Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў

З пляцоўкі Вікіпедыя.
(Пасля перасылкі з Уладзімір Гніламёдаў)
Перайсці да: рух, знайсці

Уладзімір Васільевіч ГНІЛАМЁДАЎ (нар. 26 снежня 1937, в. Кругель Камянецкага р-на) — беларускі літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, акадэмік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута (1959). Служыў у Савецкай Арміі (1959—1961). Працаваў завучам Тамашоўскага дзіцячага дома, настаўнікам Камароўскай сярэдняй школы Берасцейскага раёна. У 1965 скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР і быў залічаны навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута. У 1969—1976 працаваў у апараце ЦК КП Беларусі інструктарам, затым загадчыкам сектара мастацкай літаратуры. З 1976 — намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, з 1977 адначасова загадчык аддзела тэорыі літаратуры. Член СП СССР з 1972. Цяпер працуе галоўным рэдактарам выдавецтва «Галіяфы».

У друку выступае як крытык і літаратуразнавец з 1962. Выдаў брашуры «Лірычны летапіс часу» (1967), «Ленін у сэрцы» (1968), «Сучасная беларуская паэзія» (1969), «Пафас жыццесцвярджэння: Вобраз чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985). Аўтар манаграфіі «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983), «Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці» (1985), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Упоравень з часам» (1976), «Як само жыццё» (1980), «Ля аднаго вогнішча» (1984), «Класікі і сучаснікі» (1987), «Ад даўніны да сучаснасці» (2001), «Я. Купала. Жыццё і творчасць» (2002). Адзін з аўтараў кнігі «У. І. Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (з С. Лаўшуком, Л. Савік, 1987).

Узнагароджаны медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (1996) і прэміі НАН Беларусі (2006).

[правіць] Літаратура

  • Гніламёдаў Уладзімір // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Гніламёдаў Уладзімір // Выдавецтва «Галіяфы»: Афіцыйны сайт — Эл.рэсурс goliafy.com
Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў
Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах