Энгарука

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Энгарука
Engaruka
2°58′58,80″ пн. ш. 35°57′00″ у. д.HGЯO
Краіна  Танзанія
Месцазнаходжанне
Дата заснавання XIV стагоддзе[1]
Будаўніцтва XV стагоддзеXVIII стагоддзе
Map

Энгару́ка (англ.: Engaruka) — гістарычны помнік жалезнага веку на поўначы Танзаніі. Уяўляе сабою рэшткі каменных ірыгацыйных збудаванняў.

Даследаванне[правіць | правіць зыходнік]

Руіны каменных збудаванняў Энгарукі былі адкрыты 5 ліпеня 1883 г. нямецкім вандроўнікам Г. А. Фішэрам. Ён прыняў іх за рэшткі старажытнай крэпасці. У 1913 г. падрабязнае апісанне помніка зрабіў нямецкі геолаг Ганс Рэк. У 1935 г. Энгаруку наведалі Луіс і Мэры Лікі. Яны не праводзілі раскопак, паколькі не выявілі месцаў пахаванняў, аднак вызначылі руіны як рэшткі вельмі старажытнага горада, які знаходзіўся на верагодным гандлёвым шляху паміж цывілізацыямі даліны Ніла і залатымі радовішчамі Зімбабвэ.

Першыя спробы перагледзець сутнасць помніку былі зроблены брытанскімі вучонымі ў 1960-х гг.[2] Яны звярнулі ўвагу на тое, што большасць каменных збудаванняў з’яўляліся ірыгацыйнымі і атаесамілі іх узвядзенне з продкамі сучасных іраку. Гэтая версія была падцверджана падчас даследаванняў, што пачаліся ў 2001 г. Разам з імі была ўсталявана новая перыядызацыя, узнікла гіпотэза, што Энгарука была ўзведзена продкамі сонджа.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычны помнік уяўляе сабою рэшткі каменных збудаванняў на заходнім адхоне Вялікага рыфта на плошчы прыкладна 20 км². Большасць збудаванняў з'яўляюцца тэрасамі былых палеткаў, аднак сустракаюцца круглявыя збудаванні, што маглі быць фундаментам для жытлаў. Археолагі выявілі сетку ірыгацыйных каналаў, што жывіліся вадою ад суседняга старажытнага кратэра, які фактычна быў натуральным назапашвальнікам вільгаці падчас сезонаў дажджу.

Большасць збудаванняў адносіцца да XVXVIII стст. Тым не меней, даследавані пачатку XXI ст. паказалі, што ірыгацыйная сістэма фарміравалася з пачатку 2 тысячагоддзя н. э.

Асноўныя гіпотэзы[правіць | правіць зыходнік]

Першыя даследчыкі Энгарукі палічылі каменныя збудаванні рэшткамі муроў крэпасці або вялікага горада, які мог выконваць функцыю прамежкавага гандлёвага цэнтру паміж Паўночнай і Паўднёвай Афрыкай, суадносна будаўніцтва прыпісвалася выхадцам са Старажытнага Егіпту, Куша або Эфіопіі. Аднак у другой палове XX ст. узяў верх пункт гледжання, што Энгарука — помнік земляробчай культуры болей позняга жалезнага веку, а каменныя муры — умацаванні тэрас для палеткаў.

Сучасныя даследчыкі адносяць пачатак фарміравання ірыгацыі на заходнім адхоне Вялікага рыфта да пачатку 2 тысячагоддзя н. э. Узвядзенне тэрас у XV — першай палове XVIII стст. — найбольш яскравы этап развіцця культуры Энгарукі. Мясцовыя палеткі дазвалялі карміць аселую абшчыну з некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Акрамя земляробства мясцовыя насельнікі займаліся жывёлагадоўляй. Палеткі ўгнойваліся гноем свойскай жывёлы. Але ў першай палове XVIII ст. земляробы пакінулі Энгаруку.

Найбольш распаўсюджаны меркаванні, што будаўнікамі Энгарукі з'яўляюцца продкі сучасных народаў іраку або сонджа, паколькі яны захавалі найбольш развітыя сістэмы земляробства ў навакольным рэгіёне. Сонджа шырока карыстаюцца традыцыйнай ірыгацыяй і ў нашы дні, хаця яна значна саступае сістэме, што была вядома жыхарам Энгарукі. Пакіданне абжытага раёна звычайна тлумачаць вонкавай ваеннай пагрозай, радзей — эпідэмічнымі захворваннямі. Сапраўды, іраку апавядаюць пра адносна нядаўняе перасяленне ў сённяшнее месца жыхарства з-за сутычак з датога. Сонджа таксама лічаць, што з'яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў.

Дэталёвае вывучэнне сеткі каналаў Энгарукі дазволіла даследчыкам высунуць версію, што доўгатэрміновая ірыгацыя магла прывесці да паступовага засальвання глебаў і скарачэння ўраджаяў, што стала яшчэ адной важнай прычынай для перасялення.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]