Усходне-Еўрапейская платформа

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Усходне-Еўрапейская платформа, Руская платформа — старажытная (дарыфейская) глыба кантынентальнай зямной кары (кратон), якая складае ядро Еўрапейскага мацерыка.

Уваходзіць у склад Еўразіяцкай літасфернай пліты. Тэктанатып старажытных платформ. Мае форму няправільнага пяцівугольніка плошчай каля 6 млн. км². Абмежавана насовамі і покрывамі складкавых збудаванняў: байкалід (рыфейскі Ціман), каледанід (Скандынавія, Польшча і Украіна — лінія Тэйсера—Торнквіста), герцынід (Урал, Перадкаўказзе, Прычарнамор'е), альпід (Карпаты). Некаторыя даследчыкі ўключаюць у склад платформы Баранцаваморска-Пячорскую пліту. Фундамент платформы складзены з крышталічных моцна метамарфізаваных, змятых у складкі і магматычных парод архею — ніжняга пратэразою. У фундаменце адны даследчыкі вылучаюць 3 сегменты паводле ўзросту горных парод: на паўночным захадзе — Фенаскандыя (у асн. раннепратэразойскі), на паўднёвым захадзе — Сарматыя і ўсходзе — Волга-Уралія (пераважна архейскі); іншыя вылучаюць 3 сегменты паводле рэчыўнага складу: заходні і ўсходні сегменты (пераважна складзеныя з гранулітавых комплексаў) і цэнтральны (амфібалітава-гнейсавы).[1]

На паўночным захадзе і поўдні платформы фундамент выходзіць на паверхню Зямлі і ўтварае Балтыйскі шчыт і Украінскі шчыт. Астатняя частка перакрыта платформавым чахлом Рускай пліты, на крайнім паўднёвым захадзе — Валына-Падольскай пліты. На захадзе Рускай пліты ў скляпенневых частках Беларускай антэклізы і Варонежскай антэклізы фундамент залягае каля паверхні Зямлі, часам утварае агаленні. На ўсходзе пліты найбольш буйная Волга-Уральская антэкліза. Цэнтральную частку Рускай пліты займае Маскоўская сінекліза, якая на паўночным усходзе пераходзіць у Мезенскую. На ўсходняй ускраіне пліты Камска-Бельскі перыкратонны прагін, на заходняй — Балтыйска-Прыднястроўская зона перыкратонных прагінаў, у складзе якой Балтыйская сінекліза, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна. На паўднёвым усходзе платформы Прыкаспійская ўпадзіна (найбольш глыбокая). Паміж антэклізамі шэраг позніх (палеазойскіх) аўлакагенаў: Прыпяцка-Данецкі, Вяцкі, Дона-Мядзведзіцкі. У мезазоі і раннім кайназоі над Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам утварылася Прыпяцка-Дняпроўская сінекліза. Перад горнымі збудаваннямі Урала і Карпат утварыліся Перадуральскі і Перадкарпацкі краявыя прагіны. Праз усходнюю частку Балтыйскага шчыта, Латвійскую і Палескую седлавіны Беларускую антэклізу праходзіць Балтыйска-Украінская зона прыўзнятага залягання фундамента (галоўная субмерыдыянальная тэктанічная вось платформы).

Платформавы чахол магутнасцю да 5-6 км, часам да 10-20 км складзены з асадкавых адкладаў, радзей эфузіўных утварэнняў рыфею — фанеразою. Чахол падзяляюць на структурныя мегакомплексы:[2]

  • квазіплатформавы (гоцкі і дальсландскі комплексы ніжняга — сярэдняга рыфею; асадкава-эфузіўны),
  • катаплатформавы (ніжнебайкальскі комплекс верхняга рыфею — ніжняга венду; эфузіўна-асадкавы),
  • ортаплатформавы (верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі, кімерыйска-альпійскі комплексы верхняга венду — антралагену асадкавы, часткова эфузіўны).

3 пародамі фундамента звязаны радовішчы жалезнай руды (Крыварожскі жалеэарудны басейн, Курская магнітная анамалія і інш.), руд нікелю, медзі, тытану; слюды, пегматыты, паклады апатытаў і інш. У асадкавым чахле паклады гаручых газаў і нафты (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн і інш.), каменнай і калійных солей (Прыпяцкі саляносны басейн і інш.). выкапнёвых вуглёў (Данецкі вугальны басейн і інш.), фасфарытаў, баксітаў, будаўнічай сыравіны, прэсных і мінеральных вод і інш.

Зноскі

  1. Р. Гарэцкі, 2003.
  2. Р. Гарэцкі, 2003.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарэцкі Р. Усходне-Еўрапейская платформа // БелЭн, у 18 т., т.16. Мн., 2003. С. 274-275.