Лепельскі раён

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Лепельскі раён
Сцяг Герб
Сцяг Герб
Краіна Беларусь
Уваходзіць у Віцебская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Лепель
Кіраўнік Міхаіл Леанідавіч Кісялевіч[d]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 62,88 %, руская 35,7 %
Размаўляюць дома: беларуская 32,74 %, руская 64,84 %[1]
Насельніцтва (2009)
35 367 чал,[1] (4-е месца)
Шчыльнасць 19,41 чал./км² (3-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 89,55 %,
рускія — 7,79 %,
украінцы — 1,64 %,
іншыя — 1,02 %[1]
Плошча 1 822,22[2] км²
(10-е месца)
Лепельскі раён на карце
Афіцыйны сайт
Commons-logo.svg Лепельскі раён на Вікісховішчы

Лепельскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці. Раён размешчаны на поўдні Віцебскай вобласці. Мяжуе з 4 раёнамі Віцебскай вобласці: Бешанковіцкім, Докшыцкім, Ушацкім, Чашніцкім, і 2 раёнамі Мінскай вобласці: Барысаўскім і Лагойскім.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Утвораны 17 чэрвеня 1924 года ў складзе Барысаўскай акругі. У 1927 годзе раён перададзены Полацкай, а 21 чэрвеня 1935 года — Лепельскай акрузе. 20 лютага 1938 года ўвайшоў у склад Віцебскай вобласці.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паверхня раёна пласкахвалістая. Паўднёва-заходняя частка знаходзіцца ў межах Верхнебярэзінскай нізіны, на паўночным захадзе Пышнагорскае ўзвышша, на паўднёвым усходзе Лукомскае ўзвышша. Найвышэйшы пункт 279 м (за 6 км на паўночны ўсход ад вёскі Новыя Валосавічы), найбольш нізкі пункт 136 м (урэз ракі Ула на ўсход).

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага (паўночна-ўсходняга), сожскага, дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў магутнасцю ад 80-120 да 170 м; ніжэй дэвонскія да 130 м, верхне-пратэразойскія да 300 м адклады. Асноўнымі мінеральна-сыравіннымі рэсурсамі раёна з’яўляюцца торф, сапрапель, гліны, пяскі і пясчана-жвіровыя адклады, мінеральная вада. Шматлікія азёры маюць значныя запасы сапрапелю.

Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярнова-падзолістыя 54,7, дзярнова-падзолістыя забалочаныя 23, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя 8, поймавыя (алювіяльныя) 1,1, тарфяна-балотныя 13,2; паводле механічнага складу (у %): сугліністыя 50,2, супясчаныя 29, пясчаныя 7,6, тарфяныя 13,2.

На тэрыторыі раёна часткова праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў — Бярэзінай і Заходняй Дзвіной. Найбольшыя рэкі Эса з прытокамі Байна, Свядзіца і Бярэшча, УлаБярозаўкай), Зеха, на мяжы з Докшыцкім раёнам — Бярэзіна. На захадзе выток р. Сергуч. У раёне налічваецца 136 азёр. Сярод найбольшых выдзяляюцца: Лепельскае, Окана, Бярэшча, Ворань, Домжарыцкае, Бобрыца, Доўгае, Тэкліц, Астроўна, Пышна, Цеменіца, Какісіна, Дзявочае возера, Чаросава возера і інш.

На тэрыторыі пераважаюць хваёва-шыракалістыя (змешаныя) лясы. Расліннае покрыва па характары ўздзеяння на глебу і іншых прыкметах падраздзяляецца на тры фармацыі: лясную, лугавую, балоцістую. Лясы займаюць 51,3 % ад усёй тэрыторыі раёна. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Натуральныя лугі і паша займаюць трэцюю частку тэрыторыі раёна. Пераважаюць нізінныя заліўныя лугі. Лугі і паша з’яўляюцца прыроднымі кармавымі ўгоддзямі.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 228 населеных пунктаў.

Колькасць насельніцтва:

2006 — 39,5 тыс.
2010 — 35,3 тыс.

Буйныя населеныя пункты Лепельскага раёна: в. Баброва, в. Бароўка, в. Валосавічы, в. Грыгаравічы, вёска Домжарыцы, в. Камень, в. Лядна, в. Матырына, в. Поўсвіж, в. Слабада, в. Суша. Аграгарадкі: Вялікі Поўсвіж, Камень, Старое Лядна, Стаі, Чарэйшчына[3].

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Падзяляецца на 10 сельскіх саветаў: Баброўскі, Бароўскі, Валосавіцкі, Горскі, Домжарыцкі, Каменскі, Лепельскі, Пышнянскі, Слабадскі, Стайскі.

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Сельскагаспадарчая вытворчасць з’яўляецца адной з вядучых галін раёна як па аб’ёме вырабленай прадукцыі, так і па колькасці занятага працаздольнага насельніцтва. Сельскагаспадарчай вытворчасцю займаюцца 14 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, Віцебская абласная дзяржаўная сортавыпрабавальная станцыя, падсобныя гаспадаркі УА «Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй» і Мінскі завод шасцярэнь і інш. Спецыялізацыяй гаспадарак з’яўляецца вытворчасць малака і мяса буйной рагатай жывёлы з развіццём вытворчасці зерня і льнаводствам у раслінаводстве. Дамінуючае палажэнне ў структуры пасяўных плошчаў раёна займаюць збожжавыя.

У прамысловым комплексе раёна працуюць звыш 1,7 тыс. чал. Буйнейшымі прадпрыемствамі з’яўляюцца: ААТ «Малочнакансервавы камбінат» (выпускае масла, цэльнамалочную прадукцыю, сухое малако, каўбасныя вырабы, мясныя кансервы); КУПП «Прамшвеймэбля» (асноўная прадукцыя — кухонная мэбля і спецвопратка); РУСГВП «Лепельскі вопытны рамонтна-механічны завод» (выпускае абсталяванне для птушкафабрык, каробкі перамены перадач для трактара К-700, рамонтную прадукцыю для сельскай гаспадаркі); ДРУП «Лепельскі электрамеханічны завод» (вытворчасць шасцерань, ГНП з дрэва); КУП «Лепельскі камбікармовы завод», філіял РУП «Віцебскхлебпрам» Лепельскі хлебазавод", ДЛУ «Лепельскі лясгас», УП «Каапнарыхтпрам», ААТ «Лепельскі ільнозавод».

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка Орша—Лепель. Аўтамабільныя дарогі МінскВіцебск, Лепель—Полацк, Орша—Лепель, Лепель—Ула, Докшыцы—Лепель—Чашнікі, Лепель—Ушачы.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

  • Царква Нараджэння Хрыстова ў Лепелі
  • Царква ў імя Святога Велікамучаніка Георгія Перамоганосца ў Лепелі
  • Свята-Петрапаўлаўская царква ў в. Грыгаравічы
  • Свята-Мікалаеўская царква ў в. Макараўшчына
  • Касцёл Святога Казіміра ў Лепелі
  • Сядзіба і парк у в. Фатынь (кан. 19 — пач. 20 ст.)
  • Помнікі савецкім воінам і партызанам
  • Цар-дуб у в. Тадуліна, узрост якога 400 гадоў

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лепельскі раён // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 134—137.
  • Лепельскі раён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал. : Г. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1984. — Т. 3. — С. 156—157.
  • Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш]. — Мн., 1999. — 640 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]