Пеётызм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эмблема Царквы карэнных амерыканцаў

Пеётызм (англ.: Peyotism) — рэлігія на аснове хрысціянскіх і традыцыйных вераванняў паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Назва паходзіць ад наймення кактуса пеётль (Lophophora williamsii), з якога вырабляюць галюцынаген.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пеётызм узнік на аснове хіліялістычных рухаў, якія ахапілі абшчыны паўночнаамерыканскіх індзейцаў у апошняй трэці XIX ст. Меркавана, што найбольшы ўплыў на фарміраванне новай рэлігіі аказаў рух Скокі Духаў, які першапачаткова ўзнік у Невадзе каля 1870 г., а потым адрадзіўся ў Аклахоме ў 1888 - 1889 гг.[1] Частка прыхільнікаў гэтага руху ўжывала падчас рэлігійных цырымоній сушоны кактус пеётль (Lophophora williamsii), што параўноўвалася з хрысціянскай святой камуніяй. Пеётль утрымоўвае мескалін, які выклікае галюцынацыі. Практыка выкарыстання пётля мексіканскімі індзейцамі ў рэлігійных мэтах вядома з 1560 г.[2]. Але на тэрыторыі ЗША арэал вырастання гэтай расліны абмежаваны Тэхасам, і да канца XIX ст. выпадкі яе актыўнага ўжывання былі не вядомы.

Першапачаткова прыхільнікі пеётызму дзейнічалі ў межах традыцыйных рэлігійных культаў або як чальцы хрысціянскіх кангрэгацый. 10 кастрычніка 1918 г. міжплемянная група пеётыстаў зарэгістравала Царкву карэнных амерыканцаў Аклахомы[3]. У міжваенны перыяд патаемныя і адкрытыя сустрэчы пеётыстаў адбываліся і на тэрыторыі іншых штатаў ЗША. Гэтаму садзейнічала актыўная місіянерская дзейнасць прадстаўнікоў плямён каманчы, ліпан, каёва, сіў і інш. Паколькі федэральныя ўлады разглядалі пеётль як наркотык, прадпрымаліся меры для забароны як яго ўжывання, так і саміх рэлігійных цырымоній. Так, у 1932 г. у Невадзе быў арыштаваны і прысуджаны да турэмнага пакарання місіянер Сэм Самотны Мядзведзь[4].

Да 1960 г. прыхільнікі пеётызму здолелі зарэгістраваць цэрквы карэнных амерыканцаў у 11 штатах. У міжваенны перыяд групы вернікаў таксама ўзніклі на поўначы Мексікі. У 1960-ыя гг. пеётызм распаўсюдзіўся ў Канадзе, першапачаткова сярод сіў[5]. На баку пеётыстаў выступалі амерыканскія антраполагі. У 1994 - 1996 гг. іх сумесныя намаганні прывялі да прыняцця Сенатам і Кангрэсам ЗША паправак да Акта аб рэлігійнай свабодзе амерыканскіх індзейцаў[6]. Яны дазваляюць прадстаўнікам карэнных народаў ужыванне пеётля падчас рэлігійных цырымоній.

Арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Аб'яднанне вернікаў адбываецца пераважна ў межах Царквы карэнных амерыканцаў (англ.: Native American Church). Яна не мае адзінства і ўяўляе сабою збор розных кангрэгацый і напрамкаў, у тым ліку групу Крыжовага Агню (англ.: Cross Fire), якая выкарыстоўвае падчас цырымоній Біблію і малітвы, і адасобленую ад яе групу Паловы Месяца (англ.: Half Moon), што вызнае блізкую да хрысціянскай маральнасць[7]. У Арызоне дзейнічае незалежная пеётысцкая Царква Бога (англ.: The Peyote Way Church of God)[8].

Веравучэнне[правіць | правіць зыходнік]

Для пеётызму характэрны сінкрэтызм — спалучэнне традыцый народных вераванняў індзейцаў з хрысціянствам. Пеётысты вераць у адзінага Вялікага Духа, стваральніка сусвету, які звязаны з чалаввецтвам праз іншых духаў, у тым ліку прадстаўнікоў прыроды. Ісус Хрыстос выступае або як заступнік і адзін з пасрэднікаў, або як рэінкарнацыя культурнага героя таго ці іншага племені. Ужыванне пеётлю падчас рэлігійных цырымоній тлумачыцца імкненнем да кантактаў з духамі, яднаннем чалавека з навакольным асяродзем[9].

Вернікі гуртуюцца вакол рэлігійнай абшчыны-ківа (ад назвы рэлігійнага збудавання ківа). Рытуалы часцяком арганізуюцца ў традыцыйным жытле, накшталт тыпі, у гонар традыцыйных індзейскіх, хрысціянскіх і цывільных грамадскіх святаў. Іх узначальвае рытуальны правадыр.

Знакамітыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]