Карпаты

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Карпаты
Карпаты
Карпаты
Тып

Горная сістэма

Размяшчэнне

Славакія, Венгрыя, Польшча, Украіна, Румынія, Сербія і Аўстрыя

Плошча

188 000 км²

Даўжыня

1500 км

Шырыня

420-100 км

Найвышэйшая вяршыня

Герлахаўскі Шціт

Вышыня вяршыні

2655 м

Польскія Карпаты
Плавецкі карст
Пячора Гавьярэнь

Карпа́ты, Карпацкія горы — горная сістэма на ўсходзе Цэнтральнай Еўропы.

Горная сістэма Карпатаў размешчана на тэрыторыі Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на захадзе, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўжыня 1500 км, шырыня 100-300 км, найбольшая да 430 км на паўднёвым усходзе. Паверхня Карпатаў разам з перадгор'ямі займае каля 190 тыс. км², з якіх 105 тыс. км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя вышыня каля 1000 м, найбольшая 2655 м (гара Герлахаўскі-Шціт у Татрах).

Карпаты — адзін з галоўных водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (частка іх называецца Украінскія Карпаты), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі Карпатаў цягаецца паласа перадгор'яў, шырыня да 40-60 км. Ва ўнутранай частцы Карпацкай дугі знаходзіцца Вялікая Венгерская нізіна. У Карпатах пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усходніх Карпатах на нізкагор'ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.

Карпаты ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асноўную ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы, Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтральны (восевы) пояс утвораны пераважна з крышталічных парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найбольш высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі старажытнага зледзянення. Унутраны пояс прадстаўлены ў асноўным вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінеральных вод і інш.

Клімат Карпат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -2°С на поўдні да -5°С на поўначы, на высокіх вяршынях да -10°С. Ва ўнутраных упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя тэмпература ліпеня ад 17°С на поўначы да 20°С на поўдні: у верхнім поясе гор зніжаецца да 4°С. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор'ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усходніх і Паўднёвых Карпат і 900—1000 мм у Заходніх Румынскіх гарах і Заходніх Карпатах. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на поўдні і 1800—2000 мм на паўночным усходзе. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае по-крыва ў перадгор'ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—10 месяцаў і больш.

Рэкі басейна Віслы і Одры ахопліваюць большую частку паўночных схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае мора. Большасць рэк належаць да басейна р. Дунай, рэкі паўночна-ўсходніх схілаў — да басейна р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае мора. Для рэк Карпат характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вялікія запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор'і займаюць днішчы старажытных караў.

Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да вышыні 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м на поўначы і 1700—1800 м на поўдні. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Заходніх Карпатах і вольха ва Усходніх Карпатах); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці, Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш.

Найбольш густанасеяены перадгор'і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (максімальная да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытворчасці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных катлавінах і на схілах да вышыні 600—1000 м. Праз Карпаты ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінеральнай вадой. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нацыянальны паркаў. Самы вялікі з іх у Татрах на тэрыторыі Польшчы і Славакіі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Санько А., Каліцкі Т. Карпаты // БелЭн у 18 т. Т. 8. — Мн., 1999.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]