Хвоя
З пляцоўкі Вікіпедыя.
Хвоя, сасна (лац.: Pinus) — род вечназялёных дрэў, радзей кустоў, сямейства хваёвых.
Вышыня дрэў 20-50 м, дыяметр да 150 см. Крона пірамідальная або круглаватая. Галінкаванне кальчаковае. Ігліца доўгая, вузкая, у пучках па 2-5 на ўкарочаных парастках. Шышкі з дзеравяністымі насеннымі лусачкамі, выспявабць на другі год пасля цвіцення. Большасць відаў светлалюбныя, хуткарослыя, даўгавечныя (жывуць да 300-500 гадоў), непатрабавальныя да глебы і вільгаці.
Натуральны арэал хвоі практычна не выходзіць за межы паўночнага паўшар'я, дзе яна распаўсюджана ў лясах умеранага пояса, а таксама ў горных абласцях субтрапічнага і трапічнага паясоў.
На Беларусі хвоя звычайная – самая распаўсюджаная дрэўная парода. Інтрадукавана яшчэ 20 відаў, з іх у садова-паркавай і лясной культуры 10; найбольш вядомыя: хвоя веймутава, румелійская, сібірская кедравая, або кедр сібірскі, хвоя Банкса, цвёрдая, чорная.
У паўднёвым паўшар'і да нядаўняга часу рос толькі адзін від гэтага роду – хвоя Меркуза (Pinus merkusi), але і гэты від хвоі захадзіў да поўдня ад экватара толькі на 2°. Аднак у наш час у Паўднёвым паўшар'і з'явіліся штучна пасаджаныя хваёвыя лясы, для стварэння якіх выкарыстоўвалася пераважна хвоя прамяністая (P. radiata). Натуральнае месца распаўсюджання гэтага прыгожага віду – усяго некалькі дзясяткаў гектараў у Каліфорніі і на адным з блізкіх астравоў. Насаджэнне гэтай хвоі пачалося ў пачатку 20 ст. у Аўстраліі і Новай Зеландыі, і цяпер штучныя хваёвыя лясы займаюць тут вялікія плошчы. Некалькі меншую плошчу займаюць штучныя хваёвыя лясы ў трапічнай і паўднёвай Афрыцы і на Мадагаскары.