Праспер Мерымэ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Праспер Мерымэ

Праспер Мерымэ́ (фр.: Prosper Mérimée; 28 верасня 1803, Парыж23 верасня 1870) — французскі пісьменнік, член Французскай акадэміі (з 1844).

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і мастакоў. Бацька, Леанор Мерымэ, шмат працаваў у Рыме і Фларэнцыі, пісаў карціны на міфалагічныя сюжэты, выкладаў у Політэхнічнай школе. Маці, Анна Маро, была жанчына з моцным і незалежным характарам. Шмат хто з мастакоў наведваў яе салон. Даследчыкі сцвярджаюць, што ёй быў уласцівы моцны антыклерыкалізм, які яна здолела прышчапіць сыну. Абыякавасць да вялікіх узрушэнняў эпохі, да рэлігіі, да рэвалюцый, уласцівыя сям'і, наклалі адбітак на характар і погляды Праспера Мерымэ.

Бацькі П. Мерымэ бывалі ў Англіі, прымалі англічан у Парыжы, і будучы пісьменнік з маленства навучыўся англійскай мове, а ў ліцэі, куды ён паступіў у 1811 годзе, авалодаў лацінаю. Ужо ў ліцэі ён пачынае цікавіцца літаратурай — бярэцца перакладаць з англійскай мовы. Аднак Леанор Мерымэ хоча бачыць свайго сына адвакатам, і ў 1819 годзе той паступае на юрыдычны факультэт. Малады Мерымэ вучыцца на юрыста, займаецца самастойна іспанскаю і грэчаскаю мовамі, вывучае філасофію і англійскую літаратуру. Скончыў Сарбону ў 1823 г.

Падчас велікодных вакацый 1822 года П. Мерымэ напісаў свой першы літаратурны твор — драму «Кромвель», тэкст якой не захаваўся. Пазней ён працуе над раманам «Трагічная падзея», які нідзе не друкаваўся, і над паэмаю ў прозе «Бітва». Гэтыя літаратурныя спробы дазволілі Мерымэ ўвайсці ў парыжскі літаратурны свет. Мерымэ знаёміцца з Стэндалем, з якім будзе сябраваць усё жыццё.

У 1834 годзе ў жыцці П. Мерымэ наступае перыяд, які вызначыць у пэўнай ступені развіццё яго літаратурнага лёсу. Ён прызначаецца інспектарам Камісіі гістарычных помнікаў (потым стане яе віцэ-прэзідэнтам). Пісьменнік аб'ездзіў літаральна ўсю Францыю, даследаваў і адкрыў для навукі шматлікія гістарычныя і археалагічныя помнікі, браў удзел у складанні каталога французскіх помнікаў.

Удзельнік грамадскага жыцця Францыі, П. Мерымэ быў блізка знаёмы з сям'ёю іспанскіх арыстакратаў Мантыха, дачка якіх Эжэні ў 1853 годзе выйшла замуж за імператара Францыі Напалеона III. 3 таго часу пісьменнік часта бывае пры імператарскім двары. Кавалер (а пасля і афіцэр) ордэна Ганаровага Легіёна, член Французскай акадэміі, сенатар. Ён дапамагае імператару Напалеону III пісаць кнігу «Жыццё Цэзара».

Узрост і хвароба вымушаюць П. Мерымэ мяняць лад жыцця. Ён амаль адмаўляецца ад падарожжаў, лечыцца ў лепшых дактароў, шмат часу бавіць у Кане на поўдні Францыі.

Калі ў ліпені 1870 года Францыя абвяшчае вайну Прусіі, Праспер Мерымэ, які заўсёды лічыў сябе найперш грамадзянінам свету і толькі пасля грамадзянінам Францыі, цяпер ахоплены пачуццём патрыятызму. Пісьменніку прыходзяць думкі пра смерць, ён пачынае думаць пра Бога. Мерымэ, які ўсё жыццё быў бязбожнікам, запатрабаваў у тастаменце, каб яго пахавалі паводле пратэстанцкага абраду з удзелам пастара.

Улетку 1870 года ён яшчэ выязджае ў Парыж, бярэ ўдзел у паседжанні Сената, але, знядужаны новым прыступам хваробы, мусіць у сярэдзіне верасня вярнуцца ў Кан. Ён памірае на руках у сяброўкі англічанкі Фані Лагдэн. Яго цела пахавана на англійскіх могілках у Кане пад адной магільнай плітой з Фані Лагдэн.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Літаратурная вядомасць прыйшла да П. Мерымэ ў 1825 годзе, калі пабачыў свет зборнік аднаактовых п'ес, аб'яднаных агульнай назваю «Тэатр Клары Газуль». У гэтых п'есах П. Мерымэ, прыкрыўшыся імем уяўнай іспанскай пісьменніцы Клары Газуль, вынаходзіць свой адметны стыль, у якім выявіліся рысы, што сталі ўласцівымі ўсёй яго творчасці: строгі рамантызм, сухая дакладнасць апісанняў, амаль поўная адсутнасць эмацыянальнасці і лірызму. Ужо тады адчулася цікаўнасць Мерымэ да чужых краёў, экзотыкі, «мясцовага каларыту», на які так багатыя яго творы.

Гэтая цікаўнасць легла ў аснову наступнай кнігі пісьменніка. Яна выйшла ў 1827 годзе і мела назву «Гузла. Зборнік ілірыйскіх песень, запісаных у Далмацыі, Босніі, Харватыі і Герцагавіне». Як і першая кніга, гэта была дасканалая літаратурная містыфікацыя ў духу рамантычнага часу. Усе «народныя» песні Мерымэ напісаў сам, але зрабіў гэта так удала, што шмат хто з яго сучаснікаў палічыў іх за сапраўдны фальклор.

Аднак жа таямніца аўтарства дзвюх першых кніг раскрылася, што прынесла Прасперу Мерымэ пэўную, хоць трохі скандальную, вядомасць.

Ад містыфікацый аўтар пераходзіць да больш сур'ёзных літаратурных заняткаў і звяртаецца да гістарычнага жанру — піша трагедыю «Жакерыя» пра сялянскае паўстанне 1358 года ў Францыі, у якой абмалёўвае нялюдскія жахі і жорсткія норавы эпохі.

А ў 1829 годзе пабачыў свет гістарычны раман «Хроніка панавання Карла IX», цэнтральнай падзеяй якога стала разня гугенотаў у Варфаламееўскую ноч 1572 года,— даволі ўдалая спроба маладога пісьменніка ў жанры «плашча і шпагі». У рамане ён выказвае асуджэнне рэлігійнай нецярпімасці і фанатызму.

Шырокую вядомасць і вялікае літаратурнае імя Прасперу Мерымэ прынёс зборнік навел «Мазаіка», які склалі творы, напісаныя ў 1829—30 гадах. Вострыя драматычныя канфлікты, геаграфічная экзотыка сюжэта, набліжэнне да фантастычнай містыкі, назіранні над псіхалогіяй герояў, майстэрства пабудовы твора — усё гэта чытач знайшоў у «Мазаіцы». У гэтай кнізе Мерымэ звярнуўся да жанру навелы, за межы якога ўжо не выйдзе да канца сваёй творчасці.

П. Мерымэ пісаў навелы, адметныя мастацкай выразнасцю, псіхалагізмам, стылявой стрыманасцю і дакладнасцю, т.зв. экзатычныя («Матэа Фальконе», «Таманга», абедзве 1829; «Каломба», 1840), на тагачасную французскую тэматыку («Этруская ваза», «Партыя ў трык-трак», абедзве 1830; «Двайная памылка», 1833; «Арсена Гіё», 1844), фантастычгыя («Венера Ільская», 1837; «Локіс», 1869).

У 1845 годзе П. Мерымэ стварае сваю, бадай, самую вядомую навелу «Кармэн». Ідэя і сюжэт твора нарадзіліся ў яго яшчэ падчас першага падарожжа ў Іспанію ў 1830 годзе, за гэты час навела настолькі адшліфавалася ў галаве аўтара, што, паводле сведчання сяброў, на напісанне хапіла аднаго тыдня. Навела гэтая стала, відаць, самым вядомым і папулярным у свеце творам Мерымэ.

Пасля выхаду ў свет навелы «Абат Абен» (1846) і да 1866 года, калі была напісана навела «Блакітны пакой», Мерымэ не займаецца чыста літаратурнай творчасцю.

Аўтар даследаванняў па гісторыі мастацтва, літаратуры, перакладчык. Сярод яго перакладаў можна адзначыць «Пікавую даму», «Цыганоў» і «Стрэл» Пушкіна і «Рэвізора» Гогаля. Адначасна з гэтым у друку з'яўляецца цэлы шэраг рэцэнзій, нарысаў, артыкулаў на гістарычную тэматыку («Змова Катыліны», «Гісторыя дона Педра I», «Ілжэдзімітры»і інш.). Яго ўражанні ад экспедыцый па краіне склалі чатыры кнігі.

На апошнія гады жыцця прыпадае шэраг артыкулаў з «Гісторыі панавання Пятра Вялікага», навелы «Локіс» і «Джуман».

Першыя гады творчасці пісьменніка супалі з парою змагання літаратараў-рамантыкаў супраць састарэлых і аджылых канонаў класіцызму. Далучыўся да гэтае барацьбы і Мерымэ, пайшоўшы аднак адметным шляхам. Выкарыстоўваючы ў творах рамантычныя «дэкарацыі», уводзячы ў іх гістарычную і геаграфічную экзотыку, «мясцовы каларыт», нястрымныя пагібельныя пачуцці, фантастычныя і жахлівыя здарэнні — тыповыя атрыбуты літаратуры рамантычнага кірунку — ён будуе іх зусім не рамантычнымі сродкамі. Адмовіўшыся ад зручных магчымасцей патэтыкі, ён трымаецца прынцыпаў лінейнага развіцця сюжэта, сцісла прывязвае апісанні да дзеяння і малюе персанажы праз іх паводзіны. У яго творах няма ні шчодрых пейзажаў, ні ўнутраных маналогаў, ніводнага лішняга для развіцця сюжэта слова. Стыль у Мерымэ стрыманы, нават сухі, а роспавед, іранічны або драматычны, заўсёды цэльны, выразны, зграбны і засяроджаны. Амаль усе яго навелы — шэдэўры гэтага жанру.[1]

Творчасць Праспера Мерымэ адыграла важную ролю ў развіцці французскай рэалістычнай літаратуры новых часоў. Пераняўшы традыцыі французскае апавядальнае прозы XVIII стагоддзя, Мерымэ-навеліст выступіў наватарам, які праставаў шляхі магутнай плыні французскага рэалізму. Жадаючы заставацца незалежным, не прытрымліваючыся ніякага пэўнага літаратурнага кірунку, ён аднак не стварыў сваёй школы ў літаратуры.

Плакат да пастаноўкі оперы «Кармэн» у ЗША (каля 1896)

Творы Праспера Мерымэ ў хуткім часе пасля надрукавання ў Францыі здабылі папулярнасць і ў іншых краінах, яны даволі часта перакладаліся і выдаваліся ў Германіі, Англіі, Іспаніі, Расіі, Польшчы. На беларускую мову яго творы пераклалі В. Вольскі, Н. Мацяш, З. Жук, С. Шупа, А. Істомін. Многія навелы П. Мерымэ экранізаваны, на сюжэт навелы «Кармэн» напісана аднайменная опера Ж. Бізэ.

Зноскі

  1. Істомін, Шупа (1990)

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Кармен. / пераклад і прадмова В. Вольскага. Мн., 1936.
  • Варфаламееўская ноч. Мн., 1938.
  • Жакерыя: Сцэны з феадальных часоў. Мн., 1940.
  • «Матэа Фальконэ», «Фэдэрыга» / пер. Н. Мацяш; «Штурм рэдута» / пер. З. Жук // Далягляды-85.
  • «Локіс» / пер. С. Шупы // Далягляды-88.
  • Навелы / Рэдкал.: С. Андраюк і інш. Уклад., прадм., камент. і пер. з фр. А. Істоміна і С. Шупы.— Мн.: Маст. літ., 1990.— 367 с.: [8] л. іл. (Скарбы сусвет. літ.). ISBN 5-340-00285-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]