Перайсці да зместу

Іаан Кармянскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іаан Кармянскі
Свецкае імя Іван Іванавіч Гашкевіч
Дата нараджэння 20 кастрычніка 1837(1837-10-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 1917
Месца смерці
Шануецца мясцовашанаваны
Услаўлены 31 мая 1998
У ліку праведнага
Галоўная святыня Свята-Пакроўская царква, аграгарадок Карма
Дзень памяці 31 мая, 9 верасня

Іаан Кармянскі (у свеце: Іван Іванавіч Гашкевіч; 20 (7) кастрычніка 1837, Стрэшын, Рагачоўскі павет, Магілёўская губерня — 1917, Агародня Гомельская, Гомельскі павет, Магілёўская губерня, Расійская імперыя) — протаіерэй, кананізаваны Беларускай праваслаўнай царквой у ліку праведных. Уваходзіць у Сабор беларускіх святых.

Прадстаўнік беларускай галіны ўкраінскага святарскага роду, які паходзіў з Гетманшчыны. Бацька — Іван Іванавіч Гашкевіч — служыў у стрэшынскай Пакроўскай царкве. Маці — Марыя Іосіфаўна. Іван меў братоў Мікаля і Льва, якія таксама сталі святарамі, і сястру Ганну. Быў далёкім сваяком Іосіфа Антонавіча Гашкевіча[1].

Скончыў царкоўна-прыходскую школу, гімназію і Магілёўскую духоўную семінарыю (1859). У тым жа годзе пачаў служыць псаломшчыкам у царкве вёскі Агародні Гомельскай. 24 лютага 1862 года быў пасвечаны ў іерэя і накіраваны ў вёску Шарсцін Рагачоўскага павета на пасаду настаяцеля мясцовага храма.

У 1876 годзе стаў настаяцелем прыхода Свята-Мікалаеўскай царквы ў Агародні Кармянскай. Прыклаў шмат намаганняў па добраўпарадкаванні храма, умацаванні духоўнасці сярод жыхароў. У 1885 годзе наведаў Кіева-Пячэрскую лаўру, пасля чаго стаў весці манаскі лад жыцця. У 1893 годзе быў прызначаны духоўным следчым у благачынні і абраны сябрам благачыннай рады[2].

Ва ўзросце 70 гадоў быў пасвечаны ў протаіерэя, а праз пяць гадоў пакінуў служэнне ў царкве па ўзросце. Ёсць меркаванне, што ў канцы жыцця Іаан Кармянскі атрымаў дар вылечвання, цудатворства і празорлівасці[3].

Памёр увосень 1917 года і быў пахаваны ў Агародненскай царкве, па правым баку ад алтара. Незадоўга да смерці айцец Іаан прадказаў: «Будуць скакаць на мне, ды труна будзе моцнай». Так і адбылося — у канцы 1950-х гадоў храм спалілі, а руіны разам з надмагіллямі згрэблі і вывезлі. На месцы царквы ўладкавалі футбольнае поле і танцавальную пляцоўку[2].

У 1991 годзе настаяцель кармянскага праваслаўнага прыхода айцец Сцяфан вырашыў адшукаць месца пахавання святара. Расчышчаючы падмуркі алтарнай часткі колішняга храма, ён выявіў магілы двух святароў: Іаана Кармянскага і яго сына Міхаіла. Цела апошняга цалкам спарахнела, аднак парэшткі святога толькі часткова падвергліся тленню[4].

Мошчы айца Іаана былі перанесены ў Пакроўскую царкву вёскі Карма Добрушскага раёна, апрануты ў новае адзенне і пакладзены ў мармуровую труну. Тады ж была створана адмысловая камісія з трох свяшчэннікаў, якая засведчыла нятленнасць мошчаў святога[3].

9 верасня 1997 года рашэннем Сінода Беларускай праваслаўнай царквы мошчы былі пастаўлены ў храме для пакланення. У 1998 годзе адбылася кананізацыя Іаана Кармянскага ў ліку праведных як мясцовашанаванага святога Беларускай праваслаўнай царквы, ён быў далучаны да Сабора беларускіх святых[5].

Памяць святога ўшаноўваецца двойчы на год: 31 мая і 9 верасня. У шматлікіх беларускіх цэрквах захоўваюцца абразы і часцінкі мошчаў праведнага[2].

Архіепіскап Сцяфан побач з мошчамі Іаана Кармянскага.

Храмы ў гонар Іаана Кармянскага дзейнічаюць у Глінянках, Гомелі, Квасоўцы, Малых Лётцах, Мінску (крыптавы храм пры царкве Уваскрасення Хрыстова). 8 жніўня 2000 года ў аграгарадку Карме Добрушскага раёна пры Свята-Пакроўскай царкве быў заснаваны Свята-Іаана-Кармянскі жаночы манастыр.

Жонка — Марыя Піліпаўна Трусевіч, дачка настаяцеля царквы ў Агародні Гомельскай. Сыны — Міхаіл, Ігнацій, Сімяон, Платон і Іаан, дочкі — Таццяна і Ганна.

Зноскі

  1. Костенко А. В. «Гашкевичі», а не «Гошкевичі»: Білоруська гілка відомого українського роду. // Київська навукова суспільнознавча організація. — Київ, 2016. (укр.)
  2. а б в Святы праведны Іаан Кармянскі. — Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора г. Мінска, 18 жніўня 2011. (бел.)
  3. а б Праведны Іаан Кармянскі Архівавана 28 лютага 2020.. — Сайт Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы (бел.)
  4. Дэтэктыўная гісторыя здабыцця мошчаў Іаана Кармянскага. — Sputnik, 31 мая 2017. (бел.)
  5. Сава (Мажука). Іаан Кармянскі. — Праваслаўная энцыклапедыя Т. 24, С. 352—353. 8 жніўня 2015. (руск.)