Антарктыда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Спадарожнікавая фатаграфія Антарктыды
Тапаграфічная карта Антарктыды па выдаленні лядовага шчыта і разлічанага павышэння ўзроўню вады. Такім чынам, на карце паказаны магчымы выгляд Антарктыды 35 мільёнаў гадоў таму, калі Зямля была нагэтулькі цёплай, што лядовыя шчыты не маглі ўтварыцца.

Антарктыда (грэч.: ανταρκτικός — супрацьлегласць Арктыцы), мацярык у паўднёвым паўшар'і, у межах Паўднёвага палярнага круга, займае цэнтральную частку Антарктыкі. Цэнтр Антарктыды прыкладна супадае з паўднёвым геаграфічным полюсам. Плошча 12,4 млн км² (13,9 млн км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі, што ў 68 разоў больш за плошчу Беларусі). Берагі Антарктыды (больш за 30 тыс. км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы вышынёй 20—100 м. Абмываецца Паўднёвым акіянам (моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена). У напрамку да Паўднёвай Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У моры Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф і геалагічная будова мацерыка[правіць | правіць зыходнік]

Рэльеф і лядовы покрыў[правіць | правіць зыходнік]

Антарктыда — самы высокі кантынент на Зямлі. Сярэдняя вышыня з улікам ледавіковага покрыва 2040 м (для параўнання, Азія — 950 м, Аўстралія — 350 м). Сярэдняя вышыня карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная частка ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая частка Антарктыды — пласкагор'е.

Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад мора Уэдэла да мора Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на дзве часткі — Усходнюю і Заходнюю, — якія маюць рознае паходжанне і геалагічную будову. Плато Савецкае займае цэнтральную частку Усходняй Антарктыды (вышыня да 4000 м), на поўначы паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнароднага геафізічнага года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і іншыя.

Паверхня Заходняй Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, па сутнасці, гэта — група астравоў, злучаных паміж сабой лёдам. Хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін. Тут знаходзіцца найглыбейшая дэпрэсія мацерыка — упадзіна Бентлі, верагодна, рыфтавага паходжання (каля 2555 м ніжэй за ўзровень мора).

Антарктыда ўкрытая магутным шчытом мацерыковага лёду, не занятая ледавікамі тэрыторыя каля 0,2—0,3 %  — асобныя горныя вяршыні (нунатакі), хрыбты, невялікія ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы. Агульная плошча зледзянення (пачалося 300 млн гадоў назад, пасля разрыву перамычкі, якая злучала Паўднёвую Амерыку і Антарктычны паўвостраў, што прывяло да фарміравання антарктычнага цыркумпалярнага цячэння і ізаляцыі прыантарктычных водаў — вядомых сёння як Паўднёвы акіян — ад Сусветнага акіяна) 2044 км², аб'ём лёду 25 млн км³ (да 90 % сусветнага лёду сушы). Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найбольшая — 4500 м. Калі растане ўвесь антарктычны лёд, узровень Сусветнага акіяна падымецца на 60 м.

Антарктычны ледавіковы шчыт з'яўляецца буйнейшым на планеце і пераўзыходзіць бліжэйшы па памерах Грэнландскі ледавіковы шчыт па плошчы прыкладна ў 10 разоў. Ледавіковы шчыт мае форму купала з павелічэннем крутызны яго паверхні ў накірунку ўзбярэжжа, дзе пераходзіць у ледавіковыя абрывы і шэльфавыя ледавікі. Накапленне лёду на ледавіковым шчыце прыводзіць да цячэння лёду ў зону абляцыі (разбурэння), у якасці якой выступае ўзбярэжжа мацерыка; лёд адколваецца ў выглядзе айсбергаў. Гадавы аб'ём абляцыі ацэньваецца ў 2500 км³.

Асаблівасць Антарктыды — вялікая плошча шэльфавых ледавікоў (да 10 % плошчы, што ўзвышаецца над узроўнем мора). Гэтыя ледавікі з'яўляюцца крыніцай айсбергаў рэкордных памераў. У летні перыяд (зіма ў паўднёвым паўшар'і) плошча ледавіковага покрыва Антарктыды павялічваецца на 3—4 млн км² у выніку разрастання шэльфавых ледавікоў, перш за ўсё вакол Антарктычнага паўвострава і ў моры Роса.

Геалагічная будова[правіць | правіць зыходнік]

Большая частка Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з'яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жалезныя, медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы з утрыманнем брому, волава, марганцу, малібдэну, радовішчы графіту і інш.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Сярэднія зімовыя (злева) і летнія тэмпературы ў Антарктыдзе

Кантынентальны (за выключэннем узбярэжжа) антарктычны, халодны і суровы. Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія тэмпературы зімой ад −20 да −30 °C на ўзбярэжжы і ад −60 да −70 °C ва ўнутраных раёнах; летам адпаведна ад −10 да −30 °C, −40 °C.

Абсалютны мінімум тэмпературы −89,2 °C зафіксаваны ў цэнтральнай частцы на станцыі Усход (Полюс холаду Зямлі) беларускім палярнікам В. Л. Карпюком.

Радыяцыйны баланс адмоўны: да 90 % сонечнай цеплыні адлюстроўваецца снежнай паверхняй і толькі 10 % ідзе на абаграванне мацерыка. Хаця ў Цэнтральнай Антарктыдзе зімой на працягу некалькіх месяцаў працягваецца палярная ноч, гадавая сумарная радыцыя набліжаецца да гадавой сумарнай радыяцыі экватарыяльнай зоны.

Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтральнай частцы Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год.

Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя (абумоўленыя купалападобным рэльефам мацерыка) вятры ў прыбрэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 80 м/с. Самы хуткі вецер на планеце зафіксіраваў беларускі палярнік А. А. Гайдашоў на станцыі Ленінградская: 78 м/сек. Таўшчыня слоя сцёку паветра складае звычайна 200—300 м, з-за вялікай колькасці ледзянога пылу гарызантальная бачнасць пры такіх вятрах вельмі нізкая. Максімальнай моцы сцёкавыя вятры дасягаюць антарктычнай зімой — з красавіка па лістапад яны дзьмуюць амаль без перапынку цэлыя суткі, з лістапада па сакавік — у начны час ці калі Сонца знаходзіцца нізка над гарызонтам. Летам у дзённы час дзякуючы прагрэву прыпаверхнаснага слоя паветра сцёкавыя вятры на ўзбярэжжы спыняюцца.

Нягледзячы на сусветнае пацяпленне, за апошнія 35 гадоў тэмпература ў Антарктыдзе істотна панізілася. Тэмпература паветра каля паверхні зніжаецца на 0,7 °C кожныя дзесяць гадоў. Гэтая тэндэнцыя ставіць у тупік вучоных, паколькі большасць сцэнарыяў кліматычных змяненняў зыходзяць з таго, што палярныя вобласці планеты павінны хутчэй і інтэнсіўней падвяргацца ўздзеянню глабальнага пацяплення. Працэс раставання Антарктыды ў XXI стагоддзі лічыцца малаверагодным.

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

У 1990-х расійскімі вучонымі было выяўлена падлёднае назамярзаючае возера Усход.

У студзені 2006 супрацоўнікі амерыканскай геафізічнай абсерваторыі Ламант-Догерці, засноўваючыся на інфармацыі савецкай антарктычнай экспедыцыі 1958—1959, выявілі другое і трэяе па памерах падлёдныя азёры, плошчай 2000 км² и 1600 км² адпаведна, якія знаходзяцца на глыбіні каля 3 км ад паверхні кантынента.

Усяго на 2006 год у Антарктыдзе выяўлена крыху больш за сто разнастайных азёраў (прэсных і горка-салёных).

Арганічны свет[правіць | правіць зыходнік]

Імператарскія пінгвіны, мора Роса, Антарктыда

Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным паўвостраве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін) і самкнутага покрыва не ўтварае (антарктычныя імхова-лішайнікавыя пустыні). Фаўна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, буравеснікі, паморнікі, знойдзена каля 70 відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).

Антарктычныя жывёлы цалкам залежаць ад прыбярэжнай экасістэмы Паўднёвага акіяна: з-за скуднасці расліннасці ўсе хоць колькі значныя харчовыя ланцугі прыбярэжных экасістэм пачынаюцца ў водах, якія амываюць Антарктыду. Антарктычныя воды багатыя зоапланктонам, які з'яўляецца асновай ланцуга харчавання многіх відаў рыб, кітовых, цюленяў, пінгвінаў. Цалкам сухапутныя жывёлы ў Антарктыдзе адсутнічаюць.

У прэснаводных азёрах мацерыковых прыбрэжных аазісаў існуюць алігатрофныя экасістэмы, населеныя сіне-зялёнымі водарасцямі, круглымі чарвямі, весланогімі рачкамі і дафніямі. Птушкі залятаюць сюды эпізадычна.

Для нунатакаў характэрны толькі бактэрыі, лішайнікі, імхі. На ледавіковы шчыт зрэдку залятаюць паморнікі, якія следуюць за людзьмі.

Існуе меркаванне аб наяўнасці ў падлёдных азёрах Антарктыды крайне алігатрофных экасістэм, практычна ізаліраваных ад знешняга свету.

У 1994 вучоныя перадалі паведамленне аб хуткім павелічэнні колькасці раслін у Антарктыдзе, што выглядае пацвярджэннем гіпотэзы аб глабальным пацяпленні клімату на планеце.

Чалавек і Антарктыда[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя вывучэння кантынента[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыта Антарктыда 16 (28) студзеня 1820 рускай экспедыцыяй Ф.Белінсгаўзена і М.Лазарава. У канцы ХІХ стагоддзя ўзрастае цікавасць да Антарктыды, звязаная са змяншэннем колькасці кітоў у Арктыцы. У пачатку ХХ стагоддзя ў Антарктыдзе пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан, Э.Дрыгальскі і іншыя. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўднёвага полюса. Пасля Другой сусветнай вайны актывізуецца метэаралагічнае, гляцыялагічнае і геалагічнае вывучэнне Антарктыды. Адзначэнне Міжнароднага геафізічнага года падштурхнула адкрыццё палярных станцый рознымі краінамі свету і вядзенне ўзгодненых сістэматычных даследаванняў.

Статус Антарктыды[правіць | правіць зыходнік]

Тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Антарктыдзе

Антарктыда, як частка Антарктыкі, з'яўляецца міжнароднай тэрыторыяй, статус якой рэгуліруецца Дагаворам аб Антарктыцы. Устаноўлена, што ўсе тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў Антарктыцы «замарожваюцца», і што Антарктыка выкарыстоўваецца толькі ў мірных мэтах.

Насённяшні дзень некаторыя дзяржавы працягваюць прэтэндаваць на тэрыторыі ў Антарктыдзе. Так, Нарвегія прэтэндуе на тэрыторыю, якая большаю за тэрыторыю самой Нарвегіі ў дзесяць разоў. Аўстралія лічыць сваёй амаль палову Антарктыды і спрачаецца з Францыяй за Зямлю Адэлі. Чылі з Аргенцінай прэтэндуюць практычна на адну і тую ж тэрыторыю — на Антарктычны паўвостраў, які яны нават па-рознаму называюць. На вялізарныя тэрыторыі претэндуюць Вялікабрытанія і Новая Зеландыя.

Асаблівую пазіцыю займаюць ЗША і Расія (раней — СССР), якія заявілі, што могуць выставіць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі, хаця пакуль гэтага не рабілі.

Ваенная дзейнасць у Антарктыдзе забаронена. Ваенны персанал дзяржаў-удзельніц можа выкарыстоўвацца толькі ў мэтах правядзення навуковых даследаванняў. Антарктыда — цалкам нейтралізаваная і дэмілітарызаваная тэрыторыя свету. У насельніцтва станцый і ўдзельнікаў экспедыцый няма зброі (акрамя ракетніц) з прычыны поўнай адсутнасці драпежных звяроў.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

З-за суровасці клімату ў Антарктыдзе няма пастаяннага насельніцтва. Часовае насельніцтва, якое базіруецца на навуковых станцыях, складае ад 4000 чалавек летам да 1000 чалавек зімой.

На сёняшні дзень 28 краін маюць у Антарктыдзе навуковыя станцыі. Да ліку пастаянных антарктычных аператараў належыць большасць індустрыяльна развітых краін. Зараз існуе 84 станцыі (пастаянна дзеючыя і сезонныя).

Антарктыдзе прысвоены інтэрнэт-дамен верхняга ўзроўню.aq і тэлефонны прэфікс +672.

З мэтай мець карэнных антарктыдцаў на выпадак дзяльбы кантынента некаторыя краіны арганізуюць на сваіх станцыях роды. Першае немаўля з'явілася на свет у Антарктыдзе 7 студзеня 1978 на аргенцінскай станцыі. З таго часу ў Антарктыдзе нарадзілася каля дзесятка дзяцей. Некалькі памерлых палярнікаў былі тут і пахаваны.

Практычнае значэнне Антарктыды[правіць | правіць зыходнік]

Антарктыда — апошні рэсурсны рэзерв чалавецтва, апошняе месца, дзе можна будзе здабываць мінеральную сыравіну пасля яе вычарпання на пяці абжытых мацерыках. Гэта таксама амаль 90 % сусветных запасаў прэснай вады.

Тут праводзяцца назіранні за кліматычнымі і метэаралагічнымі працэсамі, якія з'яўляюцца кліматаўтваральнымі фактарамі для ўсёй Зямлі. Вывучаюцца ўздзеянні космасу і працэсы, што адбываюцца ў зямной кары. Існуе не менш дзесятка накірункаў фундаментальных навуковых даследаванняў, цалкам завязаных на Антарктыду.

Гляцыялогія ўжо сёння прыносіць сур'ёзныя навуковыя рэзультаты аб тым, якой была Зямля сто, тысячу, сотні тысяч гадоў назад. У лядовым покрыве Антарктыды аказаліся запісанымі звесткі аб клімаце і складзе атмасферы за апошнія сто тысяч гадоў. Па хімічным саставе розных слаёў лёду вызначаецца ўзровень сонечнай актыўнасці на працягу апошніх стагоддзяў.

Падлёдныя азёры Антарктыды даюць унікальны шанц даследаваць мікраарганізмы, якія жылі мільёны гадоў назад.

Антарктычныя базы, размешчаныя па ўсяму перыметру мацерыка, ствараюць ідэальныя магчымасці для маніторынгу сейсмічнай актыўнасці па ўсёй планеце.

На антарктычных базах праходзяць тэсціраванне тэхналогіі, якія ў бліжэйшай будучыні планіруецца выкарыстоўваць для даследавання, асваення і каланізацыі Месяца і Марса.

Высокую рынкавую цану мае генетычная інфармацыя, што ўтрымліваецца ў антарктычнай флоры і фаўне. Сярод краін, якія здабываюць мікраарганізмы ў Антарктыцы разгарнулася мікрабіялагічная і фармакалагічная гонка. У ЗША пададзена заяўка на патэнт антыфрыза, створанага на аснове антарктычных мікраарганізмаў. Іспанскай кампаніяй атрыманы патэнт на выкарыстаннеў медыцыне глікапратэіна з антарктычных бактэрый, які валодае моцнымі зажыўляльнымі ўласцівасцямі. У Германіі запатэнтаваны экстракт з зялёных водарасцей, які актыўна прымяняецца ў касметалогіі.

Антарктыда — выдатная стратэгічная база для акустычнай тамаграфіі акіяна, адсочвання падводных лодак, фіксіравання ядзерных выпрабаванняў, вывучэння параметраў руху касмічных спадарожнікаў. Згодна з некаторымі крыніцамі, антарктычныя станцыі выкарыстоўваліся для ўдакладнення разлікаў траекторый міжкантынентальных балістычных ракет СССР і ЗША.

Гаспадарчая дзейнасць можа ажыццяўляцца ў галіне палярнага, у тым ліку экстрэмальнага, турызма.

У выпадку падзелу Антарктыды, дзяржава-гаспадар антарктычнага сектара атрымае пад свой кантроль суднаходныя фарватары, рыбныя рэсурсы і багатыя карыснымі выкапнямі шэльфы Сусветнага акіяна.

Беларусь у Антарктыдзе[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліка Беларусь мае багатыя традыцыі ў вывучэнні і асваенні Антарктыкі. Пачынаючы з 1957 у розныя гады ў палярных экспедыцыях удзельнічала звыш 100 чалавек. У асноўным гэта былі супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтра г. Мінска, гідраметэаралагічнай службы іншых беларускіх гарадоў, а таксама НАН Беларусі і Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Першым палярнікам Беларусі быў В. К. Шымановіч, удзельнік другой комплекснай антарктычнай экспедыцыі (1957). Самай легендарнай асобай сярод жыхароў Брэста стаў Ф. Ф. Кабот. У гады вайны — марак-падводнік на Паўночным і Балтыйскім флатах. Адразу пасля вайны год правёў на ільдзіне ў Паўночным Ледавітым акіяне, удзельнік дзвюх савецкіх антарктычных экспедыцый. Гэта аб ім пісалі газеты ўсяго свету, які, не будучы ўрачом, зрабіў аперацыю апендыцыту ўрачу станцыі. Аперацыя праходзіла без наркозу паслядоўна па ўказаннях самога ўрача і прайшла паспяхова.

Вялікі ўклад палярнікаў Беларусі ў даследаванні Антарктыды адлюстраваны ў многіх навуковых працах. Супрацоўнікі Рэспубліканскага гідраметцэнтра, удзельнікі савецкай антарктычнай экспедыцыі, зафіксіравалі ў 1983 на станцыі Усход самую нізкую тэмпературу на планеце: мінус 89,2 градусы па Цэльсію (Карпюк В. Л.), у 1989 на станцыі Ленінградская самы моцны вецер на планеце: 78 м/сек. (Гайдашоў А. А.)

Сучасны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне аб адкрыцці ўласнай станцыі і значным пашырэнні навукова-даследчых работ спецыялістамі Беларусі ў Антарктыдзе. Для стварэння беларускай станцыі будзе выкарыстана бязвыплатна перадаваемая Расіяй палявая база, размешчаная ў раёне гары Вячэрняя на ўзбярэжжы мора Касманаўтаў (непадалёку ад закансервіраванай савецкай станцыі «Маладзёжная», калісьці — «сталіцы» савецкай Антарктыды).

Расійскія даследчыкі зацікаўлены ва ўдзеле Беларусі ў антарктычным праекце і прысутнасці на мацерыку. Супрацоўніцтва з беларусамі дазволіць расіянам працягваць даследаванні, якія зараз знаходзяцца пад пагрозай спынення з-за недахопу фінансіравання. У сваю чаргу, супрацоўніцтва з Расіяй дазволіла Беларусі пазбегнуць затрат у 10 млн доллараў на ўзвядзенне станцыі з нуля і яшчэ прыкладна столькі ж на фрахт суднаў для дастаўкі паліва, харчавання і абсталявання на антарктычны мацярык.

Абмяркоўваецца праграма супрацоўніцтва з французскімі палярнікамі.

Перадавая група беларускіх вучоных была накіраваная на станцыю ў лістападзе 2006. Для вядзення пастаяннай навуковай работы і круглагадовага пражывання неабходна было мадэрнізіраваць электраабсталяванне станцыі, а таксама ўстанавіць новае ацяпляльнае і навуковае абсталяванне. Афіцыйнае адкрыццё станцыі адбываецца з моманту перадачы ў эфір першай зводкі назіранняў, перш за ўсё метэаралагічных. Паўнавартасным удзельнікам Дагавора аб Антарктыцы краіна лічыцца толькі тады, калі яна ў круглагадовым рэжыме папаўняе інфармацыяй сусветны банк даных і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх міжнародных працэсах, якія адбываюцца ў рамках Дагавора.

Такім чынам, пачатак самастойнай прысутнасці Беларусі ў Антарктыдзе супаў з Міжнародным палярным годам, якім аб'яўлены 2007-ы. У 2007—2010 праведзеныя тры беларускія антарктычныя экспедыцыі. За гэты час у Антарктыдзе пабывалі 12 беларускіх спецыялістаў.

Дзяржаўнае кіраванне дзейнасцю ў Антарктыдзе[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыццё станцыі і вядзенне навуковых даследаванняў прадугледжана Дзяржаўнай мэтавай праграмай «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2007—2010 гады і на перыяд да 2015 года».

11 мая 2011 Урадам Беларусі зацверджаная Дзяржаўная праграма «Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011—2015 гады». Новая праграма прадугледжвае правядзенне навуковых даследаванняў і маніторынгу стану прыроднага асяроддзя палярных раёнаў Зямлі, накіраваных на атрыманне Беларуссю статусу раўнапраўнага ўдзельніка сусветнага працэсу па даследаванні і выкарыстанні палярных раёнаў, забеспячэнне доўгатэрміновых палітычных, эканамічных і навуковых інтарэсаў краіны ў палярных абласцях Зямлі, выкананне міжнародных абавязацельстваў у рамках Дагавора аб Антарктыцы і атрыманне статусу кансультатыўнага боку.

Грамадская актыўнасць[правіць | правіць зыходнік]

Дзеля спрыяння ўліку досведу знаходжання беларусаў на гэтым кантыненце пры разгортванні будучых даследаванняў, на ўрачыстым паседжанні беларускіх палярнікаў, якое было прысвечана 50-годдзю пачатку даследаванняў Антарктыды, пад эгідай Беларускага геаграфічнага таварыства быў створаны аддзел палярных даследаванняў. Аб'яднанне беларускіх палярнікаў дазволіць прафесіянальна ажыццяўляць грамадскую каардынацыю як на этапе падрыхтоўкі, так і рэалізацыі нацыянальных антарктычных даследаванняў. Прыярытэтны накірунак дзейнасці аддзела — выкарыстанне накопленага інтэлектуальнага і практычнага патэнцыялу па вывучэнню палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнню дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый.

Іншыя постсавецкія дзяржавы ў Антарктыдзе[правіць | правіць зыходнік]

Расія мае ў Антарктыдзе 5 дзеючых станцый («Мірны», «Усход», «Новалазараўская», «Прагрэс», «Белінсгаўзен»), 1 дзеючую базу («Дружная-4») і 3 закансервіраваныя станцыі («Маладзёжная», «Руская», «Ленінградская»). Па іншых даных: 10 станцый: 7 зімовачных (3 з іх закансервіраваны) і 3 сезонныя станцыі.

Перасталі існаваць былыя савецкія станцыі «Піянерская», «Камсамольская», «Савецкая», «Усход-1», «Лазараў», «Полюс недасягальнасці», «Аазіс» (апошняя перададзена ПНР у 1959).

З 1992 паўнавартасным удзельнікам кансультацый па Дагавору аб Антарктыцы стала Украіна, якая атрымала ад Вялікабрытаніі станцыю Фарадэй (цяпер: «Акадэмік Вярнадскі»).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Рэгіёны свету
LocationAmericas.png Амерыка Паўночная · Карыбы · Лацінская · Цэнтральная · Паўднёвая
Location of Europe.svg Еўропа Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
LocationAsia.png Азія Заходняя  · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая · Паўднёва-Усходняя ·
Блізкі Усход · Сярэдні Усход · Далёкі Усход
LocationAfrica.png Афрыка Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
LocationOceania.png Акіянія Аўстралія · Новая Зеландыя · Меланезія · Мікранезія · Палінезія

LocationPolarRegions.png Палярныя вобласці Арктыка · Антарктыка
LocationOceans.png Акіяны Атлантычны · Індыйскі · Паўночны · Ціхі  · Паўднёвы


Памылка скрыпта