Дом Левіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 18:24, 31 снежня 2019, аўтар Чаховіч Уладзіслаў (размовы | уклад) (Новая старонка: '{{Славутасць |Тып = |Беларуская назва = Дом Левіна |Арыгінальная назва =...')
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Славутасць
Дом Левіна

53°54′11″ пн. ш. 27°33′09″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы XIX ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Левіна — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 14. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Помнік архітэктуры класіцызму.

Гісторыя

У першай палове XIX стагоддзя на тэрыторыі гэтага вялікага зямельнага пляца, які меў складаную канфігурацыю і выходзіў як на вуліцу Койданаўскую, так і на вуліцу Феліцыянаўскую (пасля 1866 года Багадзельную), сфарміраваўся комплекс мураваных і драўляных будынкаў[1].

Двухпавярховы мураваны будынак у стылі класіцызму, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны падмуркі і перакрытыя скляпеннямі падвальныя памяшканні мураванага будынка XVIII стагоддзя. У сярэдзіне XIX стагоддзя гэты дом на Койданаўскай вуліцы належаў мінскім мяшчанам Левіным[1].

Менавіта ў доме Левіна ў 1850-я гады пасяліўся класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На гэты адрас у 1852 годзе, перад прэм’ерай першай беларускай нацыянальнай оперы «Ідылія», ён прасіў пераслаць з Вільні значную колькасць накладу свайго лібрэта[1].

Будынак пацярпеў у час вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены і цалкам захаваў свой першапачатковы архітэктурны выгляд. Гэта быў П-падобны ў плане двухпавярховы дом, накрыты складаным па канфігурацыі дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на 2 ярусы прафіляванай цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай лучковых аконных праёмаў. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай размяшчаўся балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Вокны другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Абапал балконных дзвярэй былі змешчаны калонкі з капітэлямі[1].

Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзіліся мануфактурныя крамы, а ў двары некалькі майстэрняў, у тым ліку медналіцейная, шавецкая і кравецкая майстэрні[1].

Пасля 1920 года будынак Левіна нацыяналізаваны, большасць памяшканняў перароблена пад камунальныя кватэры[1].

У часы Другой сусветнай вайны не пацярпеў. У выніку шматлікіх пасляваенных рамонтаў была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка. У другой палове XX стагоддзя былы дом Левіна выкарыстоўваўся пад розныя ўстановы. У 1970 годзе тут размясцілася рэдакцыя часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»[1].


Зноскі

Спасылкі