Румлёва (лесапарк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лес на схіле Фамічоўскага яру ў Румлёве

Румлёва — лесапарк у Гродне, помнік садова-паркавага мастацтва, які ўключае рысы як рэгулярнага, так і пейзажнага парку. Знаходзіцца на паўднева-ўсходняй ускраіне жылога мікрараёна Прынёманскі-2.

Паходжанне назвы[правіць | правіць зыходнік]

Па адной з версій назва парка паходзіць ад прозвішча аднаго з уладальнікаў — Якава Румеля. Па другой версіі паходзіць ад слова «рум» — прыстань на беразе ракі для падрыхтоўкі леса да сплаву.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

За час свайго існавання парк Румлёва зведаў шмат гаспадароў. У ХІХ ст. першым вядомым гаспадаром гэтых зямель быў памешчык, віцэ-маршалак гродзенскі, вядомы публіцыст і філосаф, масон Ігнацій Ляхніцкі. З 1825 па 1855 гг. гаспадаром Румлёва з’яўляўся Якаў Багдановіч Румель, землеўладальнік, грамадскі дзеяч, правізар, фармацэўт.

Маёнтак ад Я. Румеля пераходзіць у 1857 г. да Канстанціна Іванавіча Відацкага. Ён быў у шлюбе з Францыскай Вікенц’еўнай Паўлоўскай (1814—1878), маці знакамітай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. З 1878 па 1882 гг. у фальварка з’яўляецца новы гаспадар — генерал у адстаўцы, памешчык Сакольскага павету, неаднаразовы сябра Гродзенскага камітэта грамадскай апекі пры турмах, удзельнік з’езду міравых суддзяў у 1890 г. Аляксандр Карлавіч Васількоўскі.

З 1877 г. цікавасць да румлёўскіх земляў выказала камандаванне 26-й пяхотнай дывізіі. Летнія лагеры расійскіх войск былі побач з землямі маёнтка. Так тэрыторыя Румлёва стала месцам дыслакацыі войскаў.

Парк на здымку 2022 года.

Падчас Першай сусветнай вайны Гродна быў адной з моцных крэпасцей заходняй лініі абароны Расійскай імперыі, таму у Румлёва знаходзіліся артылерыйская батарэя рускіх войск. Абодва берагі Нёмана на той час сталі полем бою.

Падчас Другой сусветнай вайны лясны масіў быў цэнтрам вайсковых дзеянняў. У ім будуюцца палявыя абарончыя ўмацаванні, бліндажы, сховішчы, адбываюцца вучэнні. У пасляваенны час гісторыя Румлёва звязана з дзейнасццю дзіцячага лагеру адпачынку. Лагер належаў ваеннаму ведамству і функцыянаваў да пачатку 90-х гг. ХХ ст.

Геграфічная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Лесапарк «Румлёва» размяшчаецца на паўднёвым усходзе Гродна, на высокім плато, абмежаваным з паўночнага ўсходу берагам ракі Нёман, а з паўночнага захаду глыбокім ровам. Знаходзіцца на левым беразе ракі Нёман. Лесапарк размешчаны на пойменных тэрасах ракі. Плошча лесапарку займае 78 га.

Лесапарк з’яўляецца часткай Верхнянёманскай нізіны. Чаргаванне яраў і пагоркаў стварае ярава-бэлечны рэльеф, які за доўгі перыяд развіцця падвяргаўся воднай эрозіі і быў раздзелены рэчышчамі часовага сцёку.

Глебы лесапарку складаюцца з міжледніковых адкладаў, а дакладней Валдайскай марэны, якая прадстаўлена чырвона-бурай глінай з валунамі і галькай. Таксама месцамі сустракаюцца супескі і суглінкі.

Раслінны і жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Сярод парод дрэў лесапарка «Румлёва» выяўлены наступныя віды: хвоя звычайная, вяз, ліпа, дуб звычайны і чырвоны, алешына чорная, таполя чорная, белая, бяроза, бузіна чырвоная і чорная, барбарыс, груша дзікая і г.д. У падлеску захавалася натуральнае травяністае покрыва, якое складаецца з раслін першацветных: маці і мачыха, гусіны лук, чубатка Галера, медуніца і інш. Таксама выяўлены 35 відаў лішайнікаў, 25 відаў мохападобных.

На дадзены момант у лесапарку фіксуецца каля 20 відаў дзікіх жывёл. Да іх адносяць: буразубку звычайную, вожыка звычайнага, крата еўрапейскага, лясоўку звычайную, мыш лясную і палявую, пацука, гарнастая, ласку, кажана карлікавага, зайца-русака, казулю, дзіка, лася і лісіцу звычайную. 5 відаў занесены у Чырвоную кнігу Беларусі: вялікі крохалеў, пустальга звычайная, зімародак звычайны, зялёны дзяцел, аўсянка садовая. 5 відаў са спісу Чырвонай кнігі патрабуюць прафілактычнай аховы: падкаменшчык, квакша звычайная, лебедзь шыпун, качка шэрая, гогаль звычайны. Лесапарк з’яўляецца важнай кропкай сезонных міграцый птушак і млекакормячых.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

На сённяшні час Румлёўскі лесапарк знаходзіцца ў гаспадарцы вытворчага аб’яднання ЖКГ Гродзенскага гарвыканкама. На арганізацыі ляжыць абавязак захавання парадку і ўтульнасці ў лесапарку. Аб адметнай ролі Румлёва, як помніка прыроды ў межах горада пачала сведчыць памятная шыльда.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А.Вашкевіч, А.Госцеў, В.Саяпін [і інш.]. Гродна-Вроцлаў, 2012. С. 267—268
  • Экологические экскурсии по лесопарку Румлево / Д. М. Андреева, В. А. Бахарев, В. В. Голубков [и др.]. — Гродно: ГОУПП «Гродненская типография», 2006. — 92 с.
  • Бахараў, В. Румлёва, лесапарк / В. Бахараў, В. Гуменны // Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы Гродзеншчыны і Сувальшчыны: энцыкл. давед. / рэд. В. Карнялюк, І. Трацяк. — Мінск, 2014. — С. 236—238