Фанон
З пляцоўкі Вікіпедыя.
Фано́н (ад грэч.: φωνή / phonē голас): квант ваганняў атамаў крышталічнай рашоткі; адна з квазічасцінак; належыць да ліку базонаў.
Фаноны падзяляюцца на аптычныя і акустычныя, у залежнасці ад вонкавага падабенства працэсаў з іх удзелам, адпаведна, да аптычных ці акустычных з'яваў. Таксама фанонамі называюцца квазічасцінкі, што адпавядаюць элементарным узбуджэнням у звышцечным геліі, і апісваюць вагальны рух квантавай вадкасці, і характарызуюцца імпульсам, а не квазіімпульсам, як рэшта фанонаў.
Канцэпцыя фанонаў дазволяе апісваць шмат якія якасці цвёрдых целаў з выкарыстаннем кінетычнай тэорыі газаў (напрыклад, рашотачную цеплаправоднасць ці паглынанне гуку). Праз узаемадзеянне фанонаў адзін з адным і з іншымі квазічасцінкамі (электронамі праводнасці, магнонамі і інш.) апісваюцца, між іншым, такія працэсы, як электрычнае супраціўленне металаў і паўправаднікоў, звышправоднасць, магнітная рэлаксацыя, фераакустычны рэзананс і інш.
Канцэпцыя фанонаў была ўведзеная праз разгляд нармальных ваганняў у крышталях у паняццях квантавай механікі. Адным з вынікаў з'яўляецца магчымасць прадстаўлення вагальнага стану крышталя, у гарманічным набліжэнні, як ідэальнага газу фанонаў. Такі ідэальны газ фанонаў, між іншым, утрымлівае большую частку цеплавой энегріі крышталя пры T >= 300K.
Тэрмін Ф. быў уведзены І. Тамам паводле аналогіі з квантам электрамагнітнага поля — фатонам.
- Физическая энциклопедия. В 5 т. Т.5. Стробоскопические приборы — Яркость / Гл. ред. А. М. Прохоров. — М. : Большая росс. энцикл., 1998. — 760 с.: ил. ISBN 5-85270-101-7 (т.5) ISBN 5-85270-034-7 С.338.