Ульрых Шнафт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ульрых Шнафт
Дата нараджэння 3 кастрычніка 1923
Дата смерці невядома
Прыналежнасць Вафен-СС
Ізраіль Армія абароны Ізраіля  (іўрыт)
Род войскаў артылерыя
Гады службы 19411944
19491952
Званне капітан
Бітвы/войны Другая сусветная вайна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ульрых Шнафт (ням.: Ulrich Schnaft; 3 кастрычніка 1923 — ?) — салдат Вафен-СС, удзельнік Другой сусветнай вайны. Пасля служыў у Арміі абароны Ізраіля, выдаючы сябе за яўрэя. Асуджаны за шпіянаж на карысць Егіпта.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў г. Кёнігсберг у незамужняй жанчыны, якая аддала Шнафта ў дзіцячы дом неўзабаве пасля нараджэння. Пазней хлопчыка ўсынавілі.

Атрымаў адукацыю механіка. У 1941 годзе ўступіў у Вафен-СС. Накіраваны на савецка-германскі фронт, дзе быў паранены. Пасля знаходжання ў шпіталі ваяваў у Югаславіі і Італіі. У 1944 годзе трапіў у палон да амерыканцаў. У 1947 годзе вызвалены.

Шнафт пасяліўся ў Мюнхене і жыў у адным пакоі з яўрэем. Ад суседа ён даведаўся, што тыя, хто перажыў Халакост, атрымліваюць дапамогу. Так як Шнафту было цяжка знайсці працу з-за пасляваеннай разрухі, мужчына вырашыў выдаць сябе яўрэя. У снежні 1947 года пад імем Габрыэля Вайсмана ён паспрабаваў нелегальна перабрацца ў падмандатную Палесціну. Аднак па дарозе схоплены і трапіў у лагер для інтэрнаваных на Брытанскім Кіпры.

У 1949 годзе Шнафту было дазволена выехаць у Ізраіль. Асеў у кібуцы Кір’ят-Анавім, на захад ад Іерусаліма, дзе пачаў вывучаць іўрыт. У жніўні таго ж года быў прызваны на тэрміновую службу. Шнафт уразіў начальства сваімі вайсковымі навыкамі і ведамі, так што ў канцы службы яму была прапанавана магчымасць стаць афіцэрам. Ён прыняў прапанову і даслужыўся да капітана артылерыі.

У 1952 годзе вайсковец па п’яні паказаў таварышам сваю фатаграфію ў форме СС і прызнаўся, што жыў пад ілжывым імем. За гэта яго звольнілі з арміі.

Пасля пераехаў у Ашкелон, дзе падрабляў выпадковымі заробкамі і капіў грошы для эміграцыі. У гэты час ён закруціў раман з жонкай начальніка, якая была старэйшая за яго на 20 гадоў і таксама прыехала з Германіі. Калі гэта высветлілася, Шнафт страціў работу, але палюбоўніца пакінула мужа і пераехала з былым вайскоўцам у Хайфу.

У 1954 годзе пара накіравалася ў ФРГ. Па шляху на радзіму, у Генуі, Шнафту было адмоўлена ў далейшым выездзе ў Германію, таму што ў яго быў толькі ізраільскі пашпарт, які не дазваляў уезд у краіну. Палюбоўніца кінула яго, а пазней вярнулася ў Ізраіль і памірылася з мужам. Разам яны выехалі ў Германію.

Шпіянаж[правіць | правіць зыходнік]

Шнафт затрымаўся ў Генуі без грошай. Ён спачатку звярнуўся ў консульства ФРГ, але там яму не дапамаглі. Тады ён накіраваўся да консульства Егіпта і прапанаваў карысную інфармацыю, здабытую падчас службы ў ізраільскай арміі. Дыпламаты былі ўражаны гісторыяй немца і адвезлі ў пасольства Егіпта ў Рыме, дзе мужчына сустрэўся з ваенным аташэ. Затым ён быў дастаўлены ў Каір і на працягу месяца інтэнсіўна дапытваўся спецслужбамі. Шнафт перадаў егіпцянам падрабязную інфармацыю аб структурах ізраільскай арміі, ваенных базах, узбраенні і навучанні. Яму прапанавалі вярнуцца ў Ізраіль у якасці «крота» і далучыцца да ізраільскай арміі пад фальшывым імем. Аднак былы афіцэр адмовіўся, так як жадаў вярнуцца на радзіму. Шнафт атрымаў некалькі сотняў долараў і пад імем Роберта Хаята вылецеў назад у Італію і ў сакавіку 1954 года прыбыў у Германію.

Пераехаў да сваёй цёткі ў Франкфурт. Перад ад’ездам да сваячкі ён адшукаў былую каханую, якая цяпер жыла з мужам у Берліне. Шнафт распавёў ёй пра сваё сапраўднае мінулае, а таксама пра шпіянаж на карысць Егіпта. Акрамя таго, мужчына пакінуў свой адрас у Франкфурце. Муж палюбоўніцы, якому жанчына ўсё перадала, напісаў ліст у ізраільскую спецслужбу Шабак.

Ізраільскія агенты хітрасцю завабілі яго назад у Ізраіль (прадстаўнік спецслужбаў пад выглядам іракца прапанаваў немцу працаваць на Багдад). У 1956 годзе з падробленым ізраільскім пашпартам Шнафт прыбыў у краіну, дзе яго затрымалі. Экс-вайсковец быў прыцягнуты да суду і прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Справа Шнафта часта згадваецца як адзін з самых незвычайных прыкладаў таго, як былы нацыст выдаваў сябе за яўрэя, каб пачаць новае жыццё ў Ізраілі. Гэта адбылося праз тое, што маладая дзяржава адчайна шукала ваенных спецыялістаў, але з-за масавай іміграцыі не магла правесці дакладныя праверкі[1].

Доўгі час Ізраіль трымаў у сакрэце дакументы па гэтай справе. Іх выпусцілі толькі ў 2023 годзе[2].

Далейшы лёс[правіць | правіць зыходнік]

У 1961 годзе пасля пяці гадоў турмы Шнафт быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова за добрыя паводзіны. Затым ён вярнуўся ў Франкфурт. Пасля гэтага яго след губляецца і ніякіх дакладных звестак больш няма.

Паводле неправеранай інфармацыі ў кнізе, выпушчанай яго сукамернікам Экштэйнам, былы вайсковец пазней быў пасвечаны ў лютэранскага святара[3].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Stephanie Bird: Nazis disguised as Jews and Israel’s pursuit of justice: the Eichmann trial and the kapo trials in Robert Shaw’s The Man in the Glass Booth and Emanuel Litvinoff’s Falls the Shadow in: Holocaust Studies, 24(4), 2018, S. 466–487.
  2. declassifies file on Nazi who enlisted in the IDF and spied for Egypt
  3. Segev, Tom. Did the Shin Bet seek to silence Israel Kastner?. Haaretz (11 снежня 2014). Праверана 9 April 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ephraim Kahana: Historical Dictionary of Israeli Intelligence, Scarecrow Press, 2006, S. 246–247.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]