Пячора Гофа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пячора Гофа
Gough's Cave
Каардынаты: 51°16′55,80″ пн. ш. 2°45′56,70″ з. д.HGЯO
Размяшчэнне Сомерсет
Глыбіня 115 м
Даўжыня 3405 м
Год адкрыцця 1892
Змяшчаючыя пароды Вапняк
Пячора Гофа (Вялікабрытанія)
Пячора Гофа
Пячора Гофа

Пячора Гофа (англ.: Gough's Cave) — пячора ў графстве Сомерсет у паўднёва-заходняй Англіі, знакамітая знаходкамі эпохі позняга палеаліту.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Уваход у пячору быў вядомы здаўна і меў назву Пяшчаная Дзірка. У 18921898 гг. яна была даследавана адстаўным ваенным Рычардам Гофам (18271902 гг.). З 1899 г. адкрыта для наведвальнікаў. У 1903 г. у ёй былі знойдзены добра захаваныя часткі шкілета чалавека, датаваныя 7150 г. да н. э. Знаходкі старажытных рэштак і артэфактаў рабіліся і пазней. Апошнія археалагічныя даследаванні арганізоўваліся ў 1986 г. і 1992 г. У 19851990 гг. была даследавана затопленая частка. У нашы дні пячора з’яўляецца турыстычнай славутасцю Сомерсета.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

Пячора Гофа месціцца ў скальным вапняковым масіве, які сфарміраваўся 300 мільёнаў гадоў таму на экватары пад вадою з астанкаў каралаў і іншых марскіх істот. Тэктанічныя зрухі паступова перамясцілі яго на поўнач і выштурхнулі на паверню. Каля паўмільёна гадоў таму рачная вада пачала раствараць вапняковую пароду. Канчаткова пячорная сістэма ўзнікла ў апошні ледавіковы перыяд, калі яе месца знаходжання стала самай паўднёвай кропкай на Брытанскіх астравах, якой дасягнуў ледавіковы шчыт. У перыяды міжледнікоўя кіслыя адталыя воды прасочваліся праз расколіны ў скалах і ў выніку стварылі пячору даўжынёй 3 405 м і глыбінёй 115 м.

Пячора Гофа падзяляецца на адкрытую і затопленую часткі. Адкрытая частка (820 м) вядома шырокімі заламі і дзівоснымі фармаваннямі, упрыгожанымі рознакаляровымі мінераламі. Па яе дну цячэ падземная рака Чэдар-Еа (англ.: Cheddar Yeo). Адкрытая частка перыядычна затапливаецца паверхневыми водамі. У 1968 г. затапленне цягнулася 3 дні. Затопленая частка стала знаходзіцца пад вадою.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

Шкілет «Чэдарскага чалавека» (7150 г. да н. э.), знойдзены ў 1903 г.

Пячора Гофа — адзін з найстаражытных археалагічных помнікаў Вялікабрытаніі. Каля 14 700 гадоў таму яна была на працягу некалькіх пакаленняў населена прадстаўнікамі Мадленскай культуры, потым перыядычна наведвалася імі.

Першая знаходка рэштак шкілета «Чэдарскага чалавека» была зроблена ў 1903 г. праз 6 гадоў пасля адкрыцця самой пячоры недалёка ад яе ўваходу. Незаўважнасць гэтых і іншых рэштак для папярэдніх наведвальнікаў тлумачыцца тым, што падчас затапленняў вада змывала іх у «кішэні» ўдоўж сцяны. Шкілет чэдарскага чалавека да нашых дзён лічыцца найбольш поўным з касцяных астанкаў палеалітычных людзей на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Усяго на працягу XX ст. было адкрыта 205 фрагментаў чалавечых цел.

Палеалітычныя жыхары і наведвальнікі пячоры Гофа палявалі пераважна на коней, радзей — на аленяў, курапатак і зайцоў. Яны карысталіся крэмніевымі пласцінамі, прыладамі з костак і рогаў аленяў. Шылы майстравалі з костак драбнейшых жывёл. Апрацоўваліся і чалавечыя рэшткі. З чалавечых чэрапаў выраблялі пасудзіны. Для гэтага чэрапы памерлых старанна ачышчалі ад мяккіх тканін, выдалялі вусны, шчокі, язык, вочы, косткі твару і асновы чэрапа, а яго сценкі фармавалі ў келіх. Старанная праца сведчыць пра тое, што выраб пасудзін мог мець рытуальны характар.

Больш дакладнае вывучэнне знаходак пячоры Гофа паказала, што насечкі ад прылад працы на касцяных астанкаў жывёл і людзей супадаюць. Падобна на тое, што целы людзей асвяжоўваліся падобна тушам звяроў. Некаторыя косткі людзей і жывёл пасля раздзелкі дэкараваліся насечкамі. Такім чынам, была высунута версія, што жыхары пячоры былі канібаламі. Прычыны іх канібалізма не вядомы. Магчыма, ён з'яўляўся рытуальным. Даследаванне рэштак пячоры Гофа важна для параўнання з іншымі знаходкамі прадстаўнікоў Мадленскай культуры.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]