Чатырохгадовы сейм

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Прыняцце Канстытуцыі 3 мая

Чатырохгадовы сейм (іншая назва — Вялікі сейм) — вальны сейм Рэчы Паспалітай, які адбываўся ў Варшаве з 6 кастрычніка 1788 па 30 чэрвеня 1792 года. Сейм правёў шэраг радыкальных рэформ у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сферах: увядзенне рэкрутчыны ў 1789 г., арганізаванай па тэрытарыяльным прынцыпе, павелічэнне колькасці войска, частковае ўраўненне правоў мяшчан са шляхтай, наданне правоў яўрэям і праваслаўным. Найвышэйшым дасягненнем сейма лічыцца прыняцце канстытуцыі 3 мая.

Палітычная сітуацыя напярэдадні сейма[правіць | правіць зыходнік]

Пасля першага падзелу ў 1772 годзе Рэч Паспалітая знаходзілася пад моцным ціскам суседніх манархій, у першую чаргу Расіі.

Краіне забаранялася мець войска больш за 30.000, заключаць саюзы ці весці войны без дазволу Кацярыны II. Палітычную сферу рэгулявалі «Кардынальныя правы» — дакумент, які абвяшчаў непарушнымі шляхецкую вольніцу, «ліберум вета», бязцэнзавы ўдзел шляхты ў сейміках. Кіравала ў краіне Пастаянная Рада — савет міністраў, дзе найвялікшы ўплыў меў расійскі пасол.

У 1787 Расія развязала чарговую вайну з Турцыяй. У гэтым жа годзе пачалася і расійска-шведская вайна. З гэтай прычыны Кацярына II дазволіла Станіславу Аўгусту правесці ў Варшаве сканфедэраваны сейм і прыняць на ім рашэнне аб павелічэнні войска.

Утварэнне на сейме некалькіх канфедэрацый з паслоў давала магчымасць прымаць рашэнні большасцю галасоў, што нейтралізавала права «ліберум вета».

Даведаўшыся пра гэта, прускі кароль Фердынанд II даў загад свайму паслу ў Варшаве Бухгольцу стварыць на будучым сейме сваю партыю, каб перашкодзіць планам Кацярыны. Аўстрыя знаходзілася на той момант у саюзе з Расіяй і не ўмешвалася ў справы Рэчы Паспалітай.

У жніўні 1788 па ўсёй краіне прайшлі перадсеймавыя сеймікі, дзе абіраліся паслы і шляхта пісала інструкцыі. Нечакана на гэтых выбарах перамаглі апазіцыйныя сілы (як прапрускай, так і прарасійскай накіраванасці), а прыхільнікі караля засталіся ў меншасці.

Храналогія[правіць | правіць зыходнік]

  • 6 кастрычніка 1788 — распачалася першая кадэнцыя сейма. Былі ўтвораны дзве канфедэрацыі — польская і літоўская. Маршалкам польскай канфедэрацыі стаў Станіслаў Малахоўскі, а маршалкам літоўскай — генерал артылерыі Казімір Нестар Сапега.
  • 12 кастрычніка 1788 — была прачытана нота прускага пасла Бухгольца з патрабаваннем не пачынаць вайну з Турцыяй. Гэта нота разбіла апазіцыю на два лагеры — прыхільнікаў прускага і расійскага двара.
  • 24 кастрычніка 1788 — быў ухвалены праект ліквідацыі Ваеннага дэпартаменту і стварэння Ваеннай камісіі ў складзе 5 ваенных і 12 цывільных асоб пад кіраўніцтвам 4 гетманаў. Такім чынам, быў знішчаны падкантрольны расійскаму паслу ваенны орган і створаны новы.
  • 9 снежня 1788 — замест дэпартаменту спраў іншаземных Пастаяннай Рады створана Дэпутацыя замежных спраў.
  • 25 студзеня 1789 — ухвалена 10-мільённая пазыка ў замежных краін.
  • 30 студзеня 1789 — ліквідаваная Пастаянная Рада, што скампраметавала сябе прарасійскай палітыкай.
  • 26 сакавіка 1789 — сейм ухваліў падатак у памеры дзясятага гроша пад назвай «Ofiara wieczysta stanu rycirskiego Obojga narodow na wojsko». Гэты падатак узымаўся, як дзесяць працэнтаў з уладанняў шляхецкіх і дваццаць працэнтаў з уладанняў духоўных асоб.
  • 7 верасня 1789 — была створана «Deputacja do poprawy formy rzadu», якая мусіла займацца стварэннем урадавага праекту і сістэмы органаў, якія прыйшлі б на змену Пастаяннай Радзе.
  • 24 лістапада 1789 — створаныя «цывільна-ваенныя парадкавыя камісіі», на якія былі ўскладзены шматлікія функцыі па збору і падтрыманні войска, кантролю за мясцовымі ўладамі і шмат іншых абавязкаў. Гэтыя камісіі сталі сувязным органам паміж мясцовай і вышэйшай уладамі.
  • 24 сакавіка 1790 — прыняты закон, які выключаў дробную шляхту з удзельнікаў павятовых сеймікаў.
  • 16 снежня 1790 — пачатак другой кадэнцыі сейма. Пазбаўленне чыншавай шляхты выбарчых правоў.
  • 18 красавіка 1791 — закон аб гарадох. Мяшчане атрымалі права карыстацца правам Neminem captivabimus («асабістай недатыкальнасці»), атрымалі магчымасць займаць духоўныя, свецкія і ваенныя пасады, набываць зямлю, шляхце ж было дазволена займацца мяшчанскімі справамі. Каралеўскія гарады атрымалі большае самакіраванне, права дасылаць на сейм прадстаўнікоў (польск.: plenipotentow) да Скарбавай і Паліцэйскай камісій з правам дарадчага голаса ў пытаннях, што тычыліся гарадоў, гандлю і г.д.
  • 3 мая 1791 — прыняты «Урадавы закон» — новая канстытуцыя Рэчы Паспалітай, якая ўводзіла шэраг змен у жыццё краіны.
  • 15 чэрвеня 1791 — у Пінску збіраецца генеральная кангрэгацыя праваслаўных, якая павінна была выбраць сабе найвышэйшае духавенства, каб пазбавіцца залежнасці ад маскоўскай патрыярхіі. Кангрэгацыя абумовіла асноўныя прынцыпы жыцця праваслаўных у Рэчы Паспалітай і стварыла Кансысторыю — найвышэйшы орган кіравання праваслаўных.
  • 21 кастрычніка 1791 — прынята «Заручэнне абодвух народаў» — дакумент, які пацвярджаў захаванне федэратыўнасці Рэчы Паспалітай і размяжоўваў асноўныя органы гэтай дзяржавы.
  • 31 мая 1792 — Вялікі сейм самараспусціўся да перамогі ў вайне з Расіяй.

Вынікі сейма[правіць | правіць зыходнік]

Сейм правёў шэраг радыкальных пераўтварэнняў у розных сферах жыцця Рэчы Паспалітай і стварыў перадумовы для выхаду з крызісу і эфектыўнага развіцця краіны. Аднак у той жа час Чатырохгадовы сейм прымусіў суседнія манархіі паспяшацца з падзелам і ліквідацыяй небяспечнай суседкі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Анішчанка Я. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. — Мн.: Хурсік, 2003. — 470 с ISBN 985-6718-03-1
  • Бардах Ю. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. — Мн., 2002
  • Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992. — 270 с.
  • Kalinka W. Sejm Czteroletni. — Kraków 1880. — Ponowne wydanie W-wa. 1991
  • Smolenski W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Reprint 1897 r. Kraków. Poznan, 2006