гавораць на бенгальскай мове (належыць да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям'і). Бенгальская мова мае шмат дыялектаў, некаторыя з якіх часам нават разглядаюцца як асобныя мовы. Астатнія 2 % жыхароў Бангладэш — роднасныя бенгальцам выхадцы з паўночных раёнаў Індыі (т.зв. «біхарцы»), якія гавораць на мове урду той жа самай сям'і; а таксама малыя мангалоідныя плямённыя народнасці: чакма, санталы, марма, трыпура, гара, танчанг'я, мронг і інш., якія жывуць пераважна на паўднёвым усходзе краіны.

Рэлігіі[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўная рэлігія — іслам (95 % — суніты), яго вызнаюць 89 % насельніцтва (бенгальцы пачалі масава прымаць іслам у 13 ст.); індуізм — 8,5 %, 0,6 % — будызм, 0,4 % — хрысціянства, 0,1 % — іншыя рэлігіі і традыцыйныя анімістычныя плямённыя культы.

Зноскі