Тавалара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тавалара
італ. Tavolara
Паўднёвы бераг
Паўднёвы бераг
Характарыстыкі
Плошча5,9 км²
Насельніцтва27 чал.
Шчыльнасць насельніцтва4,58 чал./км²
Размяшчэнне
40°54′16,10″ пн. ш. 9°42′48,90″ у. д.HGЯO
АкваторыяТырэнскае мора
Краіна
Тавалара (Італія)
Тавалара
Тавалара
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тавалара (італ.: Tavolara) — востраў на паўночным усходзе італьянскага аўтаномнага рэгіёна Сардзінія. Плошча — 5,9 км². Насельніцтва (2009 г.) — 27 чалавек[1].

Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Тавалара месціцца ў 1,84 км ад паўночна-усходняга берага Сардзініі, у 250 км на паўднёвы захад ад Рыма, сталіцы Італіі. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 7 км. Найбольшая шырыня — 1,57 км. Большая частка вострава ўяўляе сабою вапняковы масіў чатырохкутнай формы з пясчанай касой на паўднёвым усходзе. Найвышэйшы пункт — 564 м.

Расліннасць вельмі рэдкая, прадстаўленая травамі, фісташкамі і маслінамі. Толькі на найбольш высокай частцы можна сустрэць клёны. Наземная фаўна бедная, прадстаўлена яшчаркамі, чарапахамі, пацукамі, здзічэлымі козамі. З-за ўжывання малачая зубы коз часцяком маюць яркі жоўты колер, таму пра таваларскіх коз кажуць «каза з залатымі зубамі». На скалах гняздуюць бакланы, ластаўкі, галубы.

З 1997 г. марскія воды ваколь Тавалары ўваходзяць у ахоўваемую прыродную зону.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Тавалара быў населены ўжо ў 4 тысячагоддзі да н. э. Яго неалітычныя жыхары займаліся рыбалоўствам. У пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. на ім спыняліся караблі этрускаў. Востраў прыцягваў старажытных мараплаўцаў сваім зручным становішчам для часавых стаянак і наяўнасцю пітной вады. У сярэднявеччы ім карысталіся піраты. Акрамя таго, тут здабывалі вапну. Пасля 1400 г. прадпрымалася некалькі спроб каланізацыі Тавалары лігурыйскімі рыбакамі.

У 1806 г. на востраве пасялілася сям'я генуэзскага рыбака Джузэпэ Барталеоні. У 1836 г., калі на мясцовым беразе высадзіўся кароль Карл-Альберт, Паола, сын Джузэпэ, выклікнуў: «Кароль Тавалары вітае караля Сардзініі!» Карл-Альберт палічыў жарт пацешным і падараваў востраў хлопцу. З тых часоў главы сям'і Барталеоні тытулавалі сябе каралямі, а востраў называлі каралеўствам.

У нашы дні ўсе астравіцяне належаць да сям'і Барталеоні, займаюцца рыбалоўствам і абслугоўваннем турыстаў. Частку Тавалары займае база назірання ВМС краін НАТА.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]