Ходараўка (мемарыяльны комплекс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Мемарыяльны комплекс «Ходараўка»
54°55′44″ пн. ш. 27°35′20″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Новая Вёска
Дата пабудовы 1992 год
Map

Ходараўка — мемарыяльны комплекс каля в. Новая Вёска Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 200 м на поўнач ад вёскі.

Гісторыя

Вясной 1944 года непадалёку ад станцыі Параф’янава, на ўскрайку в. Лібараўшчына быў створаны канцлагер. Здаровых вязняў адпраўлялi ў Германiю на прымусовыя працы, а ўсiх астатнiх знiшчылi ў бярэзнiку паблiзу фальварка Ходараўка, за 1,5-2 км ад в. Дзядкi. Тут нямецкімі войскамі было расстраляна 800 чалавек — 200 ваеннапалонных італьянцаў і 600 мірных жыхароў. Гэта былі жыхары Бешанковiцкага, Лепельскага, Ушацкага i Бягомльскага раёнаў, схопленыя ў ходзе карнай аперацыі супраць партызан Полацка-Ушацкай, Лепельскай i Бягомльска-Барысаўскай партызанскiх зон.

У пасляваенны час на месцы трагедыі быў пасаджаны бярозавы гай. У 1969 годзе на магілах паставілі абеліск ахвярам фашызму. Пазней у Ходараўцы за кошт італьянцаў быў узведзены мемарыяльны комплекс, які 20 кастрычніка 1992 года быў адкрыты.

14 ліпеня 2012 года быў асвечаны новы крыж на мемарыяле «Ходараўка».

Апісанне

Цэнтральны ўваход

Цэнтральны ўваход мае форму каталіцкага крыжа. Побач лічбы 1944 і 1992 (дата трагедыі і дата пабудовы помніка) і дзяржаўныя сцягі Беларусі і Італіі. Далей прыступкі вядуць у бярэзнік, дзе размешчана аснова кампазіцыі. Абапал дарожкі — дванаццаць жаночых фігур, постаці і твары якіх адлюстроўваюць смутак і боль. А ў цэнтры — скульптура ляжачага мужчыны, якая, здаецца, вырастае з самой зямлі. Далей стаіць велізарны валун з бронзавай лічбай 800 — менавіта столькі чалавек закатавалі тут гітлераўцы — і мемарыяльнай таблічкай з надпісам на беларускай і італьянскай мовах: «На гэтым месцы ў 1944 годзе нямецка-нацысцкімі акупантамі былі расстраляны 600 жыхароў Рэспублікі Беларусь і 200 ваеннапалонных італьянцаў». За ім — крыж з польскамоўным надпісам «Jezu, ufam Tobie» («Езу, спадзяюся на Цябе»).

Літаратура

  • Магіла італьянскіх вайскоўцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 253.
  • Мемарыяльны комплекс «Ходараўка» // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. — Мінск : Беларусь, 2009. — С. 165—169.
  • Ходараўская трагедыя // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 292—294.