Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч
Герб «Сыракомля»
Герб «Сыракомля»
Слуцкі павятовы маршалак
1845 — 1863
Папярэднік Ян Ігнатавіч Даманскі
Пераемнік Юзаф Ксаверавіч Вайніловіч

Нараджэнне 1804
Смерць 1878
Месца пахавання
Род Вайніловічы
Бацька Антон Адамавіч Вайніловіч (1773—1855), слуцкі павятовы маршалак (1811—1818)
Маці Тэафілія Адынец
Жонка Казіміра Наркевіч-Ёдка
Дзеці 1) Сафія Тадэвушаўна Вайніловіч (24.03.1838—?); 2) Анэля Тадэвушаўна Вайніловіч (1843—раней 1850); 3) Эмілія Тадэвушаўна Вайніловіч (25.10.1848—?)
Веравызнанне каталік
Узнагароды ордэн Святога Георгія

Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (польск.: Tadeusz Woyniłłowicz, руск.: Тадеуш Антонович Войнилович; 1804, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 1878, Слуцк, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя) — слуцкі павятовы маршалак (1845—1863).

Паходжанне і сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў гербу «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Нарадзіўся ў сям’і Антона Адамавіча Вайніловіча (1773—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), і яго жонкі Тэафіліі Адынец. Бацька Антон Адамавіч Вайніловіч быў сынам Адама Францішкавіча Вайніловіча (1739—1803), новагародскага падкаморага (1783—1797), і яго жонкі Караліны Каралеўны Сулістроўскай, якія пабраліся шлюбам у 1770.

Тадэвуш Вайніловіч ажаніўся з Казімірай Наркевіч-Ёдкай (1817—1866), якая нарадзіла яму трох дачок: Сафія Тадэвушаўна Вайніловіч (24.03.1838—?); Анэля Тадэвушаўна Вайніловіч (1843—раней 1850); Эмілія Тадэвушаўна Вайніловіч (25.10.1848—?). Дачка Анэля памерла ў маленстве. Адна дачка Тадэвуша Сафія Тадэушаўна Вайніловіч выйшла за Леана Міхалавіча Даманскага (1830—1892), маянткоўца Слуцкага павета (за яго бацькам у 1850 налічвалася 364 рэвізскія душы), які служыў дэпутатам па нагляду за правільным продажам гарачых напояў у Слуцкім павеце. А другая дачка Эмілія таксама пайшла за маянткоўца Слуцкага павета — пана Адама Даманскага (1831—1891).

Службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У маладосці служыў у расійскім войску — у Літоўскім кавалерыйскім корпусе вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, брата расійскага імператара Мікалая I. 14 лютага 1834 паводле ўласнага прашэння быў звольнены ад вайсковай службы з чынам паручніка і ордэнам Святога Георгія, які, як вядома, даваўся толькі за персанальную мужнасць у баі. Стаў жыць у родавым маёнтку ў Слуцкім павеце і займацца гаспадаркай.

21 верасня 1844 у Мінску на дваранскіх выбарах Ян Ігнатавіч Даманскі, былы дваранскі дэпутат (вывадовы дэпутат) Слуцкага павета, быў выбраны на пасаду слуцкага павятовага маршалка (1844—1845), а першым «кандыдатам» (намеснікам) на пасаду слуцкага маршалка быў выбраны Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч. Пасля незапланаванай адстаўкі Даманскага з пасады, 7 мая 1845 Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч быў зацверджаны расійскімі ўладамі на пасадзе слуцкага маршалка. Пасля гэтага Тадэвуш Вайніловіч шэсць разоў абіраўся ў Мінску на пасаду слуцкага павятовага маршалка на новыя трохгоддзі — у 1847, 1850, 1853, 1856, 1859, 1862.

У доме маршалка Тадэвуша Вайніловіча ў Слуцку жыў у свой час яго пляменнік Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928), які тады вучыўся ў слуцкай гімназіі.

Тадэвуш Вайніловіч быў апошнім слуцкім павятовым маршалкам, выбраным павятовым дваранствам, бо пасля 1863 павятовыя маршалкі ў «заходніх губернях» Расійскай імперыі пачалі прызначацца расійскай уладай. Напэўна, Тадэвуш Вайніловіч быў бы і пасля ў 1863 прызначаны на пасаду слуцкага маршалка расійскай уладай, але гэта стала немагчыма з-за гучнага інцыдэнта з «мінскім пратаколам», які адбыўся ў 1862 у Мінску.

Справа з «мінскім пратаколам» (1862)[правіць | правіць зыходнік]

Напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў у патрыятычных мэтах мінскі губернскі маршалак (1859—1863) Аляксандр Дамінікавіч Лапа разгарнуў актыўную дзейнасць, жадаючы дабіцца ад расійскіх улад злучэння Мінскай губерні (а разам з ёй і іншых «паўночна-заходніх губерняў») з польскімі губернямі ў рамках Расійскай імперыі ў нейкую асобную аўтаномію (якая б ахоплівала тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772) і аднаўлення дзейнасці ўніверсітэта ў Вільні (ці ў іншым месцы Беларусі).

17 лістапада 1862 у Мінску губернскі дваранскі сход на чале з Лапам меў намер прадставіць на імя расійскага імператара Аляксандра II афіцыйны адрас (зварот), у якім мовілася б аб неабходнасці злучыць Мінскую губерню з польскімі губернямі. Планавалася прадставіць такія ж адрасы ад усіх губернскіх дваранскіх суполак краіны. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў забараніў падачу адрасу, але мінскія дваране ўнеслі яго тэкст у пратакол пасяджэння губернскага дваранскага сходу, які падпісалі 255 чалавек — першым падпісаўся мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Аляксандр Лапа. Слуцкі павятовы маршалак Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч з патрыятычных памкненняў таксама падпісаўся пад гэтым пратаколам. Генерал-губернатар вымушаны быў распусціць дваранскі сход. Усе дакументы, якія тычыліся тых падзей, былі 21 студзеня 1864 выняты па загаду Часовага ваеннага губернатара Мінскай губерні з канцылярый мінскага губернскага маршалка і Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу. У 1863 Аляксандр Лапа быў высланы па загаду новага віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (1796—1866) у Пермскую губерню за дапушчэнне падпісання «мінскага пратаколу», а яго буйны маёнтак Рудабелка падпаў пад прымусовы продаж.

У 1862, адразу пасля падпісання пратакола і прыезду ў свой маёнтак у Слуцкім павеце з купленым чамаданам і валонкамі, Тадэвуш Вайніловіч адмовіўся падпісаць вернападданы «адрас» да расійскага цара, якія ў той час падпісвалі многія дваране «заходніх губерняў», падаў у адстаўку і рыхтаваўся спакойна да высылкі ўладамі, хоць гэта магло пагражаць канфіскацыяй усяго маёнтка і трагедыяй для ўсёй сям’і.

У 1863, у ходзе паўстання 1863—1864 гадоў, яго брату Адаму Антонавічу Вайніловічу (1806—1874), пагражаў секвестр маёнтка Савічы, бо пісар маёнтка стаў членам слуцкага паўстанцкага атрада, быў арыштаваны і даў сведчанні. Па даручэнні ваеннага начальніка Слуцкага павета некалькі дзён маёнтак знаходзіўся ў акружэнні і распараджэнні атрада казакоў, але слуцкаму павятоваму маршалку (1845—1863) Тадэвушу Вайніловічу (1804—1878) удалося дабіцца зняцця секвестра з маёнтка брата Адама да рашэння суда, якога ў далейшым не адбылося[1].

Так здарылася, што расійская ўлада ніякіх рэпрэсій на Тадэвуша Вайніловіча не распаўсюдзіла. Вайніловіч толькі не прызначаўся на пасаду слуцкага павятовага маршалка пасля 1863, па прычыне нядобранадзейнасці. Аднак у 1863 расійская ўлада на пасаду слуцкага маршалка прызначыла Юзафа Ксаверавіча Вайніловіча, далёкага сваяка Тадэвуша.

Апошнія гады жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Жонка Тадэвуша памерла раней яго. Пазней, калі агонь спаліў усе яго дамы, як у Слуцку, так і Кларымонце, некалькі год Тадэвуш жыў у Савічах у свайго брата Адама, з якім у яго ўсё жыццё былі прыязныя сямейныя адносіны. Адам быў рады прыняць Тадэвуша, бо ў 1861—1865 сын Адама Эдвард пражываў у Слуцку ў доме Тадэвуша, калі апошні быў слуцкім маршалкам, за што Адам быў рады адплаціць брату.

Памёр у 1878 у Слуцку, дзе і быў пахаваны. Побач пахавана яго жонка i мацi.

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

У 1845, калі Тадэвуш Вайніловіч займаў пасаду слуцкага павятовага маршалка, то за яго бацькам Антонам у Слуцкім павеце Мінскай губерні меўся спадчынны маёнтак Кларымонт (Кларымонт, Савічы, Пузаў), дзе налічвалася 190 рэвізскіх душ; у набытым маёнтку Каралін (Слуцкі павет) — 116 душ, а ў набытым маёнтку Дучава (Душава) у Слуцкім павеце — 20 душ.

У 1845 бацька Антон перадаў кіраванне гаспадаркай сваім сынам, падзяліўшы свае маёнткі паміж двума сынамі (Тадэвушу — Кларымонт, Каралін; Адаму — Савічы, Пузаў і Браткова), і вырашыў, што будзе жыць у сына Адама ў палацы ў Савічах на прыбыткі з дробнага маёнтка Дучава (Душава). У 1850 у маёнтку Тадэвуша Вайніловіча Кларымонт мелася 86 душ, у Караліне — 116, а ў 1856 — супольна ў Кларымонце і Караліне налічвалася 183 душы.

Зноскі

  1. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 19.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]