Пол Пот

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пол Пот

Пол Пот, сапр.: Салот Сар (19 мая 1928, в. Прэксбаўв — 15 красавіка 1998), кіраўнік Камбоджы, лідар Чырвоных Кхмераў. Узначальваў камуністычны рэжым, які праводзіў генацыд супраць свайго народа і за 3,5 гады панавання знішчыў 1–3 млн. чалавек, што складала 1/3 ад агульнага насельніцтва Камбоджы.

Нарадзіўся ў сям'і заможнага селяніна. Ва ўзросце дзевяці гадоў быў адпраўлены ў Пнампень да сваякоў. Пасля пераезду колькі месяцаў праводзіць у якасці прыслужніка ў будыйскім манастыры Ват Батум Вадэй, дзе вывучае кхмерскую мову і асновы будызму. У 1937 паступае ў каталіцкую пачатковую школу Ecole Miche, дзе атрымлівае асновы класічнай адукацыі. Пасля яе заканчэння ў 1942 працягвае навучанне ў Каледжы Нарадома Сіянука ў Кампангчаме. Спроба ў 1948 працягнуць адукацыю ў прэстыжным Ліцэі Сісавата скончылася няўдачай, ён не здолеў здаць іспыты і быў вымушаны працягнуць навучанне ў Тэхнічнай школе ў Пнампені. У 1949 атрымлівае ўрадавую стыпендыю для атрымання вышэйшай адукацыі ў Францыі. Меркавалася, што ён працягне навучанне ў прафесійнай школе ў Ліможы або Тулоне.

Прыехаўшы ў Францыю, Салот Сар адправіўся ў Парыж, дзе вывучаў радыёэлектроніку. Успамінаючы аб першым годзе свайго студэнцкага жыцця ён адзначаў, што шмат працаваў і быў добрым студэнтам. Улетку 1950 разам з іншымі студэнтамі адпраўляецца на працу ў Югаславію, дзе каля месяца працуе ў Заграбе. У канцы 1950 у Парыж прыязджае яго стары сябра – Іенг Сары, які знаёміць Салот Сара з Кенг Вансакам, патрыятычна настроеным нацыяналістам, з якім вучыўся ў Ліцэі Сісавата. Менавіта на кватэры Кенг Вансака пачынае працаваць марксісцкі гурток, ініцыятарамі стварэння якога былі Іенг Сары і Рат Самаен. Сярод прац, якія абмяркоўваліся ў гуртку – "Нацыянальнае пытанне" І. В. Сталіна, "Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму" У. І. Леніна, "Капітал" К. Маркса.

У сяр. 1952 Салот Сар пад псеўданімам Кхмер Даом выступае з сваім першым палітычным творам – у адмысловым выпуску часопіса камбаджыйскіх студэнтаў "Khmer Nisut" выходзіць яго артыкул "Манархія або дэмакратыя?". Верагодна ў 1952 уступіў і ў Камуністычную партыю Францыі[1]. Да гэтага часу ўжо страціў цікавасць да навучання і быў адлічаны з універсітэту. 15 снежня 1952 пакідае Францыю і вяртаецца на радзіму.

У студзені 1953 Салот Сар вярнууся ў Камбоджу і пасяліўся ў Пнампені ў свайго старэйшага брата Лот Суонга. Праз месяц ён распачаў спробы усталяваць кантакты з антыфранцузскімі партызанамі, а пасля пазнаёміўся з мясцовым прадстаўніком Камуністычнай партыі Індакітая (КПІ) – Фам Ван Ба і звярнууся да яго з просьбай аб прыняцці ў КПІ на падставе свайго чалецтва ў Камуністычнай партыі Францыі. Фам Ван Ба звязаўся з Парыжам праз Ханой і ў жніўні 1953 Салот Сар быў прыняты ў КПІ, пачаў працаваць у аддзеле масавай прапаганды штабной ячэйкі, наведваць школу для партыйных кадраў дзе яго настаўнікам быў Тую Самут. У 1954 займаецца падрыхтоўкай будучых выбараў.

Вярнуўшыся ў Камбоджу, заснаваў рух, вядомы пад назвай "Чырвоныя кхмеры", які ў 1967 пачаў партызанскую вайну супраць цэнтральнага ўраду. У 1975 яго атрады захапілі сталіцу Камбоджы Пнампень. Псеўданім Пол пачаў выкарыстоўваць яшчэ ў 1950-я гады, а псеўданім Пол Пот з 1976. Псеўданім Пол Пот з'яўляецца скарачэннем ад французскага "politique potentielle" - "патэнцыйная (магчымая) палітыка"[2]. У краіне ўсталяваўся рэжым самага лютага тэрору супраць прадстаўнікоў вышэйшага класу і інтэлігенцыі. У 1979 рэжым Пол Пот быў скінуты в'етнамскімі войскамі. Да 1998 хаваўся ў джунглях у цяжкадаступных раёнах Камбоджы з рэшткамі аддзелаў "Чырвоных Кхмераў". У канцы жыцця ўзяты пад варту па загадзе камандуючага войскамі чырвоных кхмераў Тая Мока. Памёр ад рака.

Зноскі

  1. Чендлер Дэвид П. Брат номер один: Политическая биография Пол Пота. — Екатеринбург: Ультра. Культура, 2005, С.398.
  2. Пол Пот: борец за счастье народа или кровавый диктатор?

Літ.:
  • Kiernan B. How Pol Pot Came to Power: Colonialism, Nationalism, and Communism in Cambodia, 1930-1975. London, 1985.
  • Kiernan B. The Pol Pot Regime: Race, Power, and Genocide in Cambodia under the Khmer Rouge, 1975-79. New Haven, 1996.
  • David P. Chandler Brother Number One: A Political Biography of Pol Pot. Boulder, 1999.
  • Кампучия: от трагедии к возрождению. М., Издательство политической литературы, 1979. – 255 с.