Торт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Торт у выглядзе эмблемы Вікіпедыі

Торт (ад італ., torta, раней ад лац. tōrta, круглы хлеб) — дэсерт, разнавіднасць пірага, які складаецца з аднаго або некалькіх каржоў, прасякнутых крэмам або джэмам. Зверху торт звычайна ўпрыгожваецца крэмам, глазурай і/або фруктамі.

Існуюць таксама несалодкія разнавіднасці тартоў (напрыклад, пячоначны торт), пры гэтым назва «торт» указвае хутчэй на афармленне стравы: укладванне інгрэдыентаў слаямі з магчымым наступным упрыгожваннем верхняга слоя. У прыкладзе з пячоначным тортам: падсмажаныя ляпёшкі з пячоначнага фаршу з праслойкай з маянэзу, упрыгожаныя зверху зелянінай.

Прыгатаванне[правіць | правіць зыходнік]

Торт «Добаш»

Каржы для большасці тартоў вырабляюцца з бісквітнага або пясочнага цеста, класічныя тарты ўяўляюць сабой камбінацыю з тонкага пясочнага каржа (для болей стабільнае падставы) і аднаго альбо некалькіх бісквітных каржоў. Таксама для тартоў часам выкарыстоўваюць слоенае цеста або вафлевыя каржы. Для змазвання каржоў звычайна выкарыстоўваюць павідла, крэм з масла або вяршкоў з цукарам, згушчанае малако. Таксама паміж каржамі можна ўкласці слой фруктаў, ягад, арэхаў, змачыць каржы невялікай колькасцю алкаголю (ром, лікёр). Як у цеста, так і ў крэм можна дадаць розныя смакавыя і араматычныя дабаўкі: парашок какавы, ваніль; харчовыя фарбавальнікі.

Традыцыйна тарты маюць круглявую форму, аднак некаторыя разнавіднасці, а таксама тарты прамысловай вытворчасці, выпякаюцца ў прамавугольных формах. Такія тарты часта разразаюць на кавалачкі і прадаюць у выглядзе пірожных (напрыклад, торт «Напалеон» і аднайменнае пірожнае). У Італіі папулярныя тарты ў выглядзе паўсферы. У апошні час сталі папулярныя незвычайныя формы тартоў, напрыклад, у выглядзе зоркі або сэрца — гэтыя тарты найчасцей робяць да асаблівых выпадкаў.

Торт у выглядзе панды, пакрыты цукровай масцікай

Выпечкай і афармленнем тартоў займаецца навучаны кухар-кандытар.

Афармленне тартоў[правіць | правіць зыходнік]

Для дэкору тартоў звычайна выкарыстоўваюць крэм (галоўным чынам, той жа самы, што выкарыстоўваецца для праслойкі каржоў), выціскаючы яго пры дапамозе кандытарскага шпрыца на верхні слой торта і яго бакавіны. Таксама торт можна пакрыць глазурай альбо ганашам. Шырокае распаўсюджванне атрымала эластычная цукровая масціка маршмелаў, якую можна выкарыстоўваць не толькі ў якасці пакрыцця торта, але і для лепкі дэкаратыўных фігурак для ўпрыгожвання кандытарскіх вырабаў. Акрамя гэтага, у якасці ўпрыгожванняў для тартоў выкарыстоўваюць фрукты, ягады, арэхі, фігуркі з марцыпану, шакаладную і какосавую габлюшку, узбітыя вяршкі.

Святкаванне дзіцячага дня народзінаў з задзіманнем свечак на торце

Торт у культуры[правіць | правіць зыходнік]

Торт з'яўляецца традыцыйнай святочнай стравай на вяселлях, днях народзінаў і іншых урачыстых падзеях. Вясельны торт звычайна выконваюць ў некалькі ярусаў і ўпрыгожваюць зверху фігуркамі маладых. На дзень народзінаў імянінны торт могуць упрыгожваць свечкамі ў колькасці, роўнай узросту імянінніка.

Тарты часта выкарыстоўваюць у якасці кідальнай зброі для дэманстрацыі грамадскага недаверу або пагарды да вядомых людзей. Традыцыю кідаць у вядомых асоб тартамі заснаваў бельгіец Ныэль Гадэн — лідар руху «Міжнародныя пірожныя брыгады», ад актывістаў якога пацярпелі такія людзі, як Біл Гейтс, Мішэль Камдэсю, Жан-Люк Гадар і іншыя.

Бессэнсоўнае кіданне тартоў дзеля забаўкі з'яўляецца складовай часткай шэрагу кінакамедый.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Дэсерт